Дадому — з узнагародамі!

- 11:31Актуально, Апошнія запісы

Беларускія школьнікі годна прадставілі свае навуковыя работы на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair-2015 і вярнуліся дадому з узнагародамі. Нашы землякі ўдастоены двух дыпломаў навуковага журы і трох спецыяльных прызоў.

Конкурс Intel International Science and Engineering Fair-2015 адбыўся ў ЗША ў горадзе Пітсбургу, штат Пенсільванія. Каля 1700 юных навукоўцаў з 75 краін свету прадставілі свае праекты на гэты конкурс сёлета. Рэспубліку Беларусь на конкурсе прадстаўлялі чацвёра навучэнцаў. Іх праекты былі прызнаны лепшымі на конкурсе Belarus Science and Engineering Fair, які праходзіў у лютым у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій і карпарацыя Intel.
На міжнародным конкурсе ў Пітсбургу Віктар Беляўцоў, навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, атрымаў адразу тры ўзнагароды — дыплом навуковага журы, спецыяльны прыз аднаго з найбуйнейшых карпаратыўных фондаў у ЗША Alcoa Foundation і спецыяльны прыз Грамадства выпрабавальнікаў пілотаў (Society of Experimental Test Pilots), міжнароднай арганізацыі лётных выпрабаванняў лётчыкаў і касманаўтаў, якая спрыяе бяспецы палётаў і адукацыі ў галіне праектавання і лётных выпрабаванняў аэракасмічных транспартных сродкаў. Віктар прадстаўляў на суд міжнароднага журы работу “Новы тып крыла”.
Дыплом навуковага журы таксама атрымаў Іван Саечнікаў, навучэнец Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, за работу “Рэалізацыя метаду аўтаномнага пазіцыянавання нанаспадарожніка класа CanSat для пабудовы вертыкальных профіляў газавага складу атмасферы і карт вегетацыйных індэксаў”.
Работа Уладзіслава Гадалава, навучэнца сярэдняй школы № 11 Слуцка, “Сістэма бяспекі Artemis Web Security” была адзначана на конкурсе спецыяльным прызам ад найбуйнейшага ў свеце рэгістратара даменных імёнаў GoDaddy.
Конкурс Intel International Science and Engineering Fair — найбуйнейшы ў свеце сярод аналагічных конкурсаў і вельмі прэстыжны. Радасна, што нашы землякі вытрымалі неверагодную канкурэнцыю, годна прадставілі і свае навуковыя работы, і нашу краіну. Віншуем іх з высокімі дасягненнямі на міжнародным узроўні і жадаем далейшых поспехаў!

Дар’я РЭВА.