Чыстае мастацтва

- 10:31Культура

Спектакль “Будзем жыць” расказвае гісторыю аднакласнікаў, якія скончылі школу напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Перажыць іх эмоцыі і пачуцці паспрабавалі навучэнцы бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Мінскага раёна. 

Тры гады назад Таццяна Леанідаўна Гражэўская паставіла музычны спектакль “Аб той вайне”, у якім “на падтанцоўцы” выступілі шасцікласнікі. Тады дзеці ўзялі з яе слова, што калі падрастуць, то ста­нуць асноўнымі ­ўдзельнікамі яе наступнай пастаноўкі. На жаль, планы аб маштабным спектаклі прыйшлося надоўга адкласці з-за пандэміі, але пачуццё недагаворанасці, нявыкананага абавязку трымцела на ўскрайку памяці. У гэтым годзе дзеці зноў нагадалі аб даўняй дамоўленасці: “Вы ж абяцалі, ну давайце паспрабуем”…

Работа чакала вельмі складаная, я і не спадзявалася, што дзявяты клас з ёй справіцца, што ў мяне атрымаецца сабраць вялікую трупу. Таму спачатку вырашыла зрабіць маленькую пастановачку, не замахвацца на грандыёзныя задачы. Але пагля­дзела, як выкладваюцца дзеці, якое ў іх апантанае жаданне працаваць, як яны ўпарта вытрымліваюць і трох-, і чатырох-, і пяціга­дзінныя рэпетыцыі, і зразумела, што з такімі артыстамі можна зрабіць усё што заўгодна, — узгадвае Таццяна Леанідаўна.

Яна вырашыла нічым не абмяжоўваць ні сябе, ні вучняў. І села за новы сцэнарый. Спектакль “Бу­дзем жыць” расказвае гісторыю аднакласнікаў, якія скончылі школу напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Лёс раскідаў каго куды. Нехта апынуўся у блакадным Ленінградзе, ­нехта — на фронце. Іх маленькія брацікі і сястрычкі трапілі ў дзіцячы дом. У сярэдзіне вайны былыя школьнікі сустракаюцца ў адной лётнай эскадрыллі, успамінаюць свой дом, выпускны баль. Вечар сустрэчы раптам перарываецца боем, у якім усе гінуць. 

— У фінале гучаць званы і чуецца голас маці, якая чакае свайго сына. Гэта зборны вобраз усіх жанчын, якія страцілі дзяцей падчас вой­наў, якія вымушаны былі жыць у невядомасці, жыць адной надзеяй на хуткую сустрэчу. Трымаючы ў руках пахавальную, кожная з іх спадзявалася, што атрымала яе памылкова. Што аднойчы па радыё пастаўлены голас дыктара абвесціць: “Ваш сын жывы”. І ў гэты момант маналог маці абрываецца, праз радыёперашкоды раздаецца гучнае: “Усе жывыя: нашай памяццю, любоўю, болем…”, а ў руках кожнага, хто ля­жыць на сцэне, запальваецца маленькая свечка, — расказвае Таццяна Леанідаўна. 

Спачатку спектакль меў іншы фінал. Тры гады назад, калі асноўны акцёрскі склад вучыўся ў 6 класе, героі пастаноўкі заставаліся ў жывых.

У сцэне выпускнога вечара, калі дзеці развітваюцца са школай і сустракаюць світанне, яны дзеляцца планамі на жыццё. Нехта марыць стаць мастаком, вучоным, паэтам, нехта пераконвае, што краіне патрэбны рабочыя рукі: земляробаў, будаўнікоў. Адна з выпускніц не вытрымлівае спрэчак і ўсклікае: “Ціха, ціха, у нас наперадзе ўсё жыццё. Хто кім захоча, той тым і стане”.

Але прайшоў час, я шмат працавала ў архівах, сустракалася са сведкамі вайны, чытала пахавальныя і лісты з фронту, і ідэя спектакля змянілася, — тлума­чыць Таццяна Леанідаўна. — Часта на ўроках, дзелячыся з вучнямі гісторыямі сведак вайны, я задаю пытанне: “Для чаго нам пра гэта памятаць?” Звычайна чую дзяжурныя адказы: “Таму што гэта гісторыя краіны, урок нашчадкам…” Зразумела: дзецям не хапае жыццёвага вопыту, каб успрымаць гісторыю інакш, чым параграфы ў падручніку… Я стараюся растлума­чыць вучням: тыя, хто рабаваў, гвалтаваў, спальваў людзей, амаль усе яны былі псіхічна здаровымі людзьмі. Аднак вайна стварае асаб­лівую глебу, каб тыя людзі, якія ў штодзённым жыцці хаваюць сваю агрэсію, праявілі яе. Сваім спектаклем мы паказалі толькі цывілізаваны бок вайны: у ім шмат алегорый, іншасказанняў, музыкі, у ім мала­досць, прыга­жосць і Вялікая Перамога. І ўсё ж хлопец з класа, за кім апошнім прыходзіць смерць і дае яму права выбару — застацца жыць ці не, выбірае небыццё. Таму што разумее: калі ён застанецца, яму прый­дзецца змагацца з бясконцым болем, непаразуменнем і пачуццём віны ад страты ўсіх, каго ён ведаў. Ваенныя шрамы не зацягваюцца з перамогай, яны працягваюць балець.

