Да гісторыі — праз міжнароднае супрацоўніцтва

- 11:37Адукацыйная прастора

Міжнародны валанцёрскі археалагічны летнік у Мірскім замку — гэта праект, які рэалізоўваецца Беларускай асацыяцыяй клубаў ЮНЕСКА сумесна з замкавым комплексам “Мір” пры падтрымцы Карэліцкага райвыканкама. Летнік будзе працаваць 20 дзён (з 15 ліпеня па 5 жніўня). За гэты час у Міры пройдзе дзве змены.


Падобныя летнікі ладзяцца з 1998 года. Раней яны праводзіліся ў Навагрудскім замку, Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”, сядзібах Ігната Дамейкі (вёска Мядзвядка) і Ваньковічаў (мястэчка Смілавічы), музеі-сядзібе М.К.Агінскага (Залессе), а таксама ў старажытных замках і палацах Германіі і Францыі. І вось ужо другі год міжнародны летнік прымае Мір. Як сцвярджае вучоны сакратар замкавага комплексу Ігар Ложачнік, галоўнай мэтай правядзення раскопак з’яўляецца ўключэнне сядзібы Святаполк-Мірскіх у турыстычныя маршруты і набліжэнне іх да наведвальнікаў.

Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: стаць валанцёрамі змаглі 30 маладых людзей з Беларусі, Расіі, Турцыі, Кітая, Егіпта і Партугаліі. Расклад дня ў валанцёраў шчыльны. Спачатку яны пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук праводзяць раскопкі на месцы сядзібы Святаполк-Мірскіх, якая была знішчана агнём стагоддзе назад. Стаіць задача знайсці старажытныя артэфакты (кавалкі тынкоўкі, апрацаваныя камяні, цагліны, з якіх можна зняць меркі). Па словах удзельнікаў, у першы дзень яны знайшлі цагліну з трыма знакамі-палоскамі, праведзенымі ўздоўж. На думку вучоных, людзі, якія выраблялі цэглу ў XV—XVI стст., пакідалі такія меткі з пэўнай нагоды. Раней на месцы сядзібы быў пясчаны насып і раслі дрэвы. Сёння, дзякуючы праведзеным работам, з-пад зямлі выглядае падмурак сямейнага гнязда Святаполк-Мірскіх, і нельга сказаць, быццам рэшткі знаходзіліся пад зямлёй доўгі час.

Пасля правядзення раскопак валанцёры добраўпарадкоўваюць тэрыторыю парку і мясцовых могілак. У вольны час іх чакаюць экскурсіі, трэнінгі, майстар-класы і рэфлексія.

У летніку працуюць два дырэктары — Армінэ Маўсясян і Кацярына Дваяжонава. Дзяўчаты расказалі, як прадумвалі, чым запоўніць вольны час валанцёраў. “Спачатку меркавалі арганізаваць дні розных культур, а пасля вырашылі ажыццявіць гэтую ідэю крыху інакш, у выглядзе дыялогу. Нам хацелася, каб прадстаўнікі розных краін расказалі пра цікавыя абрады, звычаі і святы сваіх народаў. Тэма ўзаемаадносін людзей вельмі важная, бо тое, што адбываецца ў сям’і, звычайна пераносіцца і на свет, які цябе акружае”, — падзялілася Армінэ Маўсясян.

Старанні дырэктараў не праходзяць дарма: па словах удзельнікаў, у летніку няма падобных вечароў. За некалькі дзён змены валанцёрам ужо прапаноўваліся трэнінгі па праектнай дзейнасці, майстар-класы па акцёрскім і прамоўніцкім майстэрстве і арыгамі, дыскатэка і вечары з выкананнем песень пад гітару. Падчас трэнінгу валанцёры, падзяліўшыся на групы, прадстаўлялі свае праекты. Лепшы з іх будзе рэалізаваны ў межах летніка. Гэта, на думку арганізатараў, дапаможа разняволіць маладых людзей і наладзіць сяброўскія адносіны паміж імі. З гэтай жа мэтай створаны канверты з імёнамі кожнага валанцёра — каб яны абменьваліся лістамі. Адметна, што праграма змяняецца ў залежнасці ад пажаданняў удзельнікаў. Кожны з іх можа прапанаваць нешта сваё і скаардынаваць наяўны расклад.

