Даследаванні сусветнага ўзроўню вядуцца не толькі ў сталічных, але і ў рэгіянальных універсітэтах

- 11:20Актуально, Апошнія запісы

У 2014 годзе экспарт навуковай прадукцыі беларускіх універсітэтаў склаў амаль 7 млн долараў. У некаторых універсітэтах да 35% бюджэту фарміруецца за кошт выканання навуковых даследаванняў. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падчас учарашняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі.

“Адукацыя і навука непадзельныя, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч, — таму сістэма адукацыі лічыць Дзень беларускай навукі сваім прафесійным святам”.
Міністр паведаміў, што сёння ўсе без выключэння ўніверсітэты вядуць навуковы пошук не толькі ў галіне фундаментальных даследаванняў, але і на карысць рэальнага сектара эканомікі. Універсітэцкія вучоныя працуюць у цесным кантакце з калегамі з Акадэміі навук і вытворчай сферы.
Сёння многія ўніверсітэты па праву можна назваць навукова-даследчымі цэнтрамі. Яны развіваюць навуковыя даследаванні ў новых галінах, такіх як нана-, бія- і ІТ-тэхналогіі. Важна, што побач з універсітэцкімі выкладчыкамі выкладаюць вучоныя Акадэміі навук і галіновых навуковых цэнтраў, перадаючы студэнтам сучасныя веды.
“У цэлым справы з навукай у вышэйшай школе ідуць нядрэнна, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч. — Ёсць вялікая колькасць даследаванняў сусветнага ўзроўню, якія выконваюцца не толькі ў вядучых універсітэтах сталіцы, але і ў рэгіянальных універсітэтах. У іх структуры працуе шэраг інавацыйных высокатэхналагічных прадпрыемстваў, якія мы будзем і далей развіваць, аснашчаць новым абсталяваннем, каб навуковыя распрацоўкі як мага хутчэй укараняліся ў вытворчасць”.
Універсітэты задзейнічаны ва ўсіх дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў. Ёсць некалькі праграм, дзе яны з’яўляюцца галоўнымі выканаўцамі.
“Адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца прыцягненне ўсё большай колькасці студэнцкай моладзі да выканання навуковых даследаванняў, — сказаў Міхаіл Жураўкоў. — Напрыклад, сёння ва ўніверсітэтах дзейнічаюць больш за 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, і ў многіх з іх выконваюцца даследаванні для канкрэтных прадпрыемстваў”.
Што да праблемы аспірантуры, то, на думку міністра, мы маем справу з сусветнай тэндэнцыяй: моладзь імкнецца як мага хутчэй пачаць зарабляць грошы.
“Каб абараніць дысертацыю, трэба затраціць вельмі шмат часу і намаганняў — і толькі потым можна чакаць пэўнай аддачы. А на вытворчасці, у бізнесе можна атрымаць хуткую аддачу, — заўважыў Міхаіл Анатольевіч. — Зрэшты, у тым, што ў аспірантуру стала прыходзіць менш людзей, асаблівай трагедыі няма. У навуку, як і раней, прыходзяць адданыя людзі. А тое, што за імі “палююць” вядучыя навуковыя цэнтры, сведчыць пра іх вельмі добрую падрыхтоўку. Мы думаем, як іх утрымаць: сёння распрацаваны праграмы назначэння грантаў і стыпендый, значныя сродкі выдзяляюцца на правядзенне навуковых стажыровак за мяжой, каб маладыя навукоўцы маглі павысіць сваю кваліфікацыю і вярнуцца”.
Міністр перакананы, што, насуперак меркаванням, у навуцы можна зарабляць нармальныя грошы. “Маладыя вучоныя, якія не сядзяць на месцы, а выконваюць навуковыя даследаванні, выкладаюць, выйграюць гранты, могуць жыць бязбедна, — заўважыў М.Жураўкоў. — Ёсць шмат прыкладаў, што маладыя вучоныя вядуць заможны лад жыцця, які адпавядае ўзроўню іх кваліфікацыі”.
На пытанне, ці хапае Міхаілу Анатольевічу на пасадзе міністра часу на навуковыя даследаванні, ён паведаміў, што практычна кожны дзень пасля работы (звычайна пасля васьмі вечара) працуе ў сваёй лабараторыі. “У мяне шмат аспірантаў, — заўважыў ён. — А навука — гэта маё прызначэнне, маё жыццё. Я яе ніколі не кіну”.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін паведаміў журналістам пра значныя з пункту гледжання практыкі дасягненні беларускіх навукоўцаў 2014 года.
Так, у галіне медыцыны кардыёлагі асвоілі новыя аперацыі на сэрцы і правялі больш за 40 трансплантацый. Распрацавана новая дыягностыка ракавых захворванняў у дзяцей, што дазваляе эфектыўна выяўляць і праводзіць лячэнне. Сумеснымі намаганнямі вучоных Нацыянальнай акадэміі навук, устаноў Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя створаны прэпарат флударабел, які ўжо ўвайшоў у спіс лепшых лекаў для лячэння раку.
У мінулым годзе былі распрацаваны розныя вымяральныя сістэмы, станкі, інструменты, выведзены новыя сарты раслін і жывёл, створаны новыя біялагічныя дабаўкі, якія дазваляюць значна павысіць