Да самаразвіцця педагогаў і свядомага выбару прафесіі школьнікамі

- 11:00Адукацыйная прастора

У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Міншчыны завяршылася рэалізацыя 48 педагагічных праектаў у 61 установе  (у 13 установах дашкольнай адукацыі, 40 установах агульнай сярэдняй адукацыі, 2 установах спецыяльнай адукацыі, 6 установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі) і ва ўпраўленні па адукацыі. 14 устаноў адукацыі вобласці прэзентавалі вынікі праектнай дзейнасці на творчай справаздачы, што была арганізавана ў анлайн-рэжыме. Прапануем пазнаёміцца з некаторымі прадстаўленымі праектамі. 

Ад навучання  да дысемінацыі

Лілія Іванаўна ДЗЕРВАЕД, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна: 

— З 2019 па 2021 год у нашай установе адукацыі рэалізоўваўся педагагічны праект “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў сродкамі педагагічнага праектавання”. Педагагічнае праектаванне — сучасны метад актыўнага навучання педагогаў, які дазваляе стварыць абноўленую сістэму бесперапыннай адукацыі і самаадукацыі педагогаў ва ўмовах установы адукацыі, у тым ліку ў вочна-дыстанцыйнай форме. У гэтым заключаецца навізна праекта: апрабаванне працэсу педагагічнага праектавання як метаду павышэння ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў ва ўмовах абноўленай мадэлі метадычнай работы, якая складаецца з форм і метадаў кіравання (дзейнасны і зместавы аспекты) і кантролю за дзейнасцю педагогаў (кіраўніцкі аспект).

Мэта педагагічнага праекта — павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў шляхам інфармацыйнай падтрымкі распрацоўкі і рэалізацыі лакальных педагагічных праектаў у сістэме метадычнай работы гімназіі. 

Для рэалізацыі праекта была сфарміравана кіраўніцкая каманда з ліку адміністрацыі гімназіі і кіраўнікоў метадычных фарміраванняў, створана сеткавая педагагічная супольнасць па праблеме “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў рабоце з адоранымі навучэнцамі”, у якую ўваходзяць “Школа майстэрства пачынаючага педагога”, алімпіядна-праектная школа “Рытм”, педагагічная майстэрня павышэння прафесійных кампетэнцый, творчая група па рэалізацыі педагагічнага праекта, IT-інкубатар для педагагічных работнікаў Мінскага раёна.

Схема кіравання рэалізацыяй педагагічнага праекта ўяўляе сабой узроўневую мадэль. У рамках мадэлі прадугледжаны дыягнастычны модуль, згодна з якім важнае месца ў дыягнастычнай прасторы адводзіцца інфармацыйнаму забеспячэнню кожнага члена педагагічнага калектыву з дапамогай стварэння інфармацыйнага табло “Педагагічны рэліз”, змешчанага ў віртуальным метадычным кабінеце на сайце гімназіі, а таксама выкарыстання Google-форм, інтэрнэт-апытанняў па тэме праекта.

Другі ўзровень мадэлі ўключае адукацыйны і інфармацыйны модулі, прычым ва ўзаемасувязі (гэта метадычнае су-праваджэнне і рэалізацыя праектаў, зместавы аспект). На гэтым узроўні адбываецца назапашванне інфармацыйнага рэсурсу (сістэматызацыя адукацыйных тэхнік, прыёмаў, метадаў, дыдактычнага матэрыялу, канструяванне дыдактычных і метадычных сродкаў, забеспячэнне доступу да інфармацыйных рэсурсаў: “неэлектроннай” адукацыйнай прасторы, унутранай лакальнай сеткі, інтэрнэту, гэта значыць да інфармацыі, размешчанай у сеткавых педагагічных супольнасцях і віртуальным метадычным кабінеце). Адукацыйны модуль накіраваны на рэалізацыю этапаў педагагічнага праектавання, вынікам якіх з’яўляюцца метадычныя прадукты для выкарыстання ў адукацыйным працэсе гімназіі.

Трэці ўзровень — метадычны модуль (гэта дысемінацыя вопыту педагагічнай дзейнасці, кіраўніцкі аспект) — накіраваны на аналіз узроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў, вывучэнне і ўкараненне ў адукацыйны працэс станоўчага вопыту работы педагогаў праз нетрадыцыйныя актыўныя і інтэрактыўныя метады метадычнай работы. Гэтая мадэль прадугледжвае новыя ролі для ўдзельнікаў праекта — кіраўніцтва як кансультанта і педагога як актыўнага даследчыка, праекціроўшчыка інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі.

Практычным увасабленнем лакальнага зместу педагагічнага праекта стала электронная база метадычных матэрыялаў па рэалізацыі праекта, размешчаная ў лакальнай сетцы ўстановы адукацыі і на сайце ўстановы адукацыі на старонках “Праектная дзейнасць” і “Віртуальны метадычны кабінет”.

Арганізацыя практыка-даследчай дзейнасці педагогаў уключала ў сябе тыпалогію “выяўляем — навучаем — абагульняем”.

“Выяўляем” — маецца на ўвазе арганізацыя работы па прынцыпе “тэарэтычнае навучанне — практычная дзейнасць — метадычны прадукт”, аказанне метадычнай дапамогі ў выкарыстанні прадуктаў, тэхналогій і інтэрнэт-рэсурсаў для стварэння лічбавага адукацыйнага кантэнту педагога. У выніку праведзенай работы наладжаны выпуск метадычных зборнікаў, у тым ліку ў электронным варыянце (https://lrgymnazia.rooborisov.by/pedagogam/disseminaciya-opyta): анлайн-зборнік “Інавацыі педагогаў гімназіі”, FlashBook настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў ГПД “Нашы ЅТЕАМ-праекты”, электронныя газеты “Педагагічны праект — аснова дыдактычнага забеспячэння педагагічнай накіраванасці”, “Блог як адна з форм прафесійнага стандарту сучаснага педагога” і інш.

“Навучаем” — гэты кірунак прадстаўлены ў сістэме “настаўнік — кіраўнік метадаб’яднання — метадычны савет — кіраўніцтва ўстановы адукацыі”. Вядучай ідэяй рэалізацыі названага кірунку стала апрабацыя актыўных і інтэрактыўных форм метадычнай работы праз адзіны метадычны дзень, педагагічны марафон, метадычны батл, прафесійны лэпбук, метадычны стартап, метадычны каворкінг. Эфектыўнымі і запатрабаванымі формамі метадычнай работы па выніках дыягностыкі сталі майстар-класы і адукацыйныя сесіі.

Арганізавана работа вочна-дыстанцыйнага пастаянна дзеючага семінара-практыкуму “Педагагічнае праектаванне як метад”, у рамках якога праведзены інфарм-дайджэст для членаў творчай групы “Этапы педагагічнага праектавання”, метадычныя семінары, афлайн-кансультацыя “Структура ўрока з пазіцыі кампетэнтнаснага падыходу”, медыянар “Квест-гульня як форма інтэграцыі адукацыйнага працэсу” і інш.

“Абагульняем” — гэта стварэнне ­адзінай базы метадычных матэрыялаў “Інфармацыйная прастора педагога: ад навучання да дысемінацыі”, метадычных матэрыялаў удзельнікаў праекта “Віртуальны метадычны кабінет” (https://lrgymnazia.rooborisov.by/pedagogam/virtualnyy-metodicheskiy-kabinet), асобных метадычных прадуктаў: мультымедыйны метадычны дапаможнік, электронны ВМК, блог (https://galuzagm.blogspot.com), сайт настаўніка (http://geocder.ru/sample-page), віртуальны кабінет (https://www.kabinethimii.com) і інш. 

Рэалізацыя праекта паспрыяла павышэнню метадычнага майстэрства педагогаў шляхам удзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства, дыстанцыйных алімпіядах педагагічных работнікаў, педагагічным марафоне педагогаў Мінскай вобласці: ахоп педагогаў удзелам у конкурсах склаў 78,5% (на пачатак рэалізацыі праекта — 54,6%), працэнт паспяховасці — 66,7%.

У віртуальнай майстэрні настаўніка

Жанна Генадзьеўна Ладуцька, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Гарадзеі Нясвіжскага раёна: 

— Педагогамі нашай школы рэалізаваны абласны педагагічны праект “Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на аснове выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў”.

Інфармацыйна-камунікацыйная кампетэнтнасць настаўніка — гэта не проста сукупнасць ведаў, уменняў, навыкаў, але і здольнасць арыентавацца ў сучасным інфармацыйным патоку, гатоўнасць да адбору адэкватных інфармацыйных педагагічных сродкаў з дапамогай элементаў інфармацыйных тэхналогій. Была вылучана здагадка, што стварэнне віртуаль­най майстэрні настаўніка пачатковых класаў і выкарыстанне інтэрактыўных заданняў у адукацыйнай дзейнасці будуць спрыяць авалоданню навучэнцамі практычнымі спосабамі работы з інфармацыяй рознага тыпу, уменню пошуку неабходных даных у розных электронных крыніцах. А ўрокі і пазакласныя заняткі з выкарыстаннем ІКТ будуць спры­яць саманавучанню і зробяць вучняў актыўнымі ўдзельнікамі працэсу набыцця ведаў. Педагогі навучацца выкарыстоўваць у сваёй выкладчыцкай дзейнасці шырокі спектр праграмных абалонак для стварэння аўтарскіх электронных адукацыйных рэсурсаў, павысяць свой прафесійны ўзровень у галіне інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій. 

Мэтай праекта былі вызначаны павышэнне якасці адукацыі навучэнцаў праз стварэнне віртуальнай майстэрні настаўніка пачатковых класаў, распрацоўка сродкаў камп’ютарнай падтрымкі адукацыйнага працэсу і павышэнне інфармацыйнай кампетэнтнасці педагогаў ва ўмовах установы агульнай сярэдняй адукацыі на тым узроўні, які забяспечвае яму прадукцыйнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Асноўная ідэя заключалася ў тым, што ў сувязі з фарміраваннем і развіццём інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі сучасны настаўнік павінен не столькі прадастаўляць веды, колькі ствараць пэўнае інфармацыйнае асяроддзе, у тым ліку з дапамогай камунікатыўных тэхналогій. Адпаведна, будзе пашырацца дыяпазон тых функцый, якія ўласцівы педагогу ва ўмовах развіцця інфармацыйнай прасторы ўстановы адукацыі: арганізатар вучэбнага працэсу з выкарыстаннем ІКТ (правядзенне заняткаў, удзел у форумах), распрацоўшчык уласных электронных (дыстанцыйных) курсаў, кансультант у працэсе навучання (зносіны з дапамогай электроннай пошты і сацыяльных сетак), супрацоўнік (у прафесійных зносінах і распаўсюджванні вопыту), які вучыцца ва ўмовах бесперапыннай адукацыі (саманавучанне і ўзаеманавучанне).

Сфарміраваныя базавыя навыкі работы за камп’ютарам, якімі авалодалі ­ўдзельнікі праекта, заклалі аснову для асваення больш складаных камп’ютарных праграм і сэрвісаў. Кожная праграма мае стандартны знешні выгляд, ці інтэрфейс, што дапамагло педагогам-карыстальнікам хутчэй асвоіць камп’ютар. Базавыя навыкі работы з універсальнымі праграмамі прымяняюцца і ў спецыялізаваных (інструментальных) праграмах, таму гэтыя навыкі ствараюць перадумовы для авалодання больш складанымі камп’ютарнымі праграмамі з мінімальнымі цяжкасцямі.

У працэсе рэалізацыі ўсяго практычнага этапу былі створаны ўмовы для абмену вопытам: узаеманаведванне ўрокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў, наведванне семінараў у МАІРА. Гэта не толькі стымулявала матывацыйны аспект, але і дазволіла падысці да развіцця ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў больш поўна і ўсебакова. Педагогамі з дапамогай офісных праграм былі распрацаваны мультымедыйныя прэзентацыі да ўрокаў, карткі-заданні, буклеты, тэсты. На пастаянна дзеючым семінары вывучаны магчымасці выкарыстання Google-сэрвісаў, распрацаваны тэсты для навучэнцаў і формы апытання бацькоў. Напрыклад, тэст “Часавыя ўяўленні” (https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSfsdh14orm-e5ot9DVnkySLogBn8nZokYL29DrJZn6o0pX1rQ/viewform). З дапамогай сэрвісу Quizlet педагогі навучыліся ствараць інтэрактыўныя карткі па вучэбных прадметах: “Загадкі. Дзікія жывёлы” (https://quizlet.com/_4r6z22?x=1jqt&i=11msu7), “Загадкі. Мэбля” (https://quizlet.com/_4r7dmd?x=1jqt&i=11msu7), “Матэматыка. Фігуры” (https://quizlet.com/_8etois?x=1qqt&i=11msu7), “Руская мова. Вывучаем склоны” (https://quizlet.com/_8etpjj?x=1jqt&i=11msu7). З дапамогай сэрвісу Linoit.com. сумесна з навучэнцамі дыстанцыйна былі створаны віртуальныя насценгазеты (пазакласнае мерапрыемства па творах К.І.Чукоўскага).

Сэрвіс LearningApps.org аказаўся найбольш запатрабаваным. Былі створаны інтэрактыўныя гульні і віктарыны па вучэбных прадметах. Педагогі навучыліся генерыраваць QR-коды на створаныя рэсурсы, раздрукаваны QR-код дазваляе навучэнцам за 10 секунд атрымаць практыкаванне для выканання на свае мабільныя прылады. Напрыклад, “Тры скланенні назоўнікаў” (https://learningapps.org/display?v=pa56ugwit20,), “Адзінкі часу” (https://learningapps.org/display?v=pc8oxzkak20), “Прыметнік” (https://learningapps.org/display?v=p72cuov1k20). Педагогамі з дапамогай інструментальных праграм SunRav BookEditor, SunRav BookReader былі распрацаваны мультымедыйныя канспекты да ўрокаў, якія ўтрымліва­юць тэарэтычны матэрыял, заданні, тэсты, відэаматэрыялы. На пастаянна дзеючым семінары былі вывучаны магчымасці выкарыстання праграмнай абалонкі iSpringSuite. Педагогі стварылі дыялогавыя трэнажоры, тэсты, інтэрактыўныя элементы.

У выніку рэалізацыі праекта пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў пачалі актыўна выкарыстоўвацца ЭАР, павысіліся прафесійная кампетэнтнасць і інфармацыйна-камунікацыйная дасведчанасць педагогаў праз выкарыстанне інструментальных праграм і воблачных тэхналогій. Прымяненне распрацаваных педагогамі электронных дапаможнікаў на ўроках і пазакласных мерапрыемствах павысілі пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, матывацыю да навучання, а значыць, і эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. 

Перспектыву ўдасканалення вопыту педагогаў бачым у распрацоўцы ЭАР не толькі для навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, але і для больш старшых школьнікаў. Вопыт работы актыўна можа выкарыстоўвацца для арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння з педагогамі іншых устаноў.

З кампетэнтнасным падыходам

Алена Мікалаеўна КІШКО, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Заастравецкай сярэдняй школы Клецкага раёна:

— Характэрнай асаблівасцю нашага часу з’яўляецца асаблівая ўвага да прыродазнаўча-матэматычнай адукацыі як аднаго са шляхоў падрыхтоўкі чалавека да жыцця ў сучасным хутка зменлівым свеце.

Вучэбныя праграмы па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла паказваюць на неабходнасць практычнага авалодання прадметамі, фарміравання ў будучых выпускнікоў не толькі сіс­тэмы прадметных ведаў, але і прадметных кампетэнцый як вопыту практычнага прымянення ведаў, што падрыхтуе іх да атрымання спецыяльнасці і забяспечыць актыўную адаптацыю ў грамадстве.

Рэаліі школьнага жыцця паказваюць, што, нягледзячы на пэўны наяўны вопыт, больш за ўсё цяжкасцей у вучняў узнікае пры выкананні не тэарэтычных, а практыка-арыентаваных заданняў. Аналіз зместу вучэбных дапаможнікаў па згаданых вучэбных прадметах паказвае, што колькасць практыка-арыентаваных задач у іх невялікая, таму настаўніку даводзіцца або шукаць заданні ў іншых дапаможніках, або канструяваць іх самому. Таму мы і звярнуліся да праекта “Развіццё прадметных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе навучання прадметам прыродазнаўча-матэматычнага цыкла”, асноўная ідэя якога наступная: ад практыка-арыентаванага задання — да фарміравання прадметных кампетэнцый і павышэння якасці адукацыі навучэнцаў. 

Ва ўстанове адукацыі былі створаны ўмовы для рэалізацыі педагагічнага праекта: матэрыяльна-тэхнічная база адпавядае існуючым нормам і стандартам; створана інфармацыйная прастора, якая адказвае сучасным патрабаванням. Творчая група стваралася з настаўнікаў матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі і геаграфіі, якія займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў калектыве, вызначаюцца педагагічнай кампетэнтнасцю, псіхалагічнай і прафесійнай гатоўнасцю да рэалізацыі праекта.

Работа вялася ў адпаведнасці з праграмай рэалізацыі праекта. Найбольш значнымі і эфектыўнымі мерапрыем­ствамі сталі семінар “Кампетэнтнасны падыход у навучанні як сродак рэалізацыі сучасных мэт адукацыі”, метадычны палілог “Практыка-арыентаваныя тэхналогіі для фарміравання прадметных кампетэнцый на вучэбных занятках прыродазнаўча-матэматычнага цыкла”, круглы стол для педагогаў і навучэнцаў “Аб значэнні прыродазнаўча-матэматычнай адукацыі для будучай прафесіі”.

Педагогамі распрацаваны памятка, схема, алгарытм складання практыка-арыентаваных заданняў. Удзельнікі праекта арганізавалі метадычную майстэрню па канструяванні практыка-арыентаваных заданняў у адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі, якія ў сістэме выкарыстоўвалі на вучэбных, факультатыўных і стымулюючых занятках у 7—11 класах. Для педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі праводзіліся адкрытыя ўрокі, майстар-класы на пасяджэнні секцыі “Прафесійная кампетэнтнасць”.

У выніку павысіўся ўзровень прафесійна-асобасных кампетэнцый педагогаў, яны авалодалі тэхналогіяй канструявання заданняў практыка-арыентаванай накіраванасці, назапашаны дыдактычныя і метадычныя матэрыялы для правядзення заняткаў. Створаны банк практыка-арыентаваных заданняў па матэматыцы, геаграфіі, біялогіі, фізіцы, хіміі для школ з беларускай мовай навучання. Гэтыя заданні размешчаны на афіцыйным сайце ўстановы адукацыі (старонка “Педагагічны праект” http://zaostrovech.kletsk-asveta.gov.by/).

Настаўнікі-інаватары адзначылі, што арганізацыя вучэбнай дзейнасці ва ўмовах укаранення педагагічнага праекта паспрыяла рознабаковаму развіццю навучэнцаў, падрыхтоўцы іх да будучай паспяховай сацыялізацыі і да свядомага выбару прафесіі праз выбар прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні ў профільных групах. Узровень сфарміраванасці прадметных кампетэнцый у вучняў па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі дастатковы: аналіз стартавых і выніковых работ паказаў станоўчую дынаміку навучанасці школьнікаў; адзначаецца стабільная выніковасць удзелу навучэнцаў у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, конкурсах работ даследчага характару; ёсць станоўчая дынаміка вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па матэматыцы, біялогіі, стабільная — па хіміі, фізіцы.

На пасляпраектным этапе плануецца ў сістэме выкарыстоўваць практыка-арыентаваныя заданні па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла ў адукацыйным працэсе, стварыць электронны банк урокаў удзельнікаў праекта, распаўсюджваць вопыт рэалізацыі праекта ў СМІ.

Блог настаўніка для прафесійнай будучыні

Ала Уладзіміраўна Іванова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Салігорска:

— З мэтай стварэння ўмоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання ў нашай школе з 2018 па 2021 год рэалізоўваўся педагагічны праект “Выкарыстанне адукацыйных блогаў як сродкаў суправаджэння прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”.

Асноўная ідэя праекта: выкарыстанне адукацыйных блогаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання дазволіць сістэмна ўкараніць і асвоіць новыя формы эфектыўнага сеткавага ўзаемадзеяння паміж настаўнікамі і навучэнцамі, забяспечыць развіццё канкурэнтаздольнасці і фарміраванне прафесійна важных кампетэнцый выпускнікоў школы.

Была праведзена серыя навучальных семінараў па праблеме сеткавага ўзаема­дзеяння педагогаў, па тэхнічных і методыка-дыдактычных магчымасцях блогаў у сетцы інтэрнэт, распрацаваны рэкамендацыі па выкарыстанні методыка-дыдактычных магчымасцей блога. Вывучаны прадстаўленыя адукацыйныя блогі ў сетцы інтэрнэт (Blogger, Weebly, LiveJournal, Multiurok, Infourok, Webnode, Jimdo), праведзены групавыя і індывідуальныя кансультацыі для ўдзельнікаў педагагічнага праекта. Распрацавана палажэнне аб адукацыйным блогу настаўніка.

У выніку праведзенай праектнай работы створаны і дзейнічаюць 5 адукацыйных блогаў: настаўнікаў англійскай мовы, рускай мовы, біялогіі, гісторыі і матэматыкі; распрацаваны метадычныя рэкамендацыі і дыягнастычныя матэрыялы па павышэнні эфектыўнасці прафесійнага самавызначэння навучэнцаў з дапамогай выкарыстання адукацыйных блогаў (правядзенне тэарэтычных і практычных заняткаў у фармаце змяшанага і дыстанцыйнага навучання на аснове адукацыйнага блога, дыягнастычны інструментарый для ацэнкі эфектыўнасці згодна с крытэрыямі і паказчыкамі педагагічнага праекта).

Матэрыялы блогаў арыентаваны на адукацыйную дзейнасць і суадносяцца са зместам вучэбных прадметаў. Для лепшай арыентацыі ў свеце прафесій на галоўных старонках блогаў прапанаваны спасылкі, дзе навучэнцы могуць азнаёміцца з пералікам прафесій, для якіх ім неабходна здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па вучэбных прадметах. Гэтыя матэрыялы дапамагаюць старшакласнікам сарыентавацца і выбудаваць сваю індывідуальную траекторыю развіцця ва ўмовах самастойнага выбару профілю навучання і сферы будучай прафесійнай дзейнасці.

Так, у адукацыйным блогу настаўніцы англійскай мовы Веранікі Аляксандраўны Бебех (https://superenglishwithveronika.blogspot.com/) для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў створана старонка прафарыентацыі Career Guidance, якая прапаноўвае розныя спасылкі для азнаямлення са светам прафесій, дзе неабходна валоданне англійскай мовай. Акрамя гэтага, навучэнцы старшых класаў маюць магчымасць падзяліцца сваімі думкамі пра значнасць англійскай мовы для кожнага паспяховага спецыяліста ў рамках конкурсу відэаэсэ. Такое заданне спрыяе развіццю навыкаў маўлення і камунікатыўнай культуры навучэнцаў.

З выкарыстаннем адукацыйнага блогу настаўніцы біялогіі Аксаны Аляксандраўны Радзюк (https://biologiaradyuk.blogspot.com/) навучэнцы 10—11 класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе эсэ на тэму “Біялогія ў маёй прафесійнай будучыні”. Гэты конкурс праводзіўся ў межах прадметнага тыдня. Адукацыйны блог настаўніцы гісторыі Вольгі Міхайлаўны Кулеш (https://historikylesh.blogspot.com) уключае старонку “Прафесіі, звязаныя з гісторыяй”.

Удзельнікі праекта прыйшлі да высновы, што адукацыйны блог з’яўляецца эфектыўным сродкам навучання, жывой крыніцай сістэматызаванай інфармацыі па прадмеце, дазваляе сарыентавацца ў прафесійнай будучыні, пры гэтым ён эфектыўны пры арганізацыі змяшанага і дыстанцыйнага навучання. Дарэчы, з 40 выпускнікоў 2021 года 7 плану­юць паступаць у медыцынскія УВА, 9 — звязаць сваё жыццё з англійскай мовай, 14 чалавек аддаюць перавагу эканамічным спецыяльнасцям, 8 — тэхнічным УВА. Актуалізуецца і стымулюецца імкненне педагогаў да самаразвіцця, што стварае ўмовы для іх прафесійнага росту. Назіраецца станоўчая дынаміка ў выбары профільных прадметаў па англійскай мове, матэматыцы, гісторыі, біялогіі, рускай мове, адзначаецца павышэнне сярэдняга бала па названых прадметах (па выніках параўнальнага аналізу паспяховасці). Згодна з распрацаванымі крытэрыямі намецілася станоўчая дынаміка вынікаў праектнай дзейнасці.

У далейшым плануецца працяг­нуць работу па выкарыстанні адукацыйных блогаў у педагагічнай практыцы. Матэрыялы, распрацаваныя ў рамках праекта, будуць карысныя настаўнікам усіх прадметаў у якасці адной з форм павышэння якасці дапрофільнай падрыхтоўкі і прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.


Мерапрыемства атрымалася цікавым, дынамічным і насычаным. Ацэнку вынікаў рэалізацыі праектаў ажыццяўлялі члены экспертнага савета Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, якія адзначылі высокі ўзровень прадукцыйнасці праектнай дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі вобласці. Дарэчы, азнаёміцца з прадстаўленымі праектамі можна на сайтах устаноў адукацыі.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.