Чытацкі вопыт і пісьменнасць

- 9:29Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Багаты чытацкі вопыт, кругагляд і высокі ўзровень пісьменнасці прадэманстравалі ўдзельнікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. 

У спаборніцтвах, якія прахо­дзілі ў Магілёве на базе абласнога ІРА, удзельнічалі 116 вучняў 9—11 класаў. Традыцыйна школьнікі выконвалі два віды заданняў: водгук на мастацкі твор і комплексную работу па беларускай мове і літаратуры.

— Найбольш цяжкім было напісаць водгук на мастацкі твор. Гэта творчая работа, пры напісанні якой трэба было праявіць не толькі ўменне аналізаваць мастацкі тэкст, але і культуру пісьмовага маўлення, крэатыўнасць, — адзначыла старшыня журы Вольга Зелянко, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце НІА.  

Сёлета адзначаецца 140-гадовы юбілей класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таму ў 11 класе для водгуку быў узяты верш Янкі Купалы “Груша” (прыклад філасофскай, або медытатыўнай, лірыкі). З нагоды Года гістарычнай памяці вучні 9 і 10 класа пісалі адпаведна водгук на верш “Усім сказаць: была, была бамбёжка…” Міхася Стральцова, прысвечаны Аляксею Пысіну, на тэму Вялікай Айчыннай вайны, і празаічны твор Міхася Стральцова “Роздум”, прысвечаны Р.Барадуліну, аб тым, як шкада развітвацца з маленствам, як трывожна за маладую сталасць. 

Журы было ўражана многімі вучнёўскімі работамі. Боль­шасць адзі­наццацікласнікаў правільна зразумелі і вызначылі тэму, ідэю і кола праблем верша Янкі Купалы “Груша”, абгрунтавалі аўтарскую пазіцыю і да таго ж прадэманстравалі багаты чытацкі вопыт, кругагляд, пісьменнасць. Яны не проста называлі выяўленчыя сродкі, але і давалі іх інтэрпрэтацыю, тлумачылі, якую ролю яны выконваюць у тэксце. У работах школьнікаў мы сустракалі паралелі з творамі іншых аўтараў, іх арыгінальную трактоўку.  

Цікавай была комплексная работа, якая складалася з 10 заданняў (7 па мове і 3 па літаратуры). У кожным класе адно з заданняў прадугледжвала аналіз мовы твораў Янкі Купалы. У вершах былі вылучаны складаныя словы — аўтарскія неа­лагізмы, і вучням прапаноўвалася вызначыць спосаб іх утварэння. Яшчэ адно з заданняў было звязана з рэдагаваннем тэксту гістарычнай тэматыкі, які нібыта быў сапсаваны вірусам. Рэдактар выканаў толькі лексічную, арфаграфічную і пунктуацыйную праўку, а сінтаксічную не паспеў, што і павінны былі зра­біць вучні. Прапаноўвалася і традыцыйнае складанае заданне на пераклад тэксту (таксама гістарычнай тэматыкі) з рускай мовы на беларускую.  

Найбольшую колькасць балаў набралі Дар’я Кавальская, вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 14 імя Я.М.Фаміна Брэста; Лізавета Казлова, вучаніца 10 класа Глыбачанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна Віцебскай вобласці (спецыяльны прыз міністра адукацыі); Марыя Батурына, вучаніца 10 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны; Марыя Лопан, вучаніца 11 класа гімназіі № 1 Ліды.

Заданні па літаратуры былі накіраваны ў тым ліку на дыягнаставанне ўзроўню функцыянальнай адукаванасці вучняў. Напрыклад, у 11 класе даваліся азначэнні пэўных тэрмінаў ці паняццяў, звязаных з літаратурай ці літаратурным пра­цэ­сам. Вучні вызначалі, пра які тэрмін ці паняцце ідзе гаворка, і суадносілі тэрмін з прапанаванымі малюнкамі. Адзін з паказчыкаў функцыянальнай адукаванасці — развіццё крытычнага мыслення, уменне адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад фэйкаў. Так, прыводзіўся шэраг фактаў аб жыцці і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, а школьнікам трэба было вызначыць, ці праўдзівыя гэтыя факты. Арыгінальнымі былі заданні, звязаныя з аналізам прапанаванай назвы паэтычнага зборніка. 

Найбольшую колькасць балаў у 11 класе набрала Марыя Лопан, вучаніца гімназіі № 1 Ліды.

— У пачатковай школе я ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове, а пасля так адбылося, што трапіла на алімпіяду па беларускай мове, — згадвае  дзяўчына. — З таго моманту пачала захапляцца нашай роднай мілагучнай мовай. Любоў да яе прыйшла праз творчасць беларускіх пісьменнікаў. Чытаю, калі ёсць вольны час, асабліва летам. Самыя любімыя аўтары — Уладзімір Караткевіч, падабаецца яго проза, і Васіль Быкаў за яго надзвычай эмацыянальныя творы пра вайну. Творчасць пісьмен­нікаў ацэньваю праз факты іх бія­графіі.

Заўсёды падтрымлівала мяне і рыхтавала да спаборніцтваў настаўніца гімназіі Таццяна Пільчук. У мінулым годзе я атрымала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскай алімпіядзе. У будучыні бачу сябе перакладчыкам, бо люблю выву­чаць розныя мовы. Маю схільнасці
да творчасці. Скончыла Лідскую дзіцячую школу мастацтваў, іграю на фартэпіяна. Перамагла ў Рэс­публіканскім фестывалі-конкурсе “ЛьВёнок” (Лідскі вянок) у намінацыі “Сольнае выканальніцтва”.   

Надзея ЦЕРАХАВА.