Прэзідэнт Рэспублікі Карэя Мун Чжэ Ін заявіў аб гатоўнасці правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні з лідарам КНДР Кім Чэн Ынам пры ўмове, што гэта будзе садзейнічаць вырашэнню праблемы паўночнакарэйскай ядзернай праграмы. Аб гэтым ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Сеуле, паведамляе ТАСС.
“Я гатовы правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні, калі гэта дапаможа вырашэнню ядзернай праблемы Поўначы, а таксама аднаўленню міжкарэйскіх адносін”, — сказаў прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што Рэспубліка Карэя станоўча адносіцца да правядзення такой сустрэчы толькі ў выпадку пэўных гарантый рэзультату па яе выніках. Паводле яго слоў, гэта не павінны быць перагаворы дзеля перагавораў.
Рэспубліка Карэя не мае намеру адмаўляцца ад сваёй пазіцыі адносна неабходнасці дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава, сказаў Мун Чжэ Ін. “Дэнуклеарызацыя Карэйскага паўвострава, аб чым (у мінулым) дамаўляліся дзве Карэі, — наша асноўная пазіцыя, ад якой мы ніколі не адмовімся”, — прыводзіць яго словы агенцтва Reuters.
Разам з тым прэзідэнт адзначыў, што не хацеў бы неадкладнага ўз’яднання Поўначы і Поўдня.
Першы раўнд дыялогу па нармалізацыі адносін паміж Рэспублікай Карэя і КНДР адбыўся 9 студзеня ў пагранічным пункце Пханмунджом. Галоўнай тэмай першых са снежня 2015 года міжкарэйскіх перагавораў сталі практычныя крокі па паляпшэнні адносін Сеула і Пхеньяна.
Як паведаміў па выніках сустрэчы прадстаўнік Міністэрства аб’яднання Рэспублікі Карэ, паўднёвакарэйская і паўночнакарэйская дэлегацыі могуць разам прайсці на адкрыцці і закрыцці Алімпіяды-2018.
Ён адзначыў, што КНДР прапанавала накіраваць на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане сваіх высокапастаўленых прадстаўнікоў, дэманстрацыйную каманду тхэквандо, а таксама дзеячаў выканальніцкага майстэрства. Пры гэтым не ўдакладняецца, ці мае намер КНДР накіраваць сваіх спартсменаў для ўдзелу ў Алімпіядзе.
Паўднёвакарэйскі бок прапанаваў дэлегацыям дзвюх краін разам прайсці ў час цырымоній адкрыцця і закрыцця гульняў.
Рэспубліка Карэя таксама прапанавала КНДР правесці перагаворы паміж прадстаўнікамі Узброеных сіл дзвюх краін. Гэты крок павінен садзейнічаць зніжэнню ўзроўню напружанасці на Карэйскім паўвостраве, адзначыў прадстаўнік Міністэрства аб’яднання, не паведаміўшы аб рэакцыі паўночнакарэйскага боку.
Акрамя таго, Рэспубліка Карэя прапанавала КНДР правесці сустрэчу сем’яў, раздзеленых вайной 1950—1953 гадоў, на месячны Новы год, які будзе адзначацца 16 лютага.