Дадзены старт рабоце па падрыхтоўцы прагнозу далейшага развіцця краіны

- 11:28Інфармацыйная гадзіна

У Міністэрстве эканомікі пад старшынствам міністра Уладзіміра Зіноўскага адбылося першае пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год, паведамілі ў прэс-службе Мінэканомікі.

“Наша пасяджэнне важнае з пункту гледжання старту ўсёй маштабнай работы па падрыхтоўцы прагнозу. Мы павінны прыняць рашэнні, якія стануць асновай для распрацоўкі будучых прагнозных дакументаў. Не толькі на 2019 год, але і на завяршальны год бягучай пяцігадовай праграмы. На гэтай жа аснове будзе будавацца падмурак будучай пяцігодкі”, — падкрэсліў міністр.

Уладзімір Зіноўскі адзначыў актуальнасць і важнасць сумеснай работы дзярж­органаў у фармаце міжведамаснай рабочай групы. Гэта садзейнічае якаснай падрыхтоўцы прагнозных дакументаў. Міністр паведаміў, што Мінэканомікі разам з дзяржаўнымі органамі ўжо праведзена вялікая работа па фарміраванні сцэнарных умоў і асноўных макрапаказчыкаў.

На нарадзе абмеркаваны прадстаўленыя НДЭІ Мінэканомікі параметры знешніх і ўнутраных фактараў, іх уплыў на магчымыя сцэнарыі развіцця эканомікі Беларусі ў 2019 годзе. “Работа па падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2019 год у фармаце міжведамаснай групы будзе прадоўжана”, — растлумачылі ў прэс-службе.

У рабоце групы прынялі ўдзел першы намеснік міністра энергетыкі Віктар Каранкевіч, намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў, намеснік міністра фінансаў Юрый Селівёрстаў, намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая, кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Віктар Пінігін.