6 мая 2017 года ў сярэдняй школе № 13 Барысава адбыўся заключны этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады педагог — 2017”. У конкурсе прымалі ўдзел настаўнікі навучальнай установы, якія маюць стаж работы да пяці гадоў.
На папярэдніх этапах удзельнікі прадставілі педагагічнае партфоліа, абагульнілі вопыт, правялі шэраг адкрытых мерапрыемстваў і заняткаў. У фінале кожнаму з канкурсантаў трэба было прадставіць творчую самапрэзентацыю і праявіць уменне вырашаць педагагічныя задачы, тым самым атрымаць права назваць сябе лепшым маладым педагогам школы. Не абышліся канкурсанты без сваіх вопытных настаўнікаў, калег і, вядома ж, выхаванцаў, якія натхнялі, дапамагалі, падтрымлівалі ўдзельнікаў у час спаборніцтваў. Падтрымаць сваіх родных і любімых прыйшлі і члены іх сем’яў.
Да конкурсу самапрэзентацый “Што для мяне школа?” кожны ўдзельнік падышоў крэатыўна, з выкарыстаннем як традыцыйных форм работы, так і сучасных. Не апошнюю ролю адыграла і валоданне навыкамі прамоўніцкага мастацтва. У той час, калі журы вызначалася з дыпламантамі і пераможцамі, таленты і здольнасці паказалі вучні школы, якія падрыхтавалі канцэрт у падтрымку любімых педагогаў.
Пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады педагог — 2017” стала настаўніца англійскай мовы Івона Яўгенаўна Вараб’ёва. Сацыяльны педагог Ганна Міхайлаўна Марозава і педагог-псіхолаг Ірына Сяргееўна Бублікава занялі другое і трэцяе месца адпаведна. Кожны ўдзельнік конкурсу атрымаў дыплом у пэўнай намінацыі і падарункі ад прафсаюзнага камітэта школы.
Скончылася свята флэш-мобам, падчас якога ўсе прысутныя выканалі песню Крыса Кельмі і Маргарыты Пушкінай “Замыкая круг”. Кожны прысутны атрымаў падчас мерапрыемства яркія ўражанні, прыемныя эмоцыі і добры настрой. А галоўным доказам, што конкурс стаў важнай падзеяй для ўсіх, былі слёзы радасці вучняў за сваіх любімых педагогаў. Дзеці не хавалі эмоцый, віншавалі пераможцаў, бо ў такім конкурсе пераможаных не бывае.
“Не спыняцца на дасягнутым!” — жадае школа сваім маладым педагогам.
Наталля СЦЯПУРА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Барысава.