Установы адукацыі Мінскай вобласці рыхтуюцца да новага навучальнага года. Для гэтых мэт галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама выдзеліла больш як 101,49 мільёна рублёў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— На бягучыя рамонты накіравана 67,01 мільёна рублёў, асвоена 18,70 мільёна, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — На капітальныя рамонты ўстаноў адукацыі выдзелена 19,49 мільёна рублёў, з якіх асвоена больш як 5,82 мільёна, на набыццё рознага абсталявання будзе патрачана 14,98 мільёна рублёў.

Капітальныя рамонты на Міншчыне праводзяцца ў чатырох установах агульнай сярэдняй адукацыі. У межах рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады” за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця капітальныя рамонты будуць праведзены ў Аляхновіцкай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна, Ланской сярэдняй школе Нясвіжскага раёна і Запольскай сярэдняй школе Чэрвеньскага раёна.
— Рашэннем Дзяржынскага райвыканкама з 16 чэрвеня па 31 кастрычніка 2025 года прыпынена эксплуатацыя Станькаўскай агульнаадукацыйнай школы ў сувязі з правядзеннем работ па мадэрнізацыі, — растлумачыў Мікалай Мікалаевіч. — Адукацыйны працэс у новым навучальным годзе для 231 навучэнца будзе арганізаваны на базе Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства ў адну змену.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Бягучыя рамонты ўстаноў адукацыі таксама знаходзяцца на кантролі галоўнага ўпраўлення. Так, яны запланаваны і праводзяцца ў 159 установах агульнай сярэдняй адукацыі, у 106 установах дашкольнай адукацыі. Да новага навучальнага года абновяцца таксама 6 устаноў дадатковай і 24 установы прафесійнай адукацыі.
Рамонты — не адзіны клопат педагогаў Міншчыны. Установы адукацыі ўжо прымаюць заявы на навучанне ад бацькоў будучых школьнікаў. Мікалай Башко паведаміў, што ў школы Мінскай вобласці ў новым навучальным годзе прыйдзе больш як 16 тысяч першакласнікаў. Для гэтага ў цэнтральным рэгіёне створаны ўсе ўмовы.
— Да 1 верасня запланаваны ўвод у эксплуатацыю агульнаадукацыйнай сярэдняй школы на 1050 месцаў у Фаніпалі Дзяржынскага раёна, дзіцячага сада — пачатковай школы на 471 месца ў Слуцку, а таксама бараўлянскай сярэдняй школы № 4 на 1020 месцаў у Мінскім раёне, — дадаў Мікалай Мікалаевіч. — Школа ў Бараўлянах узводзіцца за кошт сродкаў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. З 1 верасня 2025 года ў нас працягнуць работу 1006 устаноў адукацыі: 450 дзіцячых садоў, 502 школы і гімназіі, 24 каледжы, 30 устаноў спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 3 установы прыватнай формы ўласнасці.
Летам абнаўляюцца не толькі школы. Школьныя стадыёны таксама рамантуюцца. Да 1 верасня ў Мінскай вобласці будуць абноўлены 29 адпаведных спартыўных аб’ектаў. Значная ўвага ў межах падрыхтоўкі да новага навучальнага года ўдзелена развіццю спартыўнай базы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— У бягучым годзе запланаваны рамонт стадыёнаў у 29 установах агульнай сярэдняй адукацыі, — абазначыў Мікалай Башко. — На іх выкананне будзе выдзелена 8,4 мільёна рублёў. На сёння асвоена 1,6 мільёна. У бягучым годзе Мінскім аблвыканкамам закуплены за кошт абласнога бюджэту 54 школьныя аўтобусы тыпу МАЗ-257S на суму больш як 14,74 мільёна рублёў. Па стане на 7 ліпеня атрыманы 21 аўтобус. Міністэрствам адукацыі за кошт рэспубліканскага бюджэту плануецца паставіць 17 школьных аўтобусаў, з іх 5 — з пад’ёмным механізмам.
У мінулым навучальным годзе на Міншчыне 318 школьных аўтобусаў упраўленняў па адукацыі, спорце і турызме райвыканкамаў, цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый арганізоўвалі падвоз больш як 12 700 навучэнцаў. Больш як 2600 навучэнцаў з Мінскай вобласці пад’язджалі ў свае школы рэйсавымі аўтобусамі па 134 маршрутах.
— Усе школьныя аўтобусы, якія задзейнічаны ў падвозе, аснашчаны двухкамернымі відэарэгістратарамі, — акцэнтаваў увагу Мікалай Башко. — На месцах арганізуецца перыядычны кантроль відэазапісаў па выкананні вадзіцелямі аўтобусаў правіл дарожнага руху. Таксама кантралюецца выкананне правіл асобамі, якія суправаджаюць дзяцей, і непасрэдна тое, як выконваюць правілы дзеці-пасажыры. У кожным раёне прадугледжаны рэзервовы аўтобус для ажыццяўлення бесперабойных перавозак навучэнцаў.
Наталля САХНО
Фота з архіва рэдакцыі





