Дарога брыёлага

- 14:59Навука і інавацыі

Вучоных-брыёлагаў (спецыялістаў, якія вывучаюць імхі) у Беларусі толькі чацвёра. Навуковы шлях аднаго з іх — вучонага, сакратара НПЦ па біярэсурсах, старшыні савета маладых вучоных аддзялення біялагічных навук НАН Марыны Малько — пачаўся з… філасофіі і ўецца вакол галіны ўжо 14 гадоў.

М.Малько разам з калегамі Д.Дубовікам і А.Скуратовічам у камандзіроўцы.

Невялікая колькасць спецыялістаў тлумачыцца спецыфікай працы з узорамі брыяфітаў. Па словах Марыны Сяргееўны, самае цяжкае ў гэтай дзейнасці — шмат працы з мікраскопам (каля 90% абразцоў патрэбна даследваць набліжана) і авалодванне навыкамі рабіць тонкія зрэзы.

— Часта мы многія рэчы не заўважаем і праходзім паўз іх. Мохападобныя — прыгожыя расліны — маленькія, непрыкметныя, але як яны прыгожа распускаюцца пасля дажджу! У іх вельмі вялікі навуковы патэнцыял. Пра карысць імхоў людзі ведаюць са старажытнасці: расліны маюць бактэрацыдныя ўласцівасці, якія мала вывучаны. Сёння развіваюцца даследаванні мохападобных як антыбіётыкаў. Таксама яны добрыя сарбенты (ўпітваюць вадкасць), што карысна пры падзеле водарастваральных рэчываў ад алейных.Адчуўшы смагу пасля доўгага блукання па лесе, пітнуюваду можна атрымаць, выціснуўшы мох. І ўжываць яе можна без страху (маўляў, “Не пі, казляняткам станеш”), бо пад ўздзеяннем моху вада ачышчаецца, — тлумачыць кандыдат біялагічных навук. Таксама існуе шмат эксперыментаў, у якіх заходнія навукоўцы пры дапамозе імхоў вывучаюць забруджвання паветра.

Брыёлаг часта выязджае ў камандзіроўкі — вывучаць расліны ў звыклай для іх мясцовасці. Такія “вандроўкі” звычайна не адрозніваюцца лёгкасцю. Навуковец збірае матэрыял і апісвае экатоп (асяроддзе, дзе расліна распаўсюджана, яе асаблівасці і да т.п.). І, прыходзячы на месца адпачынку, батанік не адпачывае, а перакладвае гербарый. Здаецца, ну што там працы — сабраць яго? Але, як аказваецца, каб захаваць гербарый у належным выглядзе,клопату нямала: яго патрэбна раскласці, падпісаць, высушыць і прыбраць кузурак.Зборка гербарыя — бесперапынны працэс (мохападобныя можна збіраць ад снегу да снегу), таму доўжыцца круглы год. Марына Сяргееўна гаворыць, што з мохападобнымі зручна працаваць: яны хутка сохнуць, добра захоўваюцца і іх не чапаюць шкоднікі.Пасля вандровах па лясах, абразцы даследуюцца ў лабараторыі, уносяцца ў базы даных.

Навуковыя пошукі Марыны Малько пачаліся на 2 курсе (спецыяліст скончыла БДПУ імя Максіма Танка). Праўда, тады захвоціў студэнтаў да напісання артыкулаў выкладчык філасофіі. Работа ў такім тэмпе натхніла дзяўчыну і яна вырашыла займацца навукай далей — заставалася вызначыцца з напрамкам. Так, да 4 курса дзяўчына паступова падышла да работ, звязаных з методыкай выкладання біялогіі, што ў далейшым прывяло дзяўчыну да брыялогіі.

З навуковым кіраўніком Г.Рыкоўскім.

Падчас працы над магістэрскай работай, студэнцы спатрэбілася дапамога з вызначэннем мохападобных і куратар прывёў яе ў акадэмію навук. Там Марына пазнаёмілася з доктарам біялагічных навук Генадзем Рыкоўскім, які патлумачыў, як працаваць з мохападобных і запрасіў яе на працу. І дысертацыю на суісканне ступені кандыдата біялагічных навук даследчыцца пісала ўжо пад яго кіраўніцтвам.

Прыйшоўшы на працу ў НАН, Марына пачала ездзіць ў камандзіроўкі са старэйшымі калегамі з розных лабараторый — знаёмілася з людзьмі, вывучала напрамак. Дзякуючы гэтаму, аб’ездзіла Беларусь — здаецца, зараз няма ніводнага раёна, нацыянальнага запаведніка ці заказніка, дзе б ні працавала Марына Малько.

У перыяд напісання кандыдацкай дысертацыі даследчыцу амаль не бачылі дома. Пры выбары прафесіі родныя ёй сказалі: “Мы заўсёды будзем табой ганарыцца” і дапамагалі ёй рабіць нескладаную працу — складвалі канверты, налеплівалі этыкеткі. І, паколькі Марына Сяргееўна, захоплены чалавек, апетыт прыходзіў падчас ежы — абразцы назапашваліся хутка. Навуковы кіраўнік нават жартаваў, што матэрыялаў хопіць на доктарскую. Так, у 2014 годзе малады спецыяліст абараніла кандыдацкую дысертацыю па мохападобных на стыку дзвюх спецыяльнасцей — батанікі і экалогіі.

Беларускія брыёлагі ідуць на кантакт і зацікаўленыў з’яўленні неабыякавых да галіны людзей. У іх асяродку не прынята “тухнуць у асабістым свеце” — так немагчыма зрабіць адкрыццё. Спецыялісты перакананы, што сакрэт ўдалага старта ў навуку крыецца ў трывалай руцэ навуковага кіраўніка на пачатковым этапе.

— Часта функцыя навуковага кіраўніка заключаецца толькі ў тым, каб праверыць работу. Але большасць “навічкоў” не можа дакладна ведаць, з чаго пачаць, на што звярнуць увагу. Калі кіраўнік займаецца са студэнтам, накіроўвае, гэта дапамагае сэканоміць час на блуканнях і дазваляе больш грунтоўна займацца асноўнай праблемай. Так было са мной, — гаворыць Марына Малько. — Навуковая дарога — высакародная. Тут важна не першапачаткова быць Энштэйнам, а шмат працаваць.Навука сама вызначае шлях. Калі валодаеш тэмай, сучаснымі методыкамі, сочыш за публікацыямі, знаёмы са спецыялістамі ў сваёй галіне — ведаеш, што рабіць. Важна выбраць напрамак, які захапляе — тады вынік будзе заўсёды.

Марына Сяргееўна расказвае, што брыялогія становіцца больш папулярнай сярод ненавуковай грамадскасці — людзей, якія цікавяцца флорай Беларусі. Варты праклад  — жодзінскі аматар Галіна Аніскевіч, якая збірае мохападобных.Энтузіязт супрацоўнічае з навукоўцамі беларускай НАН, са спецыялістамі з Масквы і Санкт-Пецярбурга і нядаўна выдала ілюстраваны даведнік для жыхароў свайго горада. Акрамя гэтага, Галіна Іванаўна дапоўніла флору мохападобных некалькімі відамі.

Работа з гербарыем доўжыцца круглы год.

Звяртаюцца да незвычайнай навукі і дзеці. Марына Сяргееўна працяглы час праводзіць заняткі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Зараз каманда юнатаў 8-11 класаў пад яе кіраўніцтвам працуе над распрацоўкай атласа-вызначальніка мохападобных (выданне стане дапаможнікам, які палегчыць працу аматарам біялогіі).

— У школе больш увагі адводзіцца  сасудзістым раслінам, водарасцям, а пра мохападобных дзеці ведаюць няшмат. Прыходзіцца не толькі паказваць практычныя рэчы, але і часта звяртацца да тэорыі. Паколькі мохападобныя — маладаследаваная група, дзецям цікава атрымоўваць новыя звесткі пра іх, — заўважае кандыдат біялагічных навук.

Таксама даследчык праводзіць палявую практыку са студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка. У межах сталіцы акадэмічная каманда даследуе наваколлі Лошыцкага парку, Камсамольскага возера, Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі. Так, Марына Малько вучыццца разам з малодшымі калегамі (прыходзіцца гартацьстарыя канспекты, успамінаць іншыя напрамкі біялогіі). Смяецца, што так яе “не адпускае” педагагічнае мінулае.

— Я рада, што атрымала педагагічную адукацыю: гэта пашырыла мае асобасныя якасці, кругагляд, навучыла думаць шырока, камунікаваць і размаўляць. Удзячна педагогам, якія вучылі вучыцца самастойна. І цяпер, калі не хапае інфармацыі, разгортваю кнігу, — заўважае спецыяліст. — Чалавек развіваецца, пакуль вучыцца. Мне цяжка зразумець вучонага, які скажа, што ведае ўсё. Калі з’яўляюцца такія думкі, чалавек загінуў для навукі. Насамрэч, пра прыроду мы ведаем вельмі мала. І часта забываем, што ў ёй усё цэласна і ўзаемазвязана, хоць мы, людзі, звыклі падзяляць веды на розныя напрамкі. І толькі дзякуючы гэтаму мы можам нечага дасягнуць — раздзяліць, вывучыць асобныя сегменты, злучыць разам і ацаніць агульную карціну.

За 14 гадоў работы было нямала — за спінай кандыдата біялагічных навук шмат прафесійных перамог, якія выліліся ў навуковыя публікацыі, манаграфіі, кнігі. Марына Малько у камандзе брыёлагаўвызначыла відавы склад мохападобных экасісітэм Беларусі, устанавіла іх уласцівасці, спрагназаваўшы шлях далейшага развіцця. Пасля дала станавую ацэнку папуляцыям рэдкіх і ахоўваемых відаў раслін і распрацавала планы па іх захаванні, даследавала брыяфлору Браслаўскіх азёр, Белавежскай пушчыі інш. Акрамя гэтага, даследчык — суаўтар шэрагу манаграфій, у тым ліку адзін з аўтараў раздзела “Мохападобныя” чацвёртага выдання Чырвонай кнігі. Некаторыя вынікі пошукаў пабачаць свет у выглядзе кнігі “Структура бриокомпонента хвойных лесов Беларуси: таксономия, биоморфология, экология, география, созология”, якая выйдзе з друку бліжэйшы час.

Вучоны прызнаецца, што ёй было б цікава адкрыць мохападобныя ў плане карысці для біятэхналогій. Поспехаў, Марына Сяргееўна!

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва М.Малько.

Каб звузіць дыяпазон прыналежнасці ўзору да пэўнага віду, добраму брыёлагу падчас дастаткова ведаць, у якіх умовах развівалася расліна.

У Беларусі выяўлена 438 відаў мохападобных. Мохападобныя — асобная група вышэйшых раслін. Большая частка іх жыцця  праходзіць у гаплафазе (мохападобныя маюць адзінарны набор храмасом у асноўнай фазе жыццёвага цыклу). Праз асаблівасці будовы яны менш канкурэнтназдольныя. Таму у мохападобных вырабаталася асаблівая жыццёвая стратэгія: яны ўхіляюцца ад канкурэнцыі і займаюць не занятыя нікім паверхні — камяні, ствалы дрэў, ламачча, пні і інш.