У спектаклі амаль не выкарыстоўваю­цца дэкарацыі. Увесь рэквізіт складаюць некалькі табурэтак і лялька з анучак, якую педагог пашыла сама. Эмацыянальнае напружанне дасягаецца толькі сродкамі чыстага мастацтва: за кошт выразных танцавальных пастановак, закадравага тэксту і светлавых спец­эфектаў.

Гэтым спектаклем мы аддалі даніну памяці сваім родным. Кожны з вучняў на сцэне павінен быў назваць свайго героя. І ўсе яны ўзялі імёны сваіх прадзядуляў і прабабуль, быццам на кароткі момант вярнулі іх да жыцця: пакуль мы памятаем, ганарымся і любім — усе жывыя…

Тыя сукенкі, што іміту­юць убранні 40-х гадоў, дзяўчаты прыносілі з дому. Педагог толькі крыху дапоўніла іх каўнярамі і манжэтамі. Пілоткі і форму для хлопчыкаў школьнікам пазычыла Ваенная акадэмія. Усе астатнія касцюмы: лётную форму для дзяўчат, паласатыя піжамы вязняў канцлагераў, убранне смерці, што прыхо­дзіць за апошнім героем, Таццяна Леанідаўна шыла сама: 

— Я не магу інакш, не магу працаваць напаўсілы: усё альбо нічога, або рабіць, або не. Я шмат думала над спецэфектамі. У нашай школе цудоўнае светлавое абсталяванне, ёсць дымавая машына, таму, ставячы спектакль, зыходзіла з тых сродкаў выразнасці, якімі мы валодаем, разважала, як іх можна выкарыстаць і абыг­раць. Напрыклад, у сцэне сустрэчы выпускнікоў, калі дзяўчаты і хлопцы наладжваюць імправізаваную вечарыну, радуюцца таму, што ўсе жывыя, смяюцца і спяваюць, яны збіраюцца ў вялікі карагод. Раптам карагод разрываецца гукам выбуху, мільгае чырвонае святло, рухі танцораў становяцца павольнымі і маруднымі — ствараецца эфект запаволенай здымкі. Дзеці закрываюць адно аднаго ад куль і па чарзе падаюць. На сцэну апускаецца цемра, ні агеньчыка, сярод непрагляднай цемнаты загараецца адзін маленькі ліхтарык, які трымае ў руках сама смерць. Яна павольна ходзіць па полі бою, шукаючы тых, хто застаўся ў жывых.

Эфект ад спектакля ашаламляльны, юныя гледачы, дзякуючы за спектакль, прызнаюцца: “Каб вы ведалі, як мы зайздросцім тым, хто на сцэне!” Нават мужчыны выціра­юць вочы. Спачатку педагог думала: баць­кі расчуленыя, таму што на сцэне іх дзеці. Але і прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, якія дапамагалі знайсці форму для хлопчыкаў, і мужчыны-настаўнікі прызнаваліся, што ім было складана справіцца з эмоцыямі і стрымаць слёзы.

— Я таксама шмат плакала, калі рыхтавала сцэнарый: над лістамі з фронту, над пахавальнымі, гісторыямі сведкаў вайны. Але пры дзецях я старалася трымаць сябе ў руках, выпла­каць усё дома, не хацела іх пало­хаць. Я ж дарослы чалавек і адчуваю адпаведна, а мне трэба было зразумець, што адчуваюць яны, — працягвае педагог. — І, ведаеце, яны зрабілі немагчымае! Не сыгралі, а пражылі свае ролі. Без іх старанняў, намаганняў і таленту нічога б не атрымалася. Іх не трэба ўгаворваць, маўляў, давайце зробім вось так, яны самі за мной ­ідуць, слепа давяраючы. І гэта дарагога варта. І да многага абавязвае.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва школы.