Даміно, трыміно, флэш-карткі — Галіна Купрыянчык ведае, як зрабіць урокі хіміі захапляльнымі і выніковымі

- 10:08Образование

Настаўнік­-метадыст Галіна Купрыянчык з пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана робіць урокі хіміі цікавымі, захапляльнымі і выніковымі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па словах педагога, выдатным інструментам для замацавання і паўтарэння вывучанага матэрыялу з’яўляецца даміно. Галіна Рыгораўна стварыла даміно для сямікласнікаў па тэме “Аднародныя і неаднародныя сумесі”, а для дзевяцікласнікаў — па тэмах “Арганічныя і неарганічныя рэчывы” і “Электраліты і неэлектраліты”. Разам з тым настаўніца прапануе вучням у якасці дадатковага задання скласці даміно па пройдзенай тэме.

— Вельмі часта выкарыстоўваю трыміно, што робіць урокі інтэрактыўнымі, ператвараючы абстрактныя канцэпцыі ў тактыльныя гульні, — расказвае Галіна Купрыянчык. — Трыміно падыходзіць для розных узростаў і дапамагае пераадолець бар’еры ў разуменні матэрыялу. Стварыць яго няцяжка дзякуючы вялікай колькасці адпаведных праграм. Най­часцей звяртаюся да праграмы Tarsia Maker. Створанымі гульнямі дзялюся ў Telegram-канале ці ў Instagram.

Педагог актыўна прымяняе і флэш-карткі, якія ўяўляюць сабой эфектыўны спосаб хуткага паўтарэння вывучанага матэрыялу і запамінання важнай інфармацыі. Асабліва карысныя яны пры падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ.

Настаўніца склала флэш-карткі па назвах хімічных элементаў і фізічных уласцівасцях рэчываў, у тым ліку па тэмах “Хлор” і “Вугляводы”. Так, пры вывучэнні тэмы “Вугляводы” вучні запамінаюць структурныя формулы такіх вугляводаў, як цэлюлоза, крухмал, α-глюкоза і β-глюкоза. Гэта важна, бо такія формулы ёсць у заданнях ЦЭ і ЦТ. Таму педагог прымяняе карткі не толькі ў 10 класе пры вывучэнні вугляводаў, але і ў 11-м пры падрыхтоўцы вучняў да ЦЭ і ЦТ на дадатковых занятках.

— Падчас вывучэння тыпаў хімічных рэакцый звяртаюся да гульні “МЕМО”, якая добра развівае па­мяць і ўважлівасць, — гаворыць настаўніца. — Гульцам прапануецца поле з перавернутымі карткамі, дзе запісаны ўраўненні хімічных рэакцый розных тыпаў і назвы гэтых тыпаў. Вучні падбіраюць тыя карткі, якія падыхо­дзяць адна адной. Так, калі на картцы змешчана ўраўненне рэакцыі замяшчэння, трэба знайсці картку з назвай неабходнага тыпу. Калі адкрыліся дзве розныя карткі, вучні пераварочваюць іх назад, запамінаючы размяшчэнне карцінак. Перамагае той, хто знойдзе больш за ўсё пар картак.

Галіна Купрыянчык лічыць гульнявыя тэхналогіі дзейсным сродкам павышэння эфектыўнасці адукацыйнага працэсу. Педагог паспяхова адаптуе розныя методыкі пад патрэбы канкрэтнага класа з улікам падрыхтоўкі вучняў і асаблівасцей успрымання матэрыялу. Пры гэтым гульні не замяняюць традыцыйныя метады, а дапаўняюць іх, робячы ўрокі больш дынамічнымі і прыцягальнымі. Назапашаным вопытам, у тым ліку ў алімпіядным руху, Галіна Рыгораўна дзеліцца з калегамі на майстар-класах і ў метадычным друку, а таксама падчас курсаў павышэння кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным ІРА.

— Выкарыстоўваю флэш-карткі для вывучэння формул вугляводаў, неабходных для паспяховай здачы экзаменацыйных выпрабаванняў, — тлумачыць Галіна Рыгораўна. — Акрамя таго, карткі зручныя для адпрацоўкі назваў хімічных элементаў, іх сімвалаў і ўласцівасцей. Такі прыём істотна паскарае запамінанне матэрыялу і павышае ўпэўненасць вучняў у сваіх ведах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА