Чым небяспечная рэйнутрыя і дзе яна расце? Ведаюць навучэнцы гімназіі № 5 Мінска

- 17:42Образование

Кожны чалавек хоць аднойчы ў жыцці задаваў пытанне: «Што гэта за расліна?». Адказ на яго выхаванцам настаўніцы біялогіі гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе Вольгі Стрыжыч дапамагае знайсці дадатак iNaturalist, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— У 2021 г. наша гімназія атрымала статус «Зялёная школа», — расказвае В. Стрыжыч. — Адным з напрамкаў дзейнасці ў межах гэтага праекта з’яўляецца вывучэнне біяразнастайнасці. У сучасным свеце вывучэнне біяразнастайнасці застаецца ўсё яшчэ актуальнай задачай. З даўніх часоў для відавога вызначэння раслін выкарыстоўваюцца атласы-вызначальнікі, якія змяшчаюць выявы раслін, табліцы-ключы і кароткую характарыстыку раслін. Аднак яны не заўсёды побач, ды і работа з імі патрабуе пэўных навыкаў. У лічбавую эпоху з’яўляюцца новыя інструменты фіксацыі назіранняў для натуралістаў і біёлагаў. Для таго каб вызначыць відавую прыналежнасць расліны, сёння існуе больш просты спосаб: выкарыстанне дадатку iNaturalist — сацыяльнай сеткі для прадстаўнікоў грамадзянскай навукі і навукоўцаў-біёлагаў, пабудаванай на ідэі картаграфавання і апісання назіранняў за біяразнастайнасцю Зямлі.

Кожны карыстальнік уносіць свае назіранні, г.зн. інфармацыю пра аўтара, дату, месца знаходкі і магчымую навуковую назву арганізма. Карыстальнікі загружаюць фота- і аўдыяфайлы ў якасці пацвярджальных матэрыялаў. Выявы распазнаюцца нейрасеткай, пабудаванай на мадэлі камп’ютарнага зроку і навучанай на вялікай базе фотаздымкаў самога праекта.

Асаблівае месца ў вывучэнні біялогіі займаюць экскурсіі. Яны развіваюць уменні і навыкі па вывучэнні флоры і фаўны, навыкі правядзення самастойных назіранняў у прыродзе, уменняў даследчай і практычнай дзейнасці. У межах праекта «Зялёная школа» ў верасні 2021 г. быў створаны праект «Юныя натуралісты XXI стагоддзя» ў дадатку iNaturalist з мэтай збору даных аб біяразнастайнасці тэрыторыі гімназіі і ўключэння вучняў у працэс назірання за прыродай. Неўзабаве да лакальнага праекта гімназіі сталі далучацца іншыя ўдзельнікі сеткі iNaturalist. І сёння ў гэты праект уваходзяць 1438 удзельнікаў, якімі вызначана 4404 віды і праведзена 59 053 назіранні.

Як расказала педагог, работа навучэнцаў з iNaturalist складаецца з трох этапаў: падрыхтоўчы, асноўны і заключны. На першым навучэнцы ўстанаўліваюць і праходзяць рэгістрацыю ў дадатку на сваім смартфоне; знаёмяцца з інтэрфейсам; настаўнік паказвае алгарытм работы па вызначэнні раслін. На асноўным этапе навучэнцы самастойна вызначаюць прыродныя назвы раслін, знаёмяцца з іх апісаннем. На заключным кожны навучэнец рыхтуе справаздачу па сваёй рабоце, складае спіс вызначаных відаў раслін. Так, сярод відаў раслін, вызначаных старшакласнікамі, — ледзвянец рагаты, рэйнутрыя японская, фіялка духмяная, будра плюшчападобная, крынічнік чабаралісты.

У межах даследчай дзейнасці навучэнцамі 10-га класа створаны праект «Рэйнутрыя» для вывучэння распаўсюджвання гэтай інвазіўнай расліны ў Мінску і ў Рэспубліцы Беларусь.

— Падчас даследаванняў зялёных насаджэнняў з лістапада 2021 па лістапад 2022 года намі зафіксавана 7 новых месцаў вырастання рэйнутрыі японскай, якія занесены ў iNaturalist. Агульная колькасць месцаў вырастання рэйнутрыі ў Мінску стала 91, прырост склаў 25,2 %. Навучэнцы высветлілі, што пасля механічнага скошвання адбываецца поўнае аднаўленне пабегаў рэйнутрыі. Дзеянне жмыху і воднага экстракту з асенняга лісця рэйнутрыі праяўляе інгібіруючае ўздеянне на колькасць і хуткасць усходжасці насення, у той час як экстракт вясенняга лісця паказаў стымулюючае дзеянне. Зыходзячы з праробленага, лічым, што для зніжэння рызыкі экспансіі рэйнутрыі японскай неабходна ў першую чаргу інфармаваць насельніцтва аб пагрозах гэтага віду з забаронай на вырошчванне і арганізаваць скошванне вядомых зараснікаў у вясенні перыяд для стрымлівання разрастання. Аднак гэта не дазволіць ажыццявіць поўную ліквідацыю расліны, — адзначае В. Стрыжыч.

Акрамя гэтага, навучэнцы самастойна выкарыстоўваюць дадатак iNaturalist падчас прагулак з бацькамі або сябрамі, паездак у розныя куткі нашай краіны. Напрыканцы навучальнага года падводзяцца вынікі, выяўляецца пераможца, які сфатаграфаваў найбольшую колькасць разнастайных відаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва педагога