Удзельнік з Беларусі студэнт філалагічнага факультэта БДУ Віктар Есін цікавіцца праектамі, якія могуць дапамагчы ў яго прафесійнай дзейнасці, актыўна шукае разнастайныя трэнінгі, звязаныя з нефармальнай адукацыяй. Хлопца прывабіла культурная скіраванасць летніка. “Захапіла тое, што я, чалавек, які не мае ніякага дачынення да гісторыі, змагу прыняць удзел у раскопках, — прызнаецца валанцёр. — Першы дзень работ прайшоў вельмі прадукцыйна: людзі, якія толькі-толькі пазнаёміліся, змаглі без сарамлівасці, без цяжкасцей весці гутарку. Замежныя госці адкрыты для зносін. Тут падабраўся добры калектыў. Калі мы штосьці абмяркоўваем па-руску, стараемся перакладаць гэта на англійскую мову для тых, хто не разумее, і наадварот. І перакладаюцца не толькі дыялогі, але і песні, інструкцыі па тэхніцы бяспекі на аб’екце раскопак”.

Удзельнік з Турцыі Бату Каплар і яго калега з Кітая Хант Гуо — студэнты, сябры AIESEC. Гэта маладзёжная арганізацыя, якая дапамагае людзям з розных краін свету мець зносіны, робіць іх касмапалітамі. Хант Гуо расказвае, што хацеў пабачыць Еўропу. А паколькі шмат чытаў пра Мінск, вырашыў пачаць з Беларусі. Атмасфера, якая пануе ў летніку, натхняе хлопца. Яму спадабаліся экскурсіі па замку і мястэчку. Кітайскага госця ўразіла, наколькі старажытны і шматканфесійны Мір: тут жывуць праваслаўныя, католікі, іўдзеі.

Для жыхароў Турцыі, па словах Бату Каплара, Беларусь — нязведаная зямля як у дачыненні да людзей, так і ў дачыненні да культуры. А валанцёр любіць усё нязведанае. Ён адзначыў, што Беларусь як цэнтр Еўропы — цікавая краіна. Да таго як хлопец пазнаёміўся з беларусамі, яму цяжка было зразумець іх пачуцці і чаканні, але пасля ўсё пайшло значна лепш. Удзельнік міжнароднага летніка прызнаўся, што ў Мінску яму было цяжка кантактаваць, бо мала хто ведаў англійскую мову. Але ён вярнуўся б у беларускую сталіцу, каб наведаць “вялікую вуліцу кавярань” — Зыбіцкую, убачыць гістарычныя помнікі і цікавыя мясціны.

Мікалай Капленка з расійскага Уладзіміра прыехаў у летнік з сябрам. Хлопец упершыню наведаў Беларусь у красавіку, пасля чаго захацелася пазнаёміцца з яе культурай і традыцыямі. Ад летніка ён чакае плённай працы, знаёмства з гісторыяй Міра, а таксама набыцця сяброў.

Ірына Рахманава з Масквы знайшла праект праз добраахвотніцкую арганізацыю “Сфера”. “Усе людзі, якія сабраліся тут, — адкрытыя, ініцыятыўыя, працавітыя і добрасумленныя. Кожны з радасцю ідзе на кантакт і з адказнасцю выконвае заданні”, — расказала дзяўчына. За дні, праведзеныя ў летніку, яна з іншага боку адкрыла для сябе нашу краіну, яе культуру, пакаштавала дранікі. “Мне хацелася б праехаць па ўсёй Беларусі, — прызнаецца ўдзельніца, — бо сапраўдны дух краіны і народа жыве па-за турыстычнымі напрамкамі”.

Сярод валанцёраў ёсць не толькі студэнты: Генадзь Вараб’ёў працуе настаўнікам гісторыі ў Палянінавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Быхаўскага раёна. Ён даведаўся аб праекце праз знаёмых і яшчэ ў красавіку запоўніў анкету на ўдзел. Маладому чалавеку хацелася падцягнуць англійскую мову, атрымаць больш ведаў па археалогіі, пазнаёміцца з новымі людзьмі і апынуцца ў нестандартнай абстаноўцы. Настаўнік з захапленнем узгадвае трэнінгі, што праводзяцца для валанцёраў, і экскурсіі па замку. “Няма напружанага стану, гіпержадання ўсё паспець. Нават наадварот: мы можам спакойна хадзіць, разглядаць экспанаты і гуляць па парку”, — дзеліцца ўражаннямі Генадзь Вараб’ёў.

“У Мірскім замку ёсць шыльда з прозвішчамі тых, хто шмат зрабіў для яго адраджэння. Гэта рэстаўратары, архітэктары, тыя, хто дарыў экспанаты, — звярнуўся да маладых людзей на адкрыцці летніка намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Абрамчык. — Спадзяюся, што пасля першай і другой змен міжнароднага археалагічнага летніка на ёй з’явяцца новыя імёны. Імёны тых, хто прыехаў сюды, каб адшукаць крупінкі гісторыі, якая стваралася вакол Мірскага замка на працягу стагоддзяў”.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.