Далучыць вучняў да народных вытокаў, паказаць ім прыгажосць і мілагучнасць роднага слова — да гэтага штодзень імкнецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Бельскай сярэдняй школы Крычаўскага раёна Зінаіда Арцёмава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яе педагагічны шлях доўжыцца ўжо амаль паўстагоддзя. І практычна ўвесь гэты час яна працуе на адным месцы:
— У школе вёскі Бель выкладаю з моманту яе адкрыцця. Ужо 40 гадоў мінула з той пары, як прыйшла сюды маладой настаўніцай. За гэты перыяд школьныя сцены сталі для мяне другім домам, кожны куточак тут знаёмы і блізкі.
За салідны стаж Зінаіда Адамаўна выпрацавала ўласныя падыходы да навучання. Упэўнена: для таго каб вучні дасягалі вучэбнай паспяховасці, педагогу трэба любіць сваю справу, імкнуцца да пастаяннага прафесійнага ўдасканалення, а яшчэ — быць шчырым і адкрытым з дзецьмі.
— Сённяшнія навучэнцы вельмі мабільныя, таму заняткі раблю змястоўна насычанымі. Інакш складана зацікавіць прадметам. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу выкарыстоўваю методыкі, якія вучаць дзяцей вырашаць пытанні, арыентавацца ў патоку інфармацыі, адстойваць пункт гледжання. Пастаянна прымяняю тэхналогіі крытычнага мыслення, праблемнага і асобасна арыентаванага навучання, ІКТ, актыўную ацэнку, гульнявыя тэхналогіі. Вялікае значэнне надаю візуалізацыіі, рэгулярна рыхтую для вучняў разнастайныя кластары, табліцы, схемы, — расказала суразмоўніца.
Галоўнае на ўроках мовы для Зінаіды Арцёмавай — навучыць дзяцей гаварыць па-беларуску. Прычым стаўку настаўніца робіць на самастойнае авалоданне ведамі, стымулюе хлопцаў і дзяўчат на пазнавальны пошук і асабістыя адкрыцці.
— Самастойнае навучанне дапамагае вучням адчуваць эмацыянальнае задавальненне ад зробленага, радасць ад пераадолення цяжкасцей. І мне прыемна назіраць за іх вучэбнымі перамогамі, бачыць, як складаныя тэмы паступова ператвараюцца ў даступныя і зразумелыя, — паведаміла Зінаіда Адамаўна.
Літаратуру Зінаіда Арцёмава выкладае крыху інакш. Педагог пераканана: асноўная мэта гэтых заняткаў — не спазнанне, а выхаванне. Урокі літаратуры яна заўсёды напаўняе роздумамі, дыялогамі, дыскусіямі.
— Разам з навучэнцамі шмат аналізуем жыццёвыя сітуацыі, у якіх апынуліся героі апавяданняў, вершаў ці раманаў. Дзеці даюць маральна-этычную ацэнку ўчынкам персанажаў, суперажываюць, уяўляюць, як бы паступілі самі. Нярэдка выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі, праводжу паралелі паміж літаратурай, гісторыяй і мастацтвам. Такія прыёмы вучаць дзяцей не проста чытаць, а разумець ідэю твора, ключавую думку пісьменніка, — растлумачыла Зінаіда Адамаўна.

Выхаванню вучняў Зінаіда Арцёмава наогул удзяляе павышаную ўвагу. У гэтым кірунку ўсебакова абапіраецца на патэнцыял музейнай педагогікі, бо ўнесла істотны ўклад у стварэнне ў школе краязнаўча-этнаграфічных музейных пакояў.
— Сёння ў нас аформлены шэсць экспазіцый. У адным пакоі наглядна адлюстраваны старадаўні побыт сялян: тут прадстаўлены розны гаспадарчы інвентар, посуд, прылады працы, унікальная калекцыя ручнікоў. Другі — прысвечаны мінуламу і сучаснасці нашай вёскі і школы. Музейную прастору шырока выкарыстоўваю як для правядзення ўрокаў, так і для пазакласнай дзейнасці. Сумесна з навучэнцамі адраджаем народныя традыцыі і абрады. Мерапрыемствы праходзяць выключна на беларускай мове. Падчас свят, гульняў і вечарын у дзяцей фарміруецца любоў да Радзімы, гордасць за спадчыну продкаў. З гэтых пачуццяў пачынаецца патрыятызм, грамадзянскасць, нацыянальная свядомасць, — заўважыла Зінаіда Адамаўна.
У прыярытэце для Зінаіды Арцёмавай — работа з адоранымі вучнямі. З матываванымі дзецьмі яна працуе індывідуальна, стараючыся максімальна развіць іх здольнасці. І ў яе добра атрымліваецца раскрываць юныя таленты: навучэнцы вынікова праяўляюць сябе ў творчых і даследчых конкурсах.
Сумленная праца Зінаіды Адамаўны неаднаразова была адпаведна адзначана. У яе прафесійнай скарбонцы нямала высокіх узнагарод. Але самым значным сваім дасягненнем настаўніца лічыць не гэта.
— Поспехі сённяшніх і былых вучняў, іх даверлівыя адносіны і ўдзячнасць — вось што для мяне самае важнае і каштоўнае, — падкрэсліла педагог.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





