Дадатковая адукацыя: ці ўлічваюць педагагічныя стратэгіі рэаліі жыцця?

Напрыканцы мінулага тыдня на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Кіраванне інавацыйнай дзейнасцю як фактар развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Малдовы. Пытанні, якія закранулі прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі, выйшлі далёка за рамкі папярэдне запланаванага праблемнага поля. Педагогі задаваліся надзённымі пытаннямі выхавання, абмяркоўвалі шляхі насустрач маладому пакаленню і прапаноўвалі розныя варыянты папулярызацыі чалавечых, сямейных і нацыянальных каштоўнасцей.

Папера, а не чалавечая душа, становіцца галоўнай пры ацэнцы эфектыўнасці сістэмы

Дадатковая адукацыя ў Беларусі мае трывалыя традыцыі. Сёння ў нацыянальнай сістэме адукацыі функцыянуюць 334 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Сярод іх асноўная колькасць — шматпрофільныя цэнтры (палацы) дзіцячай творчасці.
Адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык адзначыў, што ў нашай краіне назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці менавіта шматпрофільных устаноў: калі ў 2011 годзе іх было 44,1%, то ў 2013 годзе — 55,7%. Сярод аднапрофільных цэнтраў 5 маюць мастацкі профіль, 23 — тэхнічны, 25 — экалагічны, 69 — турысцка-краязнаўчы і 21 — фізкультурна-спартыўны профілі. Усяго ўстановы дадатковай адукацыі ў Беларусі наведваюць больш за 390 тысяч навучэнцаў: гэта кожны трэці навучэнец краіны. Працуюць у названай сістэме больш за 14 тысяч педагогаў.
Аналізуючы арыенціры сучаснай дадатковай адукацыі, намеснік міністра абазначыў у якасці галоўнага неабходнасць сфарміраваць у падрастаючага пакалення ідэйны і маральны стрыжань. Менавіта гэтая тэма стала зыходным пунктам прафесійнай дыскусіі. Самыя актуальныя праблемы сучаснай педагогікі ўзнімалі не толькі беларускія спецыялісты, але і запрошаныя госці.
“Мы навязваем маладому пакаленню ўласныя стэрэатыпы, — акрэсліў сваю пазіцыю доктар педагагічных навук Аляксандр Рапрынцаў (Расія). — Асноўную праблему я бачу ў той супярэчнасці, якая ўзнікае ў падлетка. Мы кажам яму: “Будзь добрым, будзь шчырым, старайся дапамагчы”. Але, выходзячы на вуліцы, малады чалавек бачыць зусім іншае: сёння няма такой накіраванасці на калектывізм, якая была раней. Мы не ўлічваем рэаліі жыцця і пачынаем працаваць над рознымі стратэгіямі, якія выліваюцца ў нежыццяздольныя дакументы. “Нараджаем” мёртвую, нікому не патрэбную паперу, якая на самай справе нічога не мяняе.
Ці пазбаўлена сёння дадатковая адукацыя ад гор непатрэбных паперак і натоўпаў правяраючых? У Расіі такіх ацэншчыкаў усё больш і больш, пры гэтым крытэрыі ацэнкі працы становяцца такімі складанымі, што хутка эфектыўных педагогаў у сістэме ўвогуле не застанецца. Папера, а не чалавечая душа, становіцца галоўнай пры ацэнцы эфектыўнасці сістэмы”.
Эмацыянальны пасыл выступоўцаў прымусіў многіх адысці ад заяўленых тэм, і пленарнае пасяджэнне замест сухіх навуковых дакладаў набыло характар жывога і надзвычай актуальнага палілогу.
“Дадатковая адукацыя — тая сістэма, дзе чалавек можа знайсці сябе, — яшчэ раз агучыў вядомы пастулат доктар педагагічных навук прафесар Міхаіл Ражкоў (Расія). — Калі ў вучэбным працэсе вучань не можа выйсці за рамкі, то тут мае магчымасць ствараць сябе такім, якім яму хочацца быць. Адной з галоўных функцый дадатковай адукацыі з’яўляецца выхаванне, і сёння амаль у кожнага з маіх калег сваё разуменне гэтага паняцця. Разам з тым выхаванне патрэбна для таго, каб чалавек мог адчуваць сябе вольным. Вольны чалавек — той, які жыве па ўласных маральных прынцыпах, і пакуль мы не будзем вольнымі — не зможам перамагчы многія негатыўныя з’явы ў нашым жыцці”.
Прафесар Ражкоў закрануў у сваім выступленні і тэму сацыяльнай адоранасці маладога пакалення, падкрэсліўшы пры гэтым небяспеку, якую ўяўляюць у гэтым кантэксце сацыяльныя сеткі:
“Віртуальная камунікацыя замяніла жывыя зносіны, але яна не можа кампенсаваць такія моманты, як, напрыклад, развіццё лідарства. Вы толькі ўявіце, якую глебу для фарміравання сацыяльнай адоранасці дае звычайны турысцкі паход, хіба гэта можна параўнаць з камунікацыяй у інтэрнэце?”

Нам патрэбны педагог-фасілітатар і педагог-цьютар

Беларускія педагогі пагаджаліся з тым, што дадатковая адукацыя складае духоўна-ідэалагічны сегмент жыцця грамадства. У той жа час іх выступленні былі больш інфармацыйнымі, чым праблемнымі. Галоўнымі паказчыкамі эфектыўнасці работы сістэмы называліся, з аднаго боку, паспяховае засваенне выхаванцамі адукацыйных праграм, зацікаўленыя адносіны да справы, удзел у выставах і конкурсах, а з другога — асабісты прафесійны рост педагога. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка адзначыла, што новыя рэаліі патрабуюць ад сістэмы новых рашэнняў, таму ўстанова, якую яна ўзначальвае, працуе ў інавацыйным рэжыме:
“У гэтых новых рэаліях мы сутыкнуліся з некаторымі праблемамі, напрыклад, такімі як недастаткова распрацаваная нарматыўная база, адсутнасць адукацыйных праграм новага пакалення, складанасць падрыхтоўкі педагогаў да работы ў новых умовах. З мэтай вырашэння пытанняў быў распрацаваны і рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Вынікам работы цэнтра стаў шэраг новых нарматыўных дакументаў, матэрыялаў па навукова-метадычным суправаджэнні адукацыйнага працэсу, у прыватнасці, праектаў тыпавых праграм розных профіляў, праграм аб’яднанняў па інтарэсах, метадычных распрацовак і дапаможнікаў, зборнікаў матэрыялаў і інш. Самі супрацоўнікі цэнтра адзначаюць, што інавацыйны праект дазволіў не толькі ўзбагаціць прафесійны вопыт, але і выявіць “болевыя” кропкі і намеціць шляхі вырашэння праблемных пытанняў.
Больш глабальна аналізуючы сістэму, намеснік міністра адукацыі акцэнтаваў увагу на неабходнасці шырокага ўкаранення такіх кірункаў, як забеспячэнне адукацыйнага працэсу інфармацыйна-тэхнічнымі сродкамі, а таксама актывізацыя дыстанцыйных форм навучання з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця, сацыяльных праблем, аддаленасці населеных пунктаў.
Разважаючы пра месца педагога ў новай сістэме каардынат, загадчык лабараторыі праблем выхавання асобы Нацыянальнага інстытута адукацыі Анатоль Глінскі падкрэсліў, што сёння грамадства прад’яўляе істотна іншыя патрабаванні да падрыхтоўкі спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Сучаснай установе, у тым ліку і дадатковай адукацыі, больш не патрэбны педагог-адаптант, які ўмее прыстасоўвацца да пэўных патрабаванняў! Сістэме патрэбны педагог-фасілітатар, які ўмее ствараць спрыяльныя ўмовы для фарміравання асобы выхаванца, педагог-цьютар, які будзе здзяйсняць суправаджэнне і падтрымку яго эфектыўнай адукацыйнай дзейнасці. Па меншай меры сістэме патрэбны праекціроўшчык уласнага прафесійнага лёсу, педагог, які здольны вырашаць задачы развіцця дзяцей прадукцыйнымі, магчыма, аўтарскімі педагагічнымі сродкамі.
Вопытам работы з удзельнікамі канферэнцыі падзяліліся і госці з Казахстана і Малдовы, якія таксама імкнуцца не адставаць ад прафесійнага ўзроўню калег з Расіі і Беларусі.
Працягнулі канферэнцыю творчыя інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы і работа ў тэматычных секцыях. Падводзячы рысу пад прафесійным форумам, хацелася б адзначыць, што па-ранейшаму галоўным крытэрыем цікавасці маладога пакалення да педагога з’яўляецца асоба апошняга. Аб тым, што ляжыць у аснове іх прафесійнага пошуку, мы спадзяёмся, нам раскажуць самі педагогі. У наступных нумарах “Настаўніцкай газеты” будзе прадстаўлены вопыт работы вядучых беларускіх практыкаў. Таксама мы запрашаем усіх педагогаў дадатковай адукацыі выказаць сваё меркаванне на тэму інавацый у сістэме і іх вынікаў.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.