Ці магчымы крэатыў на школьнай кухні?

- 13:53Навіны рэгіёнаў, Рознае

Якім павінна быць школьнае меню, каб дзеці з задавальненнем абедалі ў школьнай сталоўцы і не спяшаліся на перапынку ў найбліжэйшы магазін за прысмакамі ад фаст-фуду? Адказ на гэтае пытанне шукалі школьныя кухары — удзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы кухар КУП “Гомельскі гарадскі камбінат школьнага харчавання”.

Традыцыйна ў кулінарным спаборніцтве сапернічаюць чатыры каманды — па адной з кожнага раёна абласнога цэнтра, куды ўваходзяць прадстаўнікі некалькіх устаноў адукацыі. У гэтым годзе межы конкурсу пашырыліся. Паказаць сваё майстэрства ў прыгатаванні карыснай ежы вызваліся і маладыя спецыялісты — учарашнія выпускнікі прафесійных каледжаў і ліцэяў. Свае стравы прадставілі журы, удзельнікам і гасцям таксама кухары двух рэстаранаў горада.

— Склалася меркаванне, што прафесія кухара сумная і аднастайная, а наш конкурс прызваны даказаць, што гэта мастацтва, — сказала, адкрываючы мерапрыемства, дырэктар Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання Святлана Царык. — Асноўнай мэтай мы ставім магчымасць прапанаваць нешта новае ў школьным харчаванні, разнастаіць школьнае меню. Вядома, прыдумляць штосьці арыгінальнае ў падачы і выкананні ўсё складаней, але гэта і ёсць майстэрства нашых спецыялістаў.

У прасторнай зале адчувалася набліжэнне навагодніх свят: аб гэтым нагадвала сервіроўка сталоў. Што да страў, то тут канкурсанты разгарнуліся шырока і прадставілі прысмакі на любы густ — ад простых дэсертаў і каш да цудоўных мясных вынаходстваў. Ацаніць жа кухарскае майстэрства належала журы. Цікава, што, акрамя прафесійнага журы, сваю думку выказвалі і незалежныя эксперты, у ролі якіх выступілі вучні школ. На “смачным” мерапрыемстве яны былі галоўнымі дэгустатарамі.

Як заўважыла старшыня журы конкурсу начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гомельскага гарвыканкама Святлана Караткевіч, сёння пры развіцці фаст-фуду і іншых не вельмі карысных прадуктаў харчавання складана накарміць дзяцей карыснымі і неабходнымі маладому арганізму прадуктамі. Але, як сведчыць конкурс, школьныя кухары могуць прапанаваць незвычайныя рашэнні са звыклымі інгрэдыентамі. Буракі, капуста, прыгатаваныя на пары мясныя стравы знаходзяць новае гучанне.

Конкурс прадугледжвае, што некаторыя з прапанаваных канкурсантамі страў могуць у будучыні ўвайсці ў школьнае меню, таму галоўнымі крытэрыямі пры вызначэнні пераможцы былі не толькі смакавыя якасці і знешні выгляд, але і магчымасць масавага гатавання страў і наяўнасць тэхналагічнай карты.

Пераможцам была названа каманда Навабеліцкага раёна Гомеля, якая прапанавала простыя і смачныя гарбузовую кашу з цукатамі і рысавую кашу з яблыкам, а таксама некалькі карысных салатаў. Другое і трэцяе месцы дасталіся адпаведна камандам Чыгуначнага і Цэнтральнага раёнаў абласнога цэнтра. А незалежнае журы, якое, як ужо адзначалася, складалася з навучэнцаў школ, аддала свой голас камандзе маладых спецыялістаў.

Школьнае харчаванне даўно выйшла на новы ўзровень і працягвае ўдасканальвацца. Спецыялісты шукаюць розныя формы, якія дапамагаюць не толькі давесці да мінімуму адходы, але і задавальняць густы дзяцей. Нязменным застаецца толькі адно: харчаванне павінна быць карысным. І тут вельмі важна, каб гэтую ідэю падтрымлівалі бацькі школьнікаў.

— Смакавыя перавагі дзяцей цалкам залежаць ад бацькоў, — лічыць удзельніца каманды-пераможцы Ірына Вараб’ёва. — Калі дзіця прывучана да здаровай ежы, яно і ў школе ўжывае яе з задавальненнем.

На пытанне “Ці магчымы крэатыў на школьнай кухні?” удзельнікі конкурсу адказваюць станоўча і прызнаюцца, што гатовы дэманстраваць сваё кухарскае майстэрства: і самім задавальненне, і дзецям смачна.

Наталля ЛУТЧАНКА
Фота аўтара.