Дапамогу ў перападрыхтоўцы атрымаюць маладыя маці

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў бягучай пяцігодцы на прафнавучанне будуць накіраваны як мінімум 4,6 працэнта тых, хто мае патрэбу ў працаўладкаванні. Не менш як 45 працэнтаў беспрацоўных ад агульнай колькасці асоб, якія атрымалі “пуцёўку” службы занятасці на прафнавучанне, будуць праходзіць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі па заяўках наймальнікаў з гарантыяй далейшага працаўладкавання. Такія новыя мэтавыя паказчыкі змешчаны ў падпраграме “Садзейнічанне занятасці насельніцтва” Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтвана 2016—2020 гады, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Усяго на прафнавучанне беспрацоўных у 2016—2020 гадах прадугледжана выдзеліць амаль Br300 млрд, з іх у гэтым годзе амаль Br50 млрд. Гэтыя фінансавыя сродкі прызначаны для арганізацыі навучання розных катэгорый насельніцтва, уключаючы тых, хто падлягае вызваленню або ўжо вызвалены; хто ўпершыню шукае работу; нядбайных бацькоў (абавязаных кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатных установах); асоб, якія прыцягваюцца да працы адміністрацыямі ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы і лячэбна-працоўных прафілакторыяў, і інш. У прыярытэтным парадку накіроўваць на навучанне будуць беспрацоўных, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, а таксама тых жанчын і мужчын, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў.
Як раней паведамлялася, закон аб занятасці насельніцтва прапаноўваецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае магчымасць кампенсацыі затрат наймальнікаў (поўнасцю або часткова) на навучанне работнікаў, што знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Апераджальнае навучанне вельмі важнае ва ўмовах мадэрнізацыі эканомікі, а таксама цяжкага фінансавага становішча некаторых прадпрыемстваў. Работнікі, якія становяцца незапатрабаванымі на якой-небудзь вытворчасці, не павінны застацца за варотамі прадпрыемства — іх трэба перанавучыць прафесіі, запатрабаванай на рынку працы.
Прадугледжана і магчымасць своеасаблівага апераджальнага навучання для тых, хто знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. У адпаведнасці з дзеючым законам, яны прызнаюцца занятымі і не могуць быць зарэгістраваны беспрацоўнымі, як вынік — не могуць быць накіраваны на навучанне за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Увядзенне новай нормы пашырыць магчымасць атрымаць прафесію грамадзянам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, а таксама павысіць іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы. “Без адрыву” ад догляду дзіцяці жанчына зможа атрымаць “пуцёўку” дзяржслужбы занятасці на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі, вучэбныя курсы на ўмовах, вызначаных для беспрацоўных.