Балтыйскі навукова-інжынерны конкурс — адно з найбуйнейшых і прэстыжных у Расіі навуковых спаборніцтваў для школьнікаў. Яго пераможца атрымлівае галоўную прэмію — крыштальны шар “Дасканаласць як надзея”, заваяваць які мараць многія. Традыцыйна ў конкурсе ўдзельнічаюць навучэнцы ўстаноў адукацыі Міншчыны і абавязкова прывозяць з Паўночнай сталіцы Расіі ўзнагароды.
Фінал XIII Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу сабраў у Санкт-Пецярбургу больш за 300 юных даследчыкаў з 49 рэгіёнаў Расіі, а таксама з Беларусі, Казахстана і Украіны. На першы этап спаборніцтва было прадстаўлена больш за 4 тысячы работ, у фінал трапілі толькі самыя годныя. Свае праекты ўдзельнікі прадстаўлялі ў 8 секцыях: матэматыка, фізіка, хімія, экалогія, тэхніка, біялогія, праграмаванне і робататэхніка. Апошняя секцыя сёлета з’явілася ў конкурсе ўпершыню.
Конкурс праходзіў на працягу двух дзён у форме стэндавай абароны. У першы дзень праекты ацэньвала навуковае і настаўніцкае журы. Лепшых выбіралі 30 дактароў навук, больш за 70 кандыдатаў навук, аспіранты, выкладчыкі УВА Расіі, Украіны, Беларусі. Журы знаёмілася з праектамі і іх стваральнікамі падчас адкрытага дыялогу. У другі дзень была арганізвана выстава-кірмаш, падчас якой з вынаходкамі канкурсантаў маглі азнаёміцца прадстаўнікі бізнесу, журналісты, школьнікі.
Годна прадставілі свае конкурсныя работы і навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці. Яны атрымалі высокую ацэнку журы і ўзнагароды. Так, Дар’я Сулім, навучэнка гімназіі № 2 Салігорска, удастоена дыплома III ступені, спецыяльнай прэміі, а таксама дыплома лаўрэата прэміі бізнес-журы за работу “Атрыманне капсуляванага калійнага ўгнаення”. Радзівон Багамараў, навучэнец сярэдняй школы № 14 Салігорска, узнагароджаны дыпломам III ступені і спецыяльнай прэміяй за работу “Праграмуемы аўтазванок”. Навучэнкі Смалявіцкай раённай гімназіі Марыя Падборская і Настасся Саланец атрымалі дыплом III ступені і спецыяльную прэмію за даследаванне “Метад вызначэння аскарбінавай кіслаты з дапамогай злучэнняў жалеза”.
Работа “AirPhone — смартфон новага пакалення” прынесла яе стваральніку Уладзіславу Гадалаву, навучэнцу сярэдняй школы № 11 Слуцка, дыпломы лаўрэата прэмій настаўніцкага, маладзёжнага і бізнес-журы. Марыя Трапянок, навучэнка сярэдняй школы № 3 Барысава, вывучала “Полімарфізм кветкі матачных раслін морквы сталовай Daucus Carota L. гатунку Лявоніха” і ў выніку стала лаўрэатам прэміі настаўніцкага журы. Марта Васюковіч, навучэнка бараўлянскай сярэдняй школы № 2, атрымала дыплом лаўрэата і прэмію аргкамітэта за праект “Пабудова ценяў геаметрычных фігур”. Такой жа ўзнагароды ў сваёй секцыі ўдастоена Паліна Шумская, навучэнка гімназіі № 1 Дзяржынска, за даследаванне “Тэмпературныя анамаліі чалавечага цела”.
Дар’я РЭВА.