Да вытокаў народных рамёстваў

- 14:38Выхаванне, Краязнаўства

На Маларытчыне мэтанакіравана захоўваюць і развіваюць традыцыйныя народныя рамёствы, зберагаюць, папулярызуюць і перадаюць маладому пакаленню нацыянальную культурную спадчыну.

Так, у мінулыя гады ў раёне быў рэалізаваны міжнародны праект “Народная творчасць без меж”, а сёлета пачаў ажыццяўляцца чарговы — “Вектар у мінулае. Развіццё традыцыйнай культуры як драйвер росту турыстычнага  патэнцыялу”.

Адраджэннем самабытных народных рамёстваў актыўна займаецца Хаціслаўскі СДК, пры якім больш за 20 гадоў дзейнічае школа народнай творчасці.

— Мы займаемся вывучэннем, зберажэннем і распаўсюджваннем традыцыйнай культуры нашай мясцовасці, — расказвае загадчыца СДК Г.І.Хомік. — Адраджаем найперш 3 віды рамёстваў: вышыўку, ткацтва і саломапляценне. Заняткі з задавальненнем наведва­юць вучні Хаціслаўскай сярэдняй школы. 

Попытам карыстаюцца ўсе гурткі, у тым ліку гурток “Традыцыя”, які не адзін год узначальвае майстар народнай творчасці Н.Р.Кава­льчук. 3 разы на тыдзень да яе прыходзяць 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія вучацца ў 2—10 класах мясцовай школы. Дзеці асвойваюць роспіс па шкле, займаюцца інкрустацыяй, аплікацыяй з саломкі, выцінанкай, скульптурным жывапісам… Асабліва падабаецца гурткоўцам спіральнае пляценне са жгутоў саломы.

— Гэта адна з найбольш старажытных тэхналогій, пашыраных калісьці на Маларытчыне, — гаворыць Н.Р.Кавальчук. — На жаль, сапраўдных майстроў гэтай справы сёння ўжо не засталося. Таму вельмі важна захаваць самабытнае рамяство. 

Салома прыдатная для вырабу як гаспадарчых, так і мастацкіх (дэкаратыўных) рэчаў. Часцей за ўсё з яе плялі вялікія саламяныя карабы і шыяны з накрыўкай, куды для захоўвання насыпалі да паўтоны зерня ці мукі. Попытам карысталіся і меншыя па памерах кублы і карабы для круп і адзення, а таксама гарцы, якія служылі мерай збожжа, сявенькі. Плоскія пляцёнкі выкарыстоўвалі як загатоўкі для саламяных брылёў і кашоў.

— Тэхналогія спіральнага пляцення даволі простая, — дзеліцца сакрэтамі рамяства Н.Р.Кавальчук. — Жгуты саломы ўкладваюцца па спіралі і злучаюцца паміж сабой лазовымі стужкамі (каранямі хвойных парод дрэў, ільнянымі ніткамі). Спачатку ўкладваецца па спіралі круглае ці авальнае дно, а потым нарошчваюцца вышыня і аб’ём сценак. Тэхналогія дазваляе зву­жаць ці пашыраць аб’ём вырабу, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Вартасці рэчаў спіральнага саломапляцення залежаць ад эластычнасці падрыхтаванага матэрыялу, розных адценняў яго колеру, канструктыўнай формы вырабу і інш. 

Сыравінай для пляцення з’яўляецца пераважна жытняя салома, сцябло якой мае найбольшую даўжыню і адрозніваецца трываласцю. Салому нарыхтоўваюць самі ў пачатку лета. У гэтым дапамага­юць СВК “Хаціслаўскі” і мясцовыя жыхары, якія се­юць жыта на прысядзібных участках. 

— Гурткоўцы асвойваюць тэхніку спіральнага саломапляцення за некалькі заняткаў, — гаворыць Н.Р.Кавальчук. — Карысць яго і ў тым, што яно развівае маторыку, абстрактнае мысленне, засяроджанасць і ўвагу, супакойвае, суцяшае, настройвае на працу. 

Работы гурткоўцаў неаднаразова экспанаваліся на розных конкурсах і фестывалях. У скарбонцы дасягненняў шмат узнагарод, атрыманых па выніках творчых спаборніцтваў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.