Дакумент па лічбавізацыі эканомікі будзе падпісаны ў найбліжэйшы час

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

Астатнія дакументы па лібералізацыі бізнесу будуць падпісаны ў найбліжэйшы час, заявіў першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі перад пачаткам канферэнцыі “Кастрычніцкі эканамічны форум “Асновы будучыні”.

“Восем з дзесяці дакументаў падпісаны. У найбліжэйшы час будзе падпісаны дакумент па лічбавізацыі эканомікі, па Парку высокіх тэхналогій. Ён практычна гатовы. Спадзяюся, будзе нарада, каб у шырокім фармаце абмеркаваць усе нюансы”, — адзначыў Васіль Мацюшэўскі.

Мяркуецца, што пасля прыняцця ўсяго пакета дакументаў па лібералізацыі эканомікі будзе праведзена шырокае грамадскае абмеркаванне навацый, якія прадугледжаны.

Як заяўляў Васіль Мацюшэўскі раней, пакет дакументаў, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва, павінен кардынальна змяніць бізнес-асяроддзе ў Беларусі. Прыняцце дакументаў накіравана на выкананне асноўных задач: забеспячэнне самазанятасці насельніцтва, зніжэнне кошту ўваходу ў любы бізнес і далейшага адміністравання, а таксама лічбавізацыя эканомікі.