Беларусь добрасумленна выканала міжнародныя абавязацельствы пры экстрадыцыі блогера Аляксандра Лапшына ў Азербайджан. Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
“Я ўпершыню звяртаюся да пытання Аляксандра Лапшына, і гэта невыпадкова. 7 лютага свой вердыкт вынес Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Гэтую тэму ўжо пракаменціравалі Генеральная пракуратура і Міністэрства ўнутраных спраў. Экстрадыцыя — пытанне, якое ляжыць выключна ў прававой плоскасці. Беларусь добрасумленна выканала свае міжнародныя абавязацельствы па міжнародным дагаворы па аказанні прававой дапамогі. Дагаворы павінны выконвацца”, — сказаў Дзмітрый Мірончык.
Прадстаўнік МЗС таксама пракаменціраваў заявы армянскага боку адносна членства Беларусі ў АДКБ. “Удзел або няўдзел у дагаворы аб калектыўнай бяспецы мае добраахвотны характар і з’яўляецца ўласным, суверэнным выбарам той ці іншай дзяржавы. Як вы ведаеце, Беларусь свой выбар зрабіла. Прапановы аб выключэнні з АДКБ пазбаўлены якіх-небудзь юрыдычных падстаў”, — звярнуў ён увагу.
“Нарэшце, што тычыцца беларуска-расійскага аспекту. Апошнім часам паміж бакамі ўзнікалі пэўныя адрозненні ў разуменні шляхоў вырашэння актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня. Тым не менш хачу падкрэсліць, што МЗС Беларусі, якое адказвае за рэалізацыю знешняй палітыкі краіны, пацвярджае нашу нязменную прыхільнасць да дружалюбных, саюзніцкіх адносін з Расіяй і разлічвае на сустрэчны канструктыўны падыход пры пошуку развязак па існуючых праблемных момантах”, — заявіў Дзмітрый Мірончык.
Як паведамлялася, блогер Аляксандр Лапшын быў затрыманы ў Мінску ў снежні 2016 года па запыце Азербайджана. У студзені Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі мужчыны ў Азербайджан. Блогер абскардзіў гэтае рашэнне спачатку ў Мінскім гарадскім судзе, пасля — у Вярхоўным Судзе. Аднак, па выніках разгляду, яго скаргі былі пакінуты без задавальнення, а пастанова аб выдачы прызнана законнай.
Рашэнне аб выдачы 7 лютага ўступіла ў законную сілу. Ні Расія, ні Ізраіль, грамадзянінам якіх з’яўляецца Аляксандр Лапшын, з просьбай аб яго выдачы да беларускага боку не звярталіся.
У Азербайджане мужчына абвінавачваецца па арт.281.2 (публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы) і арт.318.2 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай граніцы) Крымінальнага кодэкса.