Дакументы, якія не дазволяць забыцца

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Прэзентацыя дакументальных выданняў з серыі “Без тэрміну даўнасці” аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць грамадзянскага насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца сёння, 22 ліпеня, у Нацыянальным архіве Беларусі. Аб гэтым паведамілі ва ўстанове.

У зборнікі, якія прысвечаны Віцебскай і Гомельскай абласцям, увайшлі 363 дакументы (савецкія і нямецкія) аб злачынствах акупантаў супраць грамадзянскага насельніцтва БССР. Названыя выданні ўключаюць у сябе таксама дадаткі: “Спіс месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва”, “Спіс месцаў масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва”, “Спіс найбольш буйных карных аперацый” і “Спіс сельскіх населеных пунктаў, знішчаных акупантамі поўнасцю або часткова”.

“Дакументальныя зборнікі прызначаны для гісторыкаў, навуковых і музейных работнікаў, даследчыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, краязнаўцаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца нацыянальнай гістарычнай спадчынай Беларусі. Яны пад­рыхтаваны ў рамках сумеснага беларуска-расійскага праекта пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі і архіўных устаноў рэспублікі”, — адзначылі арганізатары.