Да мовы — з “Кнігай Скарыны”

- 10:39Выхаванне

Мінулыя выхадныя чарговы раз паказалі, што студэнты творчага саюза Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта могуць не толькі адпачываць, але і ствараць свята для іншых. 20 мая ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса прайшоў вялікі інтэрактыўны ўрок праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom”, які сабраў больш за 150 школьнікаў.

Мерапрыемства стала завяршэннем першага этапу ініцыятывы, якая доўжылася паўтара года. За гэты час праект аб’ехаў усю краіну, ахапіўшы 23 тысячы навучэнцаў. Галоўнымі задачамі праекта “Чытаем па-беларуску з Velcom” стала развіццё цікавасці да чытання, папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, а таксама фарміраванне лінгвістычных навыкаў у навучэнцаў малодшых класаў.

Гасцямі БДУ на гэты раз сталі прадстаўнікі зборных каманд з дванаццаці навучальных устаноў Полацка, Жодзіна, Оршы, Маладзечна, Астрашыцкага Гарадка, Дзяржынскага і Гродзенскага раёнаў. Прысутных сустракаў галоўны персанаж мерапрыемства — Францыск Скарына, які папрасіў дапамогі ў пошуках зніклай “Бібліі”. Менавіта з гэтага і пачаўся займальны квест для дзяцей “Кніга Скарыны”. Маршрут быў пракладзены студэнтамі-арганізатарамі праз помнікі выбітным беларускім культурным дзеячам — Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Кірыле Тураўскаму, Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму і Міколу Гусоўскаму.

Квест складаўся з пяці пікетаў, праходзіць якія дзецям дапамагалі студэнты-куратары і выкладчыкі. Школьнікам прапаноўваліся гульні “Буслік” і “Кракадзіл”, дзе тыя адгадвалі загадкі і словы. Магчымасць выступіць у якасці пісьменніка і рэжысёра была дадзена малым на пікеце “Расказы па прадметах”, дзе з дапамогай пяці выцягнутых з мяшка прадметаў яны павінны былі прыдумаць невялічкую гісторыю і інсцэніраваць яе. Пасля маленькіх гарэз чакаў адзін з самых актыўных пікетаў — танцавальны. Дзеці змаглі не толькі даведацца шмат новага пра беларускія танцы, але і вывучыць некаторыя элементы, а потым звязаць іх у адзін суцэльны танец. Апошнім этапам стаў “Міні-паэтычны форум” — секцыя, дзе школьнікі ўспаміналі і дэкламавалі беларускія вершы.

Кожны выступоўца атрымаў каштоўны прыз ад кампаніі Velcom, а лепшых з іх выбралі суддзі — ганаровыя госці праекта паэтэса Раіса Баравікова, вядучы праграмы “Падарожжы дылетанта” Юрый Жыгамонт, пісьменніцы Алена Масла і Наталля Бучынская.

“Мы пераканаліся, што ў нас вельмі разумныя і чулыя да мастацкага слова дзеці”, — адзначыла Раіса Баравікова.

На кожнай станцыі ў карту падарожжа мадэратары выстаўлялі балы, заробленыя дзецьмі, а на апошняй — аддавалі дэталь “Бібліі”, якая пасля завяршэння мерапрыемства была сабрана прадстаўнікамі каманд і аддадзена гаспадару. Усё гэта было накіравана на тое, каб з’яднаць дзяцей, узняць камандны дух, навучыць іх працаваць у калектыве.

Напрыканцы мерапрыемства лепшыя чытальнікі вершаў былі адзначаны каштоўнымі прызамі. А пераможцай квеста стала каманда сярэдняй школы № 4 Оршы.

Ірына ІВАШКА.