Уладкаваць сваіх дзяцей у яслі-сад № 40 Ліды імкнуцца многія жыхары горада, бо ўпэўнены, што тут іх дзеці атрымаюць усебаковае развіццё. Выпускнікоў гэтага дзіцячага сада заўсёды рады прыняць у свае класы школьныя настаўнікі, упэўненыя ў высокім узроўні падрыхтоўкі і добрым выхаванні будучых вучняў. Дашкольная ўстанова цікавая сваімі навацыямі і праектамі, напрыклад, такімі як “Інфарматыка без разеткі” (сумесна з Паркам высокіх тэхналогій), “Татава школа”, групы кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа“ для дзяцей ранняга ўзросту, а таксама для дзяцей з 2 да 3 гадоў на бюджэтнай аснове, беларускамоўная група і інш. Вопыт работы дзіцячага сада па арганізацыі розных форм дашкольнай адукацыі неаднаразова трансліраваўся на адукацыйных мерапрыемствах, у тым ліку міжнародных.
Выбудаваць удалы матывацыйны менеджмент
“Заўсёды марыла стаць падобнай да сваіх першых педагогаў, выдатных людзей, якія дарылі цяпло і клопат дзецям, — гаворыць загадчык установы Вера Баляславаўна Сцефановіч. — У 1992 годзе я закончыла Лідскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Выхаванне ў дашкольных установах”. Па аналагічнай спецыяльнасці вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Працавала выхавальніцай у яслях-садзе № 4 Ліды, які ў 2009 годзе ўзначаліла. А ў 2014 годзе разам з маленькімі лідчанамі пераступіла парог новабудоўлі — ясляў-сада № 40 “Антошка” — вялікай, сучаснай установы, з выдатнай матэрыяльнай базай, якую сёння наведваюць 300 дзяцей”.
Сваёй асноўнай кіраўнічай задачай Вера Баляславаўна лічыць правільна выбудаваны матывацыйны менеджмент. Яна адкрытая да дыялогу, да новых прапаноў, бо выбрала для сябе і свайго калектыву смелы дэвіз: “Геніяльныя дзеці патрабуюць геніяльных ідэй”.
“Нельга жыць без традыцый, але і без інавацый установа не будзе паспяхова развівацца, — упэўнена кіраўнік. — Толькі пастаяннае абнаўленне адукацыйнага працэсу лічу важным і неабходным механізмам творчай дзейнасці калектыву. Мне пашанцавала працаваць з маладой і перспектыўнай камандай аднадумцаў, якую аб’ядноўвае крэатыўнасць, ініцыятыўнасць і адказнасць. Наш сад у ліку лепшых устаноў дашкольнай адукацыі раёна. На базе ўстановы ў 2017 годзе праходзіла выязное пасяджэнне VIII Міжнароднага навукова-практычнага семінара “Дашкольная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы”, адбыўся абласны семінар спецыялістаў упраўленняў адукацыі Гродзенскай вобласці па пытаннях павышэння якасці дашкольнай адукацыі ва ўмовах сучасных варыятыўных форм яе арганізацыі.
Агульны поспех — заслуга кожнага
З першых дзён паступлення выхаванца ў дзіцячы сад кожная сям’я трапляе пад увагу педагога-псіхолага Інесы Генрыхаўны Енка, якая арганізоўвае заняткі з дзецьмі, аказвае дапамогу ў перыяд іх адаптацыі да ўстановы з выкарыстаннем вопыту народнай педагогікі і сучасных педагагічных методык. У кабінеце абсталяваны цэнтр рэлаксацыі і зняцця эмацыянальнага напружання, цэнтр “пясок-вада” з гульнявымі дапаможнікамі. Развіццю эмацыянальнай сферы дзяцей дапамагае разнастайнасць дыдактычных дапаможнікаў, якія знаходзяцца ў кабінеце педагога-псіхолага, сярод якіх ёсць і ўласныя распрацоўкі спецыяліста. Выхавальнікі спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення Алена Мечыславаўна Развінава і Алена Іванаўна Валынец выкарыстоўваюць у сваёй рабоце дапаможнікі Марыі Мантэсоры, метад мадэлявання, якія спрыяюць маўленчаму развіццю выхаванцаў.
З 2018 года ва ўстанове функцыянуе беларускамоўная група. Выхавальнікі Таццяна Віктараўна Богдан і Агнеса Анатольеўна Мамуль дапамагаюць дзецям усвядоміць сваю прыналежнасць да беларускай нацыі, адчуць непаўторны каларыт нашай культуры, меладычнасць роднай мовы. Музычны кіраўнік Святлана Пятроўна Ельчанінава выкарыстоўвае найбольш эфектыўныя метады і прыёмы раскрыцця індывідуальных здольнасцей выхаванцаў. Вынікам яе работы стала перамога яе выхаванцаў у раённых фестывалях дзіцячай музычнай творчасці “Дамісолька” ў намінацыі “Вакальная творчасць” (у 2015 годзе — 2-е месца, у 2019 — 1-е месца).
Настаўнік-дэфектолаг Кацярына Іванаўна Сурага ў 2018 годзе заняла 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшы кабінет карэкцыйна-педагагічнай работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Выхавальнік Вольга Станіславаўна Вельб арганізоўвае работу з выхаванцамі па бяспецы жыццядзейнасці і ў 2018 годзе стала пераможцай у намінацыі “Астравок бяспекі” раённага этапу Рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства”. Выхавальнік Ларыса Леанідаўна Клонава, развіваючы творчыя здольнасці выхаванца Максіма Ненартовіча, дапамагла яму заняць 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячых малюнкаў на экалагічную тэму ў 2016 годзе. У 2017 годзе выхавальнік Алена Іванаўна Стэльмах прыняла ўдзел у конкурсе “Паэзія — душы рух”.
На заняткі — разам з мамамі і татамі
Сёння ў садзе функцыянуе 14 груп з развіццёвым асяроддзем, у тым ліку спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для выхаванцаў з лёгкімі маўленчымі парушэннямі. У 2014 годзе была створана група кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа” для дзяцей ранняга ўзросту, якія не наведваюць дзіцячы сад, на платнай аснове. Прыярытэтным напрамкам работы гэтай групы з’яўляецца сацыялізацыя дзяцей у асяроддзі аднагодкаў і іх развіццё ў асноўных відах дзіцячай дзейнасці. Для малых праводзяцца інтэграваныя заняткі па тэмах, якія ўключаюць матэрыял з некалькіх адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Мамы наведваюць заняткі разам з дзецьмі 2 разы на тыдзень. У 2015 годзе на такія заняткі сталі запрашаць татаў. У выніку ў садзе адкрылася “Татава школа” і пачалася мэтанакіраваная работа над фарміраваннем усвядомленага бацькоўства ў абодвух бацькоў. Таты змаглі паглядзець на сваё дзіця іншымі вачыма, ды і самі апынуліся падчас заняткаў у ролі выхаванцаў. Заняткі працягласцю 1 гадзіна 1 раз на месяц на працягу навучальнага года наведваюць 12 татаў з дзецьмі. У школах для мам і татаў выкладаюць выхавальнікі, музычны кіраўнік, педагог-псіхолаг, кіраўнік фізічнага выхавання. Яны праводзяць для дзяцей і бацькоў гульнявыя комплексы.
“Запатрабаванымі ў летні перыяд з’яўляюцца прагулачныя і адаптацыйныя групы, накіраваныя на паспяховую адаптацыю дзяцей да ўмоў установы. А з 1 верасня 2016 года ў нашай установе адкрыты дзве першыя малодшыя групы кароткачасовага знаходжання на бюджэтнай аснове, якія функцыянуюць штодня па 3,5 гадзіны без арганізацыі сну, — падкрэсліла Вера Баляславаўна. — Заняткі ў групах (у кожнай па 12 дзяцей) арганізаваны з 8.30 да 12.00 і з 15.30 да 19.00. Асноўная мэта стварэння такіх груп для дзяцей таксама адаптацыйная, толькі ўжо без мамінай дапамогі. Да таго ж, што вельмі важна, забяспечваецца ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй. У групе не толькі ажыццяўляецца догляд дзяцей, але і даюцца неабходныя веды з улікам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Малышы пад кіраўніцтвам выхавальніка заняты цікавай і карыснай дзейнасцю: мастацка-маўленчай, гульнёй у настольныя, дыдактычныя і ролевыя гульні, канструяваннем, развіццём маўлення і культуры маўленчых зносін, праслухоўваннем твораў мастацкай літаратуры, знаёмствам з навакольным светам, сенсорным развіццём, фізкультурна-аздараўленчай дзейнасцю”.
Новыя праекты і перспектывы
Вера Баляславаўна прыгадала выдатныя словы Боба Парсанса, якія натхняюць яе: “Ніколі не спыняй удасканаленне. Ніколі не спыняй абнаўленне. Момант, калі ты спынішся ўдасканальваць сваю арганізацыю, будзе пачаткам яе канца. Пастаў мэту: кожны дзень станавіцца лепшым, хаця б крышку…” У 2017—2019 гадах яслі-сад № 40 Ліды быў уключаны ў інавацыйны праект Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Удзел у праекце дазволіў аптымізаваць адукацыйны працэс у названых групах на аснове інтэграванага падыходу да рэалізацыі зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Педагогамі ўстановы быў распрацаваны комплекс праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей.
У 2019/2020 навучальным годзе ўстанова стала рэсурсным цэнтрам па рэалізацыі пілотнага праекта Парка высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі”. Мэтай праекта з’яўляецца развіццё алгарытмічнага мыслення і логікі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту як асновы прапедэўтыкі да вывучэння інфарматыкі і фарміравання інтэлектуальнай гатоўнасці да навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
“Дзеці павінны быць не пасіўнымі карыстальнікамі камп’ютарных тэхналогій, а творчымі і стваральнымі, — адзначае Вера Баляславаўна. — Навізна праекта вызначаецца тым, што ў Беларусі ва ўстановах дашкольнай адукацыі адсутнічаюць агульнаадукацыйныя праграмы па вывучэнні інфарматыкі без выкарыстання камп’ютара. Курс “Інфарматыка без разеткі” — гэта дадатковая адукацыйная паслуга, якая дазволіць забяспечыць бесперапыннасць дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі па навучанні асновам інфарматыкі. ПВТ аказаў дзіцячаму саду матэрыяльную дапамогу ў набыцці аргтэхнікі, канцтавараў, аддзення для выхаванцаў і педагогаў з лагатыпам і іншага абсталявання. Былі дадзены метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі заняткаў, прадастаўлены дыдактычны матэрыял (гульні, малюнкі, лабірынты і г.д.), план работы, у які ўваходзіць 10 тэм: “Падрыхтоўка да знаёмства з адмаўленнем”, “Падрыхтоўка да ўвядзення паняццяў “ісціна” і “хлусня”, “Адмаўленне па аналогіі”, “Лагічная аперацыя “І”, “Элементы кадзіравання”, “Падрыхтоўка да ўвядзення паняцця “алгарытм” (самыя простыя алгарытмы расстаноўкі)”, “Пабудова лабірынтаў”, “Інфармацыя”, “Дзеянні з інфармацыяй”, “Што такое камп’ютар?”. Курс вядуць 4 педагогі (цьютары), якія прайшлі навучанне ў ПВТ. На падставе матэрыялаў, якія прадаставіў ПВТ, яны складаюць канспекты заняткаў і апрабоўваюць іх. Навучанне праводзіцца ў гульнявой форме з удзелам казачнага персанажа Ката Алесіка. Дзеці падчас заняткаў карыстаюцца рэчамі з сімволікай ПВТ, якія ім падарылі (яны апрануты ў белыя майкі з выявай Ката Скрэйчыка, бяруць з сабой невялікія рукзакі, дзённікі з прыгожымі наклейкамі). Праект курыруе кіраўнік праектнага аддзела ПВТ і аўтар праграмы Наталля Станіславаўна Карлюкевіч. Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень, іх наведваюць 45 дзяцей. У наступным годзе наш дзіцячы сад уключаны ў эксперыментальную дзейнасць па гэтым праекце”.
Прывядзём прыклад дыдактычнага гульнявога практыкавання “Адшукай шпульку” па тэме 7 “Пабудова лабірынтаў”. Для выканання дадзенага практыкавання спатрэбяцца: дзве карткі з заданнямі з набору “Інфарматыка без разеткі для дашкольнікаў”. Выхавальнік дзеліць дзяцей на дзве каманды па два чалавекі. Кожнай камандзе на прапанаванай картцы неабходна знайсці адпаведную шпульку нітак, да якой адносіцца іголка.
Каманда, якая раней назаве правільную шпульку, перамагае. Правільная — другая шпулька.
З 1 красавіка яслі-сад № 40 Ліды ўключыўся ў рэалізацыю новага праекта “Зялёныя школы” з мэтай павышэння экалагічнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў супрацоўніцтве з Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжам і Лідскім раённым экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі.
Надзея ЦЕРАХАВА.