Дапамагчы разабрацца ў тонкасцях прафесіі: адкрыты мікрафон для маладых педагогаў прайшоў у Брэсце

- 17:11Новости

Больш за 200 настаўнікаў і выхавальнікаў сабраў адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” ў Брэсце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Шчыра і адкрыта

У мерапрыемстве, якое праходзіла на базе сярэдняй школы № 11, удзельнічалі старшыня гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі Анатоль Наскоў, ветэраны працы і члены маладзёжнага савета гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза.

— Штогод адкрыты мікрафон збірае педагогаў першага года работы, каб дапамагчы ім разабрацца ў тонкасцях настаўніцкай прафесіі і даведацца, якім чынам абараняюцца іх працоўныя правы і прафесійныя інтарэсы, — расказала старшыня гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іна Жак. — Для маладых спецыялістаў гэта магчымасць задаць пытанні, якія ўзніклі падчас работы, атры­маць на іх кваліфікаваныя адказы і, канечне, падзяліцца эмоцыямі і ўражаннямі ад пачатку працоўнай дзейнасці.

Кіраўнік Брэста азнаёміў педагогаў з асноўнымі кірункамі развіцця горада, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што толькі эфектыўная эканоміка дазваляе паляпшаць дабрабыт яго жыхароў, у тым ліку і работнікаў сістэмы адукацыі, на якую расходуецца каля 40% гарадскога бюджэту.

У планах — будаўніцтва 120 арэндных кватэр для педагогаў у раёне БрДТУ. Дзякуючы стабільнай эканамічнай сітуацыі, разглядаецца магчымасць павышэння для настаўнікаў надбаўкі за кантракт да 50%.

Маладыя педагогі актыўна задавалі пытанні, у тым ліку асабістага характару, старшыні гарвыканкама, спецыялістам сістэмы адукацыі Брэста і гарадской прафсаюзнай арганізацыі: якім павінен быць лідар будучыні, як асоба настаўніка ўплывае на павышэнне цікавасці вучняў да ўдзелу ў грамадска-палітычных і сацыяльна значных мерапрыемствах, як трапіць у рэзерв кадраў і інш.

Падчас шчырай размовы ўдзельнікі адкрытага мікрафона абмеркавалі цяжкасці, з якімі сутыкаюцца маладыя педагогі, паразважалі над тым, як хутка і эфектыўна адаптавацца ў прафесійным асяроддзі, які ўклад маладыя спецыялісты могуць унесці ў павышэнне якасці адукацыі. Абапіраючыся на ўласны вопыт, Сяргей Лабадзінскі падзяліўся парадамі па дзейсным пераадоленні цяжкасцей і паспяховым станаўленні ў прафесіі, у тым ліку як кіраўніка.

— У бягучым навучальным годзе педагагічную сям’ю Брэста папоўнілі 210 маладых спецыялістаў. Мерапрыемствы накшталт адкрытага мікрафона, якія праводзяцца разам з гарадской арганіза­цыяй галіновага прафсаюза, — выдатная магчымасць яшчэ раз нагадаць кожнаму педагогу, што выбраная прафесія самая паважаная і неабходная ў свеце, — адзначыў Анатоль Наскоў, пажадаўшы моладзі поспехаў у далейшай працоўнай дзейнасці і плённай работы на карысць горада і краіны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлены гарадскім прафсаюзам