Беларусь і Афганістан павінны перайсці ад пажаданняў і размоў да выбудоўвання канкрэтнага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўніком выканаўчай улады Афганістана Абдулой Абдулой, які наведаў нашу краіну з афіцыйным візітам.
Прэзідэнт заўважыў, што адносіны Савецкага Саюза з Афганістанам былі няпростыя. Так склалася гісторыя. Беларусь як адна з былых рэспублік СССР таксама нясе адказнасць за падзеі, якія адбываліся ў тыя часы.
“Гэтая адказнасць не толькі на Савецкім Саюзе. У большай ступені гэта адказнасць і іншых краін, вы іх добра ведаеце. Я не прыхільнік таго, каб забываць гісторыю, але і перажываць пастаянна з-за тых працэсаў, якія адбываліся, напэўна, будзе няправільна. Трэба выбудоўваць адносіны, трэба рабіць усё, каб у будучыні нашы адносіны былі цудоўнымі і каб нам не было сорамна глядзець адзін аднаму ў вочы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У сувязі з гэтым я хачу вас як кіраўніка выканаўчай улады запэўніць, што наш урад будзе рабіць усё для таго, каб выбудаваць фундамент нашых адносін, умацаваць, напоўніць іх канкрэтным зместам, перайсці ад пажаданняў, размоў да канкрэтнага супрацоўніцтва. Мы да гэтага гатовы”.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь гатова развіваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках, якія могуць быць цікавыя Афганістану.
У час перагавораў было адзначана, што найбольш перспектыўнымі з’яўляюцца такія сферы ўзаемадзеяння, як машына- і станкабудаванне, нафтахімія, нафтаперапрацоўка, сельская гаспадарка, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, падрыхтоўка кадраў і ахова здароўя.
Афганскі бок падкрэсліў зацікаўленасць у стварэнні сумесных вытворчасцей у сельскай гаспадарцы і прамысловасці, навучанні сваіх грамадзян у беларускіх УВА. Кіраўнік выканаўчай улады Афганістана заўважыў, што яго краіна багата на карысныя выкапні, таму перспектыўнай бачыцца сумесная распрацоўка іх радовішчаў.
“Сёння вельмі вялікай пагрозай для Афганістана з’яўляецца тэрарызм. У той жа час наш урад і народ поўныя рашучасці перабудаваць нанава сваю дзяржаву — як у сферы адукацыі, так і аховы здароўя, сельскай гаспадаркі”, — звярнуў увагу Абдула Абдула.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова развіваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках, якія могуць быць цікавыя Афганістану. “Калі мы будзем здольныя дапамагчы нашаму дружалюбнаму афганскаму народу ў аднаўленні гаспадаркі, у яе развіцці, думаю, мы гэта зробім”, — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларускі бок раней праводзіў перагаворы з высокімі службовымі асобамі Афганістана. “Тым не менш я ўпэўнены, што гэты ваш візіт адкрые новую старонку супрацоўніцтва нашых дзяржаў”, — заявіў ён.
Прэзідэнт таксама павіншаваў Прэм’ер-міністра Афганістана з надыходзячым нацыянальным святам — Днём Незалежнасці.