Дашкольныя ўстановы Чыгуначнага раёна Віцебска рэалізуюць незвычайны творчы праект

- 12:36Образование

Мастацкая самадзейнасць як адукацыйны рэсурс: дашкольныя ўстановы Чыгуначнага раёна Віцебска рэалізуюць незвычайны творчы праект. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фестываль-конкурс “Таленцікі” сёлета прайшоў чацвёрты раз і з’яднаў педагагічныя калектывы 20 устаноў, выхаванцаў і іх бацькоў радасцю сумеснай творчасці. А цудоўны гала-канцэрт расквеціў пачатак лета фарбамі натхнення, шчаслівымі ўсмешкамі, цудоўнымі выступленнямі, апладысментамі і гордасцю за выдатныя дасягненні дзяцей.

Як падкрэсліла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Чыгуначнага раёна Віцебска Наталля Крутаўцова, праект, у рамках якога праводзіцца фестываль-конкурс, спрыяе павышэнню кампетэнтнасці педагагічных работнікаў у галіне мастацкай творчасці і прафесійнага майстэрства, выяўленню і распаўсюджванню лепшых самадзейных творчых практык, актыўнаму выкарыстанню розных жанраў мастацкай самадзейнасці як адукацыйнага рэсурсу, інтэнсіўнаму абмену вопытам паміж педагогамі. І, безумоўна, садзейнічае станаўленню вобразнага мыслення, лідарскіх якасцей і самавыяўленню дзяцей, дапамагае ў раннім узросце распазнаць здольнасці і даць кожнаму штуршок да творчага росту. Акрамя таго, праект нацэлены на ўсведамленне сямейных каштоўнасцей і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, пашырэнне ведаў пра гісторыю краіны і малой радзімы, фарміраванне павагі да прадстаўнікоў і традыцый іншых народаў, шчырай любові да Беларусі, роднага краю. У гала-канцэрце індывідуальна і ў складзе калектываў прынялі ўдзел звыш 70 выхаванцаў — уладальнікаў гран-пры, а таксама дыпломаў І і ІІ ступені ў шасці конкурсных намінацыях.

— Практыка паказвае, што нашы “Таленцікі” моцна матыву­юць да творчага пошуку не толькі дзяцей, але і бацькоўскі актыў і, канечне ж, педагогаў, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада № 29 Віцебска Алена Маскалькова. — Да калектыўнай справы штогод далучаюцца кіраўніцтва ўстановы і музычныя кіраўнікі, педагогі дадатковай адукацыі, выхавальнікі і іх памочнікі. Абыякавых няма. Бацькі прывозяць выхаванцаў на рэпетыцыі, удзельнічаюць у падрыхтоўцы конкурсных работ і нумароў, рэквізіту. Разам шукаем ідэі, спрачаемся і стараемся, выбіраем лепшае і раскрываем таленты. Мы з самага першага фестывалю ў ім удзельнічаем і трывала трымаемся ў ліку лідараў. Дарэчы, свае творчыя нумары, здабыткі калег потым абавязкова выкарыстоўваем у адукацыйным працэсе. Гэта яшчэ адзін плюс, які дае праект.

Аляксандра Крывенка і яе выхаванцы выканаўцы танца “Марачка”

— Для мяне наша выступленне — творчы дэбют, — падзялілася ўражаннямі музычны кіраўнік Аляксандра Крывенка з дзіцячага сада № 53 Віцебска. — Толькі паўгода, як перайшла ў сістэму дашкольнай адукацыі, чым вельмі задаволена. Мне падабаецца мая работа і педагагічны калектыў, у нас добрыя, здольныя дзеткі. Абаяльныя юнгі, якія сёння падарылі гледачам танец “Марачка”, — нашы выпускнікі. Для іх адказная падзея — паказаць талент і прадставіць дзіцячы сад на сцэне перад вялікай незнаёмай аўдыторыяй. Хаця не зусім незнаёмай: трэба было бачыць, як хваляваліся, радаваліся і падтрымлівалі выступленне малышоў бацькі! Разам з харэаграфіяй немалаважная роля ў стварэнні сцэнічнага вобраза належыць касцюмам. За іх асобны дзякуй памочніцы выхавальніка Таццяне Спрутч і загадчыцы дзіцячага сада Святлане Розавай. Дыплом І ступені ў намінацыі “Харэаграфія” — плён нашай агульнай працы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара