Да перамогі — гатовы!

- 13:37Адукацыйная прастора

Першая палова тыдня для ўдзельнікаў чацвёртага (заключнага) этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” стала гарачай. Для іх Акадэмія паслядыпломнай адукацыі разам з м арганізавалі і правялі вучэбны семінар “Арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”.

Конкурс прафесійнага майстэрства — гэта найперш абагульненне і распаўсюджванне вопыту лепшых педагагічных работнікаў краіны, выяўленне ініцыятыўных, энергічных, мэтанакіраваных педагогаў, лідараў адукацыі. Ён накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу педагагічных работнікаў, матывацыю да актыўнай дзейнасці па абнаўленні зместу адукацыі, на рост прафесійнага майстэрства, падтрымку інавацыйных тэхналогій у галіне педагогікі, зацвярджэнне прыярытэту адукацыі ў грамадстве.

У 2016—2017 гадах Рэспубліканскі конкурс “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” праводзіцца на падставе загаду міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2016 года № 564 і Інструкцыі аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 2 верасня 2005 № 75.

У 2016 годзе ў дакумент былі ўнесены дапаўненні і змяненні (пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2016 года № 3). Згодна з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2016 года № 564 “Аб правядзенні Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2016—2017 гадах”, конкурс праводзіцца ў чатыры этапы: першы — ва ўстановах адукацыі — да 30 лістапада 2016 года, другі — раённы (гарадскі) — да 31 студзеня 2017 года, трэці — абласны (мінскі гарадскі) — да 31 сакавіка 2017 года, чацвёрты — заключны — да 30 верасня 2017 года.

На ўсіх этапах конкурс праводзіцца па намінацыях:

1) “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”;

2) “Замежная мова”;

3) “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”;

4) “Пачатковыя класы”;

5) “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”;

6) “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”;

7) “Хімія, біялогія”;

8) “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

У кожнай намінацыі вызначаецца пераможца конкурсу, а на трэцім і чацвёртым этапах — пераможцы і лаўрэаты.

Адметнасцю конкурсу ў 2016—2017 гадах з’яўляецца павелічэнне колькасці намінацый да васьмі. У 2013—2014 годзе іх было сем, бо хімія, біялогія былі аб’яднаны з гісторыяй, грамадазнаўствам і геаграфіяй.

Варта таксама адзначыць, што некаторыя намінацыі ўключаюць педагагічных работнікаў па адным вучэбным прадмеце (напрамку дзейнасці): “Замежная мова”, “Пачатковыя класы”, “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” (аднародныя намінацыі). Іншыя намінацыі ўключаюць прадстаўнікоў розных вучэбных прадметаў: “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”; “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”; “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”; “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”; “Хімія, біялогія” (комплексныя намінацыі).

Чацвёрты (заключны) этап конкурсу складаецца з фіналу і суперфіналу. Для правядзення фіналу аргкамітэтам ствараюцца 8 складаў журы, а для правядзення суперфіналу — надпрадметнае журы, якое складаецца са старшынь прадметных журы, вядомых навукоўцаў, журналістаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і г.д. Гэтае журы ацэньвае таксама самапрадстаўленне абласных (і Мінска) каманд.

Фінал конкурсу складаецца з завочнага і вочных этапаў. Завочны этап уключае пісьмовае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці “Вучыць дзяцей вучыцца” або “Каб дзеці хацелі вучыцца” (на выбар).

Вочны этап уключае:

1. Самапрадстаўленне абласных каманд (і мінскай), у якім адлюстраваны дасягненні рэгіёна і роля педагогаў у развіцці адукацыі.

2. Педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне.

3. Адкрыты ўрок (заняткі) у незнаёмым класе (групе) па тэме, вызначанай удзельнікам (урок-загатоўка).

4. Адкрыты ўрок (заняткі) у незнаёмым класе (групе) па тэме, названай журы.

5. Майстар-клас для студэнтаў або педагогаў. Тэму майстар-класа вызначае ўдзельнік конкурсу.

Па выніках фіналу ў кожнай намінацыі вызначаюцца пераможца і два лаўрэаты. Пераможца атрымае дыплом пераможцы ў намінацыі, сімвал конкурсу “Крыштальны журавель”. Лаўрэаты атрымаюць дыпломы лаўрэатаў у намінацыі і сімвал конкурсу “Крыштальны журавель”. Астатнім удзельнікам будуць уручаны дыпломы ўдзельнікаў заключнага этапу конкурсу.

Пераможцы ў кожнай намінацыі выходзяць у суперфінал, падчас якога праводзяцца міні-ўрок (міні-заняткі) на сцэне, прэс-канферэнцыя, публічнае выступленне на тэму “Настаўнік (выхавальнік) учора, сёння, заўтра” і інш.

Сярод суперфіналістаў (8 чалавек) вызначаецца пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, які атрымлівае дыплом пераможцы і сімвал конкурсу “Крыштальны журавель”.

***

Сёлета ў чацвёртым (заключным) этапе конкурсу прымаюць уд зел па 8 прадстаўнікоў ад абласцей (і Мінска) — пераможцы ў кожнай намінацыі. Усяго 56 чалавек.

Вышэйшую адукацыю маюць 55 педагогаў, 1 — сярэднюю спецыяльную (настаўнік працоўнага навучання з Магілёўскай вобласці).

Сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці — 15 гадоў.

У прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці — 13 гадоў, Віцебскай і Мінска — 15 гадоў, Гомельскай вобласці — 18 гадоў, Гродзенскай і Магілёўскай — 17, Мінскай — 11 гадоў.

Найбольшы стаж работы (27 гадоў) у настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Аляксандраўны Новікавай з Мінскай вобласці і настаўніцы гісторыі з Гродзеншчыны Ларысы Аляксандраўны Ларыёнавай.

Найменшы стаж работы (2 гады) маюць выхавальніца дашкольнай адукацыі з Гродзенскай вобласці Алеся Мікалаеўна Кніга і настаўнік геаграфіі з Магілёўшчыны Андрэй Айвовіч Трэй.

Кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” маюць тры канкурсанты, вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю — 29, першую кваліфікацыйную катэгорыю — 17; другую кваліфікацыйную катэгорыю — 7.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў конкурсу — 38 гадоў.

У настаўнікаў Брэсцкай вобласці — 36 гадоў, Віцебскай — 37 гадоў, Мінска і Магілёўскай вобласці — 40, Гомельскай вобласці — 42 гады, Гродзенскай — 38, Мінскай — 33 гады.

Самыя дарослыя ўдзельнікі конкурсу (50 гадоў) — настаўніца біялогіі з Мінска Іна Віктараўна Чаравака і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства з Гомельскай вобласці Эмілія Эдуардаўна Хазановіч. Самы малады ўдзельнік конкурсу — настаўнік гісторыі з Мінскай вобласці Уладзімір Генадзьевіч Тылецкі (25 гадоў, стаж работы 3 гады).

***

Як заўважыла прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, доктар педагагічных навук, член аргкамітэта конкурсу Галіна Іванаўна Нікалаенка, мэтай вучэбнага семінара стала забеспячэнне псіхалагічнага камфорту слухачоў і іх прафесійнай гатоўнасці да паспяховай самарэалізацыі ў сітуацыі стрэсавага напружання ў рамках конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017”.

У семінары прынялі ўдзел 56 пераможцаў абласных этапаў конкурсу і кіраўнікі каманд з усіх рэгіёнаў.Удзельнікі семінара пазнаёміліся з прыкладнай праграмай правядзення чацвёртага (заключнага) этапа конкурсу, патрабаваннямі да конкурсных мерапрыемстваў і крытэрыямі іх ацэнкі.З канкурсантамі былі праведзены майстар-класы, лекцыйныя і практычныя заняткі.

Пра падрыхтоўку і правядзенне майстар-класа ў рамках конкурсу гаварылі начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі І.В.Фёдараў і старшы выкладчык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МДЛУ, настаўнік англійскай мовы, настаўнік-метадыст гімназіі № 24 Мінска, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў у 2011 годзе І.У.Зубрыліна.

Сваім вопытам з удзельнікамі вучэбнага семінара падзяліліся яшчэ тры пераможцы конкурсу розных гадоў. Гэта дырэктар, настаўнік інфарматыкі, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 34 Магілёва, пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2004” Ігар Віктаравіч Якіменка, настаўніца біялогіі, настаўнік-метадыст гімназіі Смаргоні Гродзенскай вобласці, пераможца конкурсу ў 2006 годзе Ірына Рамуальдаўна Клявец і настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” Віктар Эдуардавіч Жук. Яны арганізавалі педагагічную студыю, дзе расказвалі пра свой удзел у конкурсе, гаварылі пра тыповыя памылкі і, зразумела, дзяліліся ўласнымі сакрэтамі псіхалагічнай стойкасці. Стрэсаўстойлівасць і настрой на поспех, бадай, самыя галоўныя складнікі перамогі ў конкусе. І гэтыя якасці можна і трэба трэніраваць, а лепшыя трэнеры — тыя, хто сам быў па той бок барыкад.

Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі кандыдат педагагічных навук Мікалай Іванавіч Запрудскі расказваў пра эфектнасць і эфектыўнасць сучаснага ўрока. Мікалай Іванавіч перакананы, што выбар тэхналогій для выкарыстання на ўроках вызначаецца перавагамі настаўніка, наяўнасцю адпаведных сродкаў навучання, стылямі пазнавальнай дзейнасці вучня і часавым рэсурсам.

Самым важным крытэрыем выбару з’яўляецца мэтавая накіраванасць тэхналогіі: на ўроках трэба выкарыстоўваць тую тэхналогію, прымяненне якой здольна назапашваць у школьнікаў прадметныя веды і ўменні, стварае ўмовы для іх выхавання, станаўлення і развіцця, забяспечвае засваенне на ўроку выбраных настаўнікам кампетэнцый. На конкурсе правяраецца метадычная падкаванасць удзельнікаў, таму валоданне сучаснымі педагагічнымі тэхналогіямі дабавіць балаў. Найбольш паспяховымі стратэгіямі цяпер лічацца:

• мнагамерная дыдактычная тэхналогія;

• інтэрактыўныя метады навучання;

• актыўная ацэнка;

• эўрыстычныя прыёмы.

І пераможцы конкурсу мінулых гадоў, і Мікалай Іванавіч гаварылі пра сутнасць групавой формы навучання, агульныя правілы яе арганізацыі, варыянты правядзення, патрабаванні да заданняў для груп навучэнцаў, умовы, пры якіх работа школьнікаў дае станоўчы адукацыйны эфект.

Асобна вялася гаворка пра алгарытм праектавання конкурснага ўрока і варыянты яго афармлення, педагагічны аналіз і самааналіз конкурснага ўрока, прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці падчас правядзення конкурсу. Увыніку тры дні вучэбнага семінара сталі даволі насычанымі. Фіналісты конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” старанна ўсё занатоўвалі і задавалі пытанні сваім выкладчыкам.

Мне ж спадабаўся агульны настрой настаўнікаў, іх вочы свяціліся азартам. Гэтыя педагогі ўжо лепшыя, бо змаглі дайсці на фіналу конкурсу, але яны гатовы ўзяць новую вяршыню ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Жадаю ім поспехаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.