Абласны этап Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” — унікальнага па сваіх маштабах мерапрыемства па папулярызацыі чытання сярод дзяцей, адбыўся на Магілёўшчыне.
Як паведамілі ў Абласным цэнтры творчасці, “Жывая класіка” — спаборніцтвы па чытанні ўслых вершаў і празаічных твораў беларускіх і рускіх пісьменнікаў сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Конкурс, прымеркаваны да Дня беларускай пісьменнасці, праводзіўся пад дэвізам “Чытаем многа, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”. Галоўная мэта арганізатараў, якімі выступаюць міністэрствы інфармацыі і адукацыі, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” і Саюз пісьменнікаў Беларусі, — прапаганда чытання сярод дзяцей, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры.
— Нашы школьнікі паказалі высокую цікавасць да чытання. Толькі на раённых турах удзел у конкурсе прынялі звыш 1800 навучэнцаў. Усе гэтыя дзеці праяўляюць сапраўдную любоў да кнігі. Гэта ўсяляе ўпэўненасць, што, нягледзячы на наяўнасць амаль у кожнага сучасных гаджэтаў, дзеці чыталі і будуць чытаць друкаванае слова, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце АЦТ Святлана Рыськова.
На абласны конкурс з’ехаліся юныя чытальнікі з усіх куткоў вобласці. Свае здольнасці да дэкламацыі дэманстравалі 44 вучні з 1 па 11 клас. Дзяўчынкі і хлопчыкі чыталі вершы, урыўкі са сваіх любімых літаратурных твораў. Адметна, што выбар дзяцей адрозніваўся шырокай разнастайнасцю. На конкурсе давялося паслухаць выступленні па апавяданнях і вершах такіх аўтараў, як М.Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, У.Караткевіч, І.Крылоў, У.Маякоўскі і інш. Уражвала прысутных і тое, як дзеці спраўляліся з хваляваннем перад вялікай публікай, як яны ўмела раскрывалі эмоцыі, схаваныя пісьменнікамі паміж радкоў. Было бачна, што канкурсанты на самай справе захоплены чытаннем.
— Я наведваю бібліятэку амаль кожны дзень. З задавальненнем чытаю розныя кнігі. Гэта дазваляе значна пашырыць эрудыцыю і кругагляд, — расказала вучаніца Хонаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна Дзіяна Папейка.
— Чытанне захапіла мяне адразу, як толькі прыйшла ў школу. Асабліва падабаецца чытаць рускіх класікаў — Крылова, Пушкіна. У іх творах можна знайсці шмат важнага і павучальнага, — упэўнена навучэнка сярэдняй школы № 16 Бабруйска Настасся Цімашчэня.
Выдатная падрыхтоўка ўдзельнікаў не засталася па-за ўвагай журы, члены якога ацанілі і артыстызм школьнікаў, і іх глыбіню разумення мастацкага тэксту. Па выніках конкурсу ганаровымі прызавымі дыпломамі будуць узнагароджаны 12 юных чытальнікаў. Лепшыя з іх прадставяць рэгіён на заключным этапе творчага спаборніцтва.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.