Да станцыі “Перамога”

- 11:25Актуально, Апошнія запісы

У пятніцу на Прывакзальнай плошчы сталіцы прайшоў урачысты мітынг з нагоды старту патрыятычнага праекта “Маладзёжны агітцягнік “Кветкі Вялікай Перамогі”. Праект рэалізоўваецца Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі сумесна з Беларускай чыгункай пры падтрымцы шэрага міністэрстваў і ведамстваў, кіраўніцтвам аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама ў рамках святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Маладзёжны агітцягнік з’яўляецца адной з частак маштабнага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”, старт якому пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы быў дадзены ў студзені на 42-м з’ездзе БРСМ. Менавіта тады была прынята і эмблема акцыі, аснову якой склала чырвона-зялёная стужка з яблыневай кветкай — сімвалам перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Такая форма патрыятычнага выхавання, як агітцягнік, была выбрана нездарма. Цягнік — адзін з сімвалаў Вялікай Айчыннай вайны. Па словах намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Васільевіча Стоцкага, яго з сумам і надзеяй праводзілі на фронт маці і жонкі чырвонаармейцаў у 1941-м, яго з радасцю і ўдзячнасцю сустракалі ў пераможным маі 1945-га.
— Сімвалічна, што ў Год моладзі, 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі па ініцыятыве БРСМ кіраўнік дзяржавы падтрымаў акцыю “Кветкі Вялікай Перамогі”. Сёння ў рамках акцыі стартуе важнае мерапрыемства: па месцах баявой славы нашага народа адправіцца маладзёжны агітцягнік. На чыгуначных станцыях, у буйных гарадах вас будуць сустракаць равеснікі, ветэраны, і разам з імі праз сустрэчы, размовы, канцэрты, памятныя мерапрыемствы вы будзеце ўмацоўваць сваю любоў да Радзімы, — звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
Маштабна такія сустрэчы пачаліся на Гомельшчыне. Менавіта на гэтай зямлі яшчэ ў верасні 1943 года быў вызвалены першы населены пункт на тэрыторыі Беларусі — гарадскі пасёлак Камарын. У Гомелі ўдзельнікаў праекта віталі не менш урачыста, чым у Мінску. Чыгуначны вакзал абласнога цэнтра быў упрыгожаны кветкамі, сцягамі, плакатамі-лозунгамі. А першая платформа, як і ў Мінску, стала імправізаванай канцэртнай пляцоўкай. Юнакі і дзяўчаты ўзнавілі святочную атмасферу мая 1945-га, а ў неба былі запушчаны 70 паветраных шароў з чырвона-зялёнымі стужкамі.
Як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, адна з задач праекта — паведаміць маладым людзям пра подзвіг народа, дзякуючы якому наша Беларусь з’яўляецца незалежнай дзяржавай, паведаміць пра важнасць работы з ветэранамі, падтрымкі гэтых людзей, пра неабходнасць добраўпарадкавання помнікаў і абеліскаў, магіл і пахаванняў невядомых салдат. Гэтая задума будзе рэалізавана на практыцы. Падчас прыпынкаў агітцягніка ўдзельнікі акцыі наведваюць дамы ветэранаў, ускладаюць кветкі да помнікаў і абеліскаў.
— 2015-ы — не толькі Год моладзі, гэта год ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў краінах СНД. І гэта сімвалічна, бо старэйшае пакаленне спадзяецца, што ваш энтузіязм, маладосць, жаданне, ініцыятывы, памножаныя на нашу мудрасць, жыццёвы вопыт, прынясуць у выніку карысць нашай роднай Беларусі. Важна, каб ваш клопат пра ветэранаў, цікавасць да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не аслабелі і пасля гэтай паездкі, — звярнуўся да ўдзельнікаў праекта на яго ўрачыстым старце старшыня Рэспубліканскага савета ветэранаў Анатоль Мікалаевіч Новікаў.
Адметнасцю агітцягніка з’яўляецца незвычайны вагон-музей з адкрытай платформай. Кожны жадаючы падчас курсіравання саставу і на прыпынках зможа азнаёміцца з унікальнымі экспанатамі з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана”, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, музеяў шэрага сярэдніх школ Мінска.
Як і ў кожнага сапраўднага музея, экспазіцыя арыгінальнага вагона-музея папаўняецца на прыпынках агітцягніка новымі экспанатамі, а яшчэ творчымі работамі праекта “Мой фільм пра вайну” (фільмамі-ўспамінамі ветэранаў пра Вялікую Айчынную вайну, створанымі актывістамі БРСМ). Так, у Гомелі экспазіцыю музея дапоўнілі ўнікальныя прадметы з фондаў Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Гэта вінтоўкі Токарава і Мосіна, пісталет-кулямёт, самаробная свяцільня з гільзы, а таксама шлем Адрыяна, які стаяў на ўзбраенні краін Антанты ў гады Першай сусветнай вайны.
У рамках праекта будзе арганізавана курсіраванне трох саставаў. Першы ўжо завяршыў свой пераможны марш і прайшоў з 24 па 26 красавіка па маршруце Мінск — Бабруйск — Гомель — Жлобін — Магілёў — Мінск. Другі састаў агітцягніка стартаваў учора з Мінска. Яго пасажыры ўжо наведалі Оршу, Віцебск. Сёння чакаюцца святочныя мерапрыемствы ў Лідзе, Мастах, Скідзелі, Гродне. Трэці патрыятычны састаў адправіцца напярэдадні Дня Перамогі, 4 мая, па маршруце Мінск — Баранавічы — Брэст — Мінск.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.