Чытацкія кампетэнцыі — з малодшага школьнага ўзросту

- 12:15Адукацыйная прастора

У век інфармацыйных тэхналогій роля кнігі істотна змянілася, любоў да чытання падае. Дзеці аддаюць перавагу тэлебачанню, відэапрадукцыі, камп’ютару, гаджэтам. А калі вучань чытае толькі па неабходнасці, прымушаючы сябе, то гэта не толькі не садзейнічае фарміраванню яго чытацкага вопыту, але паступова перакрэслівае ўсё раней дасягнутае і адбівае ахвоту займацца чытаннем у такой ступені, каб выкарыстоўваць яго як адзін з найбольш удалых і правераных сродкаў навучання.

Вырашаць праблему падзення чытацкага інтарэсу педагогам пачатковай школы № 103 Фрунзенскага раёна сталіцы, якую ўзначальвае Марына Аляксандраўна Макарэвіч, дапамагае сістэма работы, якая склалася ва ўстанове. Перад педагогамі стаіць задача вярнуць кнігу навучэнцам, сфарміраваць актыўны чытацкі інтарэс да дастойнай увагі літаратуры, а таксама навучыць школьнікаў працаваць з інфармацыяй і выкарыстоўваць яе ў сваіх мэтах.

Нікому любоў да кнігі не давалася з нараджэння. Так не бывае, каб дзіця, прыйшоўшы ў школу, авалодала тэхнікай чытання, палюбіла кнігу настолькі, каб яна ўвайшла ў яго жыццё, а самастойнае чытанне стала цікавым. Спецыялісты называюць розныя прычыны спаду чытацкай актыўнасці: узмацненне сродкаў масавай інфармацыі (чытанне кніг замяняецца шматгадзінным сядзеннем перад тэлевізарам, камп’ютарам); рэзкае змяненне грамадскага жыцця такім чынам, што колькасць нядобранадзейных сем’яў, дзе бацькі мала зацікаўлены ў выхаванні дзіцяці, вырасла; змяненне пазіцыі дарослага да сумеснай чытацкай дзейнасці з дзецьмі (скарачаецца чытанне дарослым дзіцяці, тым самым парушаецца сістэматычныя і паўнацэнныя зносіны з разнастайнымі кнігамі; характэрны такія выказванні мам, татаў, бабуль, як “Ты цяпер дарослы, чытай сам!” і інш.); адсутнасць сістэмы мэтанакіраванага фарміравання чытацкай дзейнасці школьнікаў.

Даследаванні, якія былі праведзены Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва, паказалі, што толькі 40,3% навучэнцаў ва ўзросце 7—10 гадоў захапляюцца чытаннем. Вынікі маніторынгу якасці агульнай сярэдняй адукацыі ў 2013/2014 навучальным годзе, праведзенага НІА, паказалі, што больш за палову навучэнцаў 5-х класаў не валодае чытаннем у такой ступені, каб выкарыстоўваць яго як сродак далейшага паспяховага навучання.

— Над праблемай фарміравання чытацкай дасведчанасці малодшых школьнікаў мы працавалі заўсёды. Яна не новая, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Міхайлаўна Молчан.— Проста ў апошні час у свеце айчынных і міжнародных даследаванняў яна набыла новае гучанне. Наша работа вядзецца па такіх напрамках, як сістэма ўрочнай дзейнасці, пазакласная работа, работа з сям’ёй і работа з сацыякультурнымі ўстановамі. Выдзяляецца чатыры этапы фарміравання чытацкай дасведчанасці. Падрыхтоўчы этап (1 клас). Задача настаўніка — абудзіць інтарэс да кнігі, даць дзіцяці зразумець, што чытаць — гэта добра, важна, развіваць вучэбна-пазнавальныя матывы шляхам гутаркі, дыскусіі. Другі этап — пачатковы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю аператыўнай памяці. Мы гаворым і аб хуткасці чытання, і аб адпрацоўцы навыку чытання, выкарыстоўваючы розныя прыёмы, вучым выбіраць кнігу, пачынаюцца першыя спробы аналізу прачытанага, вучні вядуць чытацкія дзённікі, для іх арганізоўваюцца выставы. Трэці этап — асноўны. Адбываецца фарміраванне ўдумлівага, свядомага чытача. Асноўны акцэнт робіцца на работу з тэкстам, калі дзіця павінна знаходзіць вобразы, характарызаваць іх, даваць сваю ацэнку. І заключны этап — фарміраванне чытацкіх інтарэсаў, пераваг, умення працаваць з любой літаратурай. На гэтым этапе пашыраецца чытацкі кругагляд. Да канца 4 класа мы павінны навучыць дзіця знаходзіць патрэбную інфармацыю, разважаць над прачытаным, даваць яму ацэнку і працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. Гэта тая асноўная мэта, да якой мы ідзём чатыры гады.

Педагогі пачатковай школы фарміруюць цікавасць да чытання на ўроках праз выкарыстанне элементаў розных тэхналогій навучання: тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, прыёмы якой эфектыўныя для развіцця аналітычных здольнасцей навучэнцаў, умення вылучыць галоўнае, абагульняць, сістэматызаваць; праблемнага навучання; мнагамерных дыдактычных адзінак (інтэлект-карты), гульнявыя тэхналогіі. Настаўніца пачатковых класаў Таццяна Міхайлаўна Цельпук, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў, прымяняе ў рабоце са сваімі выхаванцамі дзейнасны падыход. Схемы, карткі, колеравыя лінейкі педагог суадносіць з эмоцыямі дзіцяці. Усё гэта выкарыстоўваецца для таго, каб вучань змог запомніць змест твора з дапамогай пэўных вобразаў. Пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў праходзяць у практычнай форме, звычайна педагогі дзеляцца вопытам са сваімі калегамі, праводзяць для іх майстар-класы.

Фарміраванне чытацкай дасведчанасці адбываецца не толькі на ўроках літаратурнага чытання. Шмат гадоў школа супрацоўнічае з раённай бібліятэкай. Настаўнікі часта праводзяць на яе базе ўрокі пазакласнага чытання. Вельмі шчыльна з бібліятэкай працуюць выхавальнікі. У мерапрыемствах, якія праводзіць бібліятэка, вучні школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі.

Штогод у школе ладзіцца тыдзень чытача, які часцей за ўсё прымяркоўваецца да якога-небудзь віду кантролю (летась, напрыклад, быў праведзены франтальны кантроль па літаратурным чытанні). Тыдзень уключаў конкурс малюнкаў “Героі любімых кніг”, аперацыю “Збяры бібліятэку для ГПД”, рэйд “Беражыце кнігу”, па паралелях былі праведзены мерапрыемствы: у 1-х класах — конкурсная праграма “У свеце казак”, у 2-х класах — віктарына “Кнігі — лепшыя сябры”, у 3-х класах — інтэлектуальная гульня-конкурс “Чытач года”, у 4-х класах — сустрэча з дзіцячым беларускім пісьменнікам В.Квілорыя.

— Франтальны кантроль паказаў, што ўсе педагогі разумеюць важнасць фарміравання чытацкай кампетэнтнасці вучняў, выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі і вялікае значэнне надаюць фарміраванню агульнавучэбных уменняў і навыкаў, у прыватнасці ўменню працаваць з рознымі крыніцамі літаратуры. Цяжкасці ў вучняў выклікаюць складанне плана свайго адказу, пераказ твора, напісанне нататак у газету, — заўважае Ірына Міхайлаўна.

Настаўніца пачатковых класаў Фаіна Уладзіміраўна Сушко супрацоўнічае з выхавальнікам групы прадоўжанага дня Кацярынай Рамуальдаўнай Абражэй. У 2013 годзе педагогі сталі аўтарамі-складальнікамі “Зборніка вуснай народнай творчасці”, які выйшаў у серыі “Школьная бібліятэка”.

Кацярына Рамуальдаўна адаптавала да дзяцей малодшага школьнага ўзросту інтэлект-карты Тоні Б’юзана (інтэлект-карта — спосаб прадастаўлення любога працэсу ці падзеі, думкі ці ідэі ў комплекснай, сістэматызаванай візуальнай (графічнай) форме) і ўкараніла іх у практыку работы з дзецьмі ў другой палове дня. Выхавальнік зацікавіла гэтым настаўніка, якая таксама працуе з інтэлект-картамі.

— Мы абмяркоўваем нашу дзейнасць, вывучаем дзяцей і плануем, якія акцэнты неабходна зрабіць у рабоце з імі ў першай і другой палове дня, — адзначае Кацярына Рамуальдаўна. — Для навучання ўсвядомленаму чытанню важна сфарміраваць у дзяцей малодшага школьнага ўзросту чытацкія ўменні, якія забяспечваюць аналітычную і ацэначную работу над тэкстам, а таксама разуменне прачытанага самастойна. Удзельнічаючы ў пабудове і прымяняючы інтэлект-карты, навучэнцы вучацца выбіраць, структураваць і запамінаць ключавую інфармацыю, а таксама ўзнаўляць і дапаўняць яе. Інтэлект-карты дапамагаюць развіваць мысленне, памяць, увагу, маўленне, а таксама зрабіць працэс адукацыі больш цікавым, займальным і прадукцыйным.

Работа, накіраваная на фарміраванне цікавасці да чытання праз інтэлект-карты, умоўна падзяляецца на некалькі этапаў: падрыхтоўчы (1 клас), асноўны (2 клас), завяршальны (3 клас). На падрыхтоўчым этапе навучэнцы будуюць інтэлект-карту, адштурхоўваючыся ад асноўнага паняцця і знаходзячы ключавыя словы-асацыяцыі (асацыятыўны рад 1-га парадку) і вобразы-асацыяцыі. На асноўным этапе дзеці будуюць інтэлект-карту, знаходзячы і фіксуючы ў словах і вобразах цэнтральны вобраз, ключавыя паняцці-асацыяцыі 1-га і 2-га парадку. На заключным этапе навучэнцы ствараюць інтэлект-карту, адштурхоўваючыся ад цэнтральнага вобраза, і праз ключавыя асацыяцыі-паняцці 1-га парадку, асацыятыўны рад 2-га парадку знаходзяць асацыяцыі 3-га парадку, а таксама ўзаемасувязі паміж асацыяцыямі.

Фарміраванне і замацаванне ўмення ствараць інтэлект-карты праводзіцца паслядоўна на кожным этапе праз франтальную, групавую работу, затым работу ў парах, у парах зменнага складу, з пераходам на індывідуальную самастойную работу.

Такая дзейнасць выходзіць за межы заняткаў. Работу з інтэлект-картамі Ф.У.Сушко выкарыстоўвае не толькі на літаратурным чытанні, а і на занятках па курсе “Мая Радзіма — Беларусь”, калі інфармацыя 3—4 параграфаў прапрацоўваецца на адным лістку. Гэта вучыць дзяцей уважліва чытаць, звяртаць увагу на асноўныя моманты, вылучаць галоўнае, другараднае, узаемасувязі. З інтэлект-картамі навучэнцы працягваюць працаваць і дома. Высокаматываваныя пачаткоўцы пераносяць гэты інструмент на іншыя сферы сваёй дзейнасці.

Адным з асноўных прыёмаў асэнсавання інфармацыі з’яўляецца пастаноўка пытанняў да тэксту і пошук адказаў на іх. Эфектыўнымі прыёмамі Ф.У.Сушко лічыць прыёмы развіцця крытычнага мыслення — “Кубік Блума” альбо “Рамонак Блума”. Навучэнцы з задавальненнем вырабляюць рамонак, на кожным з шасці пялёсткаў якога запісваюцца пытанні розных тыпаў. Работа можа быць індывідуальнай, парнай ці групавой. Мэта — з дапамогай 6 пытанняў выйсці на разуменне інфармацыі, якая змяшчаецца ў тэксце, на асэнсаванне аўтарскай пазіцыі. Так, простыя пытанні правяраюць веданне тэксту, удакладняльныя — выводзяць на ўзровень разумення тэксту (“Ці праўда, што…”, “Калі я правільна зразумеў, то…”), тлумачальныя (інтэрпрэтацыйныя) — пачынаюцца са слова “Чаму?”; творчыя пытанні прадугледжваюць сінтэз атрыманай інфармацыі (“Што б адбылося, калі б…?”; “Як склаўся б лёс героя, калі б ён…?”); ацэначныя (“Як вы ставіцеся да…?”, “Што лепш…”), практычныя пытанні (нацэлены на прымяненне, на пошук узаемасувязей паміж тэорыяй і практыкай).

Работа з кубікам Блума дае магчымасць сфармуляваць тэму ўрока і пытанні, якія будуць абмяркоўвацца на занятках. Педагог кідае кубік, а вучань адказвае на пытанне і пачынае свой адказ са слова, якое выпала на грані. Калі адказ даецца няпоўны, то аднакласнікі могуць яго дапоўніць і выправіць. Вучнёўскі адказ дапамагае настаўніку не толькі выявіць узровень пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, але і зрабіць высновы аб эмацыянальным складніку ўрока, высветліць аспекты тэмы, якія выклікаюць цяжкасці ў дзяцей.

Настаўніца пачатковых класаў Алена Уладзіміраўна Івановіч таксама аддае перавагу тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, бо яна арыентавана не толькі на супрацоўніцтва настаўніка і вучня, дзейнасны ўдзел самога навучэнца, а таксама на стварэнне камфортных умоў, якія знімаюць псіхалагічнае напружанне. Тэхналогія дае магчымасць выпрацаваць уменні прагназаваць сітуацыю, назіраць, абагульняць, вылучаць гіпотэзы і ўстанаўліваць сувязі, разважаць па аналогіі і выяўляць прычыны, а таксама прадугледжвае рацыянальны творчы падыход да разгляду любых пытанняў.

— Мяне больш за ўсё хвалюе, каб дзеці не толькі авалодалі навыкам чытання — чыталі хутка, бегла, правільна, каб іх работа была не толькі чыста тэхнічная, але і каб яны ўмелі працаваць з тэкстам, змаглі для сябе атрымаць пэўную інфармацыю, асэнсаваць яе, прымяніць у сваім жыцці. Мы гаворым зараз аб кампетэнтнасным падыходзе — каб дзеці ўсё, пра што даведаліся на ўроках, маглі выкарыстоўваць у жыцці, — адзначае А.У.Івановіч.

Сярод прыёмаў, якія прымяняе настаўніца, — “Тоўстыя і тонкія пытанні” (пытанні, на якія можна даць адназначны адказ і на якія адказаць напэўна немагчыма), “Асацыяцыі”, “Канцэптуальная табліца” (выкарыстоўваецца, калі неабходна правесці параўнанне некалькіх аб’ектаў па некалькіх пытаннях), “Інсерт” (чытанне з паметамі), “Чытанне з прыпынкамі” (настаўніца прыпыняе чытанне, і вучні імкнуцца прадугледзець альбо паразважаць, чаму так ці інакш адбылося).

На думку настаўніцы пачатковых класаў Алены Анатольеўны Сабіч, адным са сродкаў фарміравання навыку чытання на ўроках навучання грамаце з’яўляецца выкарыстанне дыдактычных гульняў. Праўда, іх бессістэмнае прымяненне малаэфектыўнае, таму настаўніца сістэматызавала іх па перыядах навучання: падрыхтоўчы (дабукварны), асноўны (букварны), заключны (паслябукварны).

На другім перыядзе навучэнцы авалодваюць навыкам чытання складоў рознай структуры. У гэтым ім дапамагаюць такія гульні, як “Які склад жыве ў доміку?”, “Жывыя склады”, “З купіны на купіну” (работа са складовай табліцай). Вучні знаёмяцца з асноўнымі знакамі прыпынку ў канцы сказа і вучацца інтанацыйна правільна чытаць сказ (“Прачытай з рознай інтанацыяй”, “Адгадай знак”). У заключным перыядзе дзеці вучацца правільна па складах чытаць невялікія тэксты, захоўваць паўзы пры чытанні, імкнуцца наблізіць тэмп чытання да хуткасці маўлення, вучацца выказваць свае думкі пра прачытанае альбо ўбачанае (гульні “Слова ў слове”, “Рухавыя словы” , “Маланка”, “Чароўныя ланцужкі”).

Практыка сведчыць, што дакладны падбор дыдактычных гульняў садзейнічае фарміраванню чытацкіх уменняў, павышэнню інтарэсу вучняў на ўроку, дапамагае прымяніць атрыманыя веды пры ўдасканаленні навыку чытання ў далейшым.

***

Такая сістэма работы пачатковай школы па прывіцці цікавасці да кнігі і фарміраванні чытацкіх навыкаў малодшых школьнікаў дае станоўчыя вынікі. Вучні школы з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі бібліятэкі. Перайшоўшы ў сярэдняе звяно, яны свабодна знаходзяць патрэбную інфармацыю, параўноўваюць і аналізуюць матэрыял, без асаблівых цяжкасцей складаюць паведамленні і рэфераты. Гэта значна аблягчае вучобу ў старшых класах.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.