Дакладнасць і лірыка

- 11:20Адукацыйная прастора

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адбыўся абласны этап Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы і рускай мове і літаратуры. І калі сярод матэматыкаў дамінавалі “дакладныя” хлопцы, то рускую мову і літаратуру прадстаўлялі “лірычныя” дзяўчаты.

Сярод 69 удзельнікаў алімпіяды па рускай мове і літаратуры былі толькі чатыры хлопцы, але колькасць іх не паўплывала на вынікі. Так, навучэнец 9 класа гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна Глеб Варанчыхін адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

— Удзельнікі алімпіяды выконвалі восем заданняў па мове і чатыры — па літаратуры, — расказвае метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Чабоцька. — Па выніках алімпіяды дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені ўручаны 31 удзельніку, 10 чалавек атрымалі пахвальны водгук. Адзінаццацікласніцы Дар’я Мельнікава (гімназія № 1 Ліды) і Настасся Лодачкіна (сярэдняя школа № 33 Гродна) заваявалі дыпломы І ступені, а значыць, і 100-бальны вынік па цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэта сведчыць пра тое, што дзяўчаты паспяхова пачалі ўласную ўступную кампанію. Іх настаўнікамі з’яўляюцца Таццяна Глыздова і Іна Мышко.

Дыпломамі І ступені таксама адзначаны навучэнцы 9 класа — Арына Радзюк (гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна, настаўніца Алена Карнялюк), Настасся Галаўнёва (гімназія № 1 Ліды, настаўніца Таццяна Глыздова), навучэнкі 10-х класаў — Ірына Новыш з сярэдняй школы № 3 Зэльвы (настаўніца Алена Рудая) і Ганна Кузьміч з сярэдняй школы № 6 Гродна (настаўніца Рыта Лапнеўская). Найлепшыя вынікі прадэманстравалі Ірына Новыш — 80,75 бала са 100 магчымых, і Дар’я Мельнікава — 80,7 бала.

***

У абласным этапе алімпіяды па матэматыцы ўдзельнічалі навучэнцы 7—11 класаў. Сямікласнікі выступалі па праграме 8 класа. Тут заззялі новыя зорачкі: навучэнка 7 класа гімназіі № 3 Гродна Мілана Пагасян атрымала дыплом ІІ ступені і ўключана ў рэзерв каманды па падрыхтоўцы да рэспубліканскага этапу алімпіяды. А па інфарматыцы дзевяцікласнік Аляксей Пырко з Гродзенскай гарадской гімназіі, які атрымаў дыплом І ступені, значна абышоў сваіх калег і набраў 724 балы з 800 магчымых. Яго трэнерам з’яўляецца Дмітрый Бержынскі, які падрыхтаваў яшчэ аднаго дыпламанта І ступені Аляксея Шчарбатага (з гэтай жа гімназіі). Таксама два дыпломы найвышэйшай ступені атрымалі Яўген Ненартовіч з Забалацкага ясляў-сада — сярэдняй школы Воранаўскага раёна (трэнер Юрый Вільчэўскі) і Васіль Сечка з гімназіі № 1 Ліды (трэнер Ігар Васерын).

— Сёлета парадавала выступленне дзесяцікласнікаў, а гэта сведчыць пра тое, што ёсць рэзерв і на наступны год, — расказвае старшыня журы алімпіяды па матэматыцы, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Юрый Раманоўскі. — Навучэнец 10 класа гімназіі № 1 Дзятлава Ілья Угрын паказаў вынік 57 балаў з 60 магчымых. Прадэманстравалі алімпіяднікі і цікавыя, нестандартныя рашэнні аўтарскіх задач, асабліва гэта назіралася ў заданнях па геаметрыі.

Дыпломамі І ступені Абласной алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка” ўзнагароджаны навучэнцы 8 класа Ілья Парфяненка (гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна, настаўнік Тэрэса Курчэўская), Ксенія Бельская і Максім Пятляк (Гродзенская гарадская гімназія, настаўнік Марта Казлоўская); навучэнец 9 класа Міхаіл Грыгарчук (гімназія № 3 Гродна, настаўнікі Яўген Разумаў, Таццяна Прыскока і Ірына Карлюкова); навучэнец 10 класа Ілья Угрын (гімназія № 1 Дзятлава, настаўнік Ганна Урбановіч), навучэнцы 11 класа Яўген Баяк (сярэдняя школа № 13 Гродна, настаўнік Ядвіга Давыдава) і Соф’я Быль (гімназія № 10 Гродна, настаўнік Людміла Манкевіч).

Усяго ў алімпіядзе па 17 вучэбных прадметах удзельнічалі 856 навучэнцаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Самым юным удзельнікам быў пяцікласнік Дарый Кайрак, які вучыцца ў гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна. Ён удзельнічаў у алімпіядзе па кітайскай мове па праграме 10 класа. У веданні кітайскай мовы спаборнічалі таксама навучэнцы Гродзенскай гарадской гімназіі і гімназіі імя Я.Ф.Карскага, гродзенскіх сярэдніх школ № 18 і № 38. Дыпломам І ступені ўзнагароджана навучэнка Гродзенскай гарадской гімназіі Ганна Хэ.

Як паведаміла начальнік Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Людміла Мячына, усяго па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах было ўручана 372 дыпломы. Лепшыя вынікі прадэманстравалі прадстаўнікі Кастрычніцкага раёна Гродна — 91 дыплом, Ленінскага раёна Гродна — 89 дыпломаў, і Лідскага раёна — 77 узнагарод. Сярод навучальных устаноў лідзіруюць гімназіі: гімназія Ліды (36 дыпломаў, плюс 9 дыпломаў у параўнанні з мінулым годам), гімназія № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна (35 дыпломаў), Гродзенская гарадская гімназія (32). У гэтым годзе ў параўнанні з мінулым павысілася выніковасць выступлення навучэнцаў гімназій. Яны атрымалі 61 працэнт усіх дыпломаў. У 2017 годзе — палову ад усіх узнагарод. Значна палепшылі вынікі навучэнцы гімназіі № 10 Гродна (плюс 7 дыпломаў), гімназій № 3 і № 2 Гродна, а таксама навучэнцы з Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гродна, Лідскага, Ваўкавыскага, Астравецкага, Смаргонскага і Дзятлаўскага раёнаў.

І яшчэ некалькі фактаў: удзел у абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі чатыры прадстаўнікі сярэдняй спецыяльнай адукацыі і атрымалі дыпломы па рускай і нямецкай мове. У журы ўваходзілі настаўнікі-прадметнікі, навучэнцы якіх дасягаюць высокіх вынікаў у алімпіядным руху, а таксама выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Так, у складзе журы алімпіяды па матэматыцы былі два магістранты факультэта матэматыкі і інфарматыкі — Наталля Казлоўская і Яўген Разумаў, колішнія пераможцы алімпіяды. Усім пераможцам алімпіяды па інфарматыцы былі ўручаны падарункі ад спонсараў. З 39 дыпломаў алімпіяды па матэматыцы 17 дыпломаў і 4 пахвальныя водгукі атрымалі слухачы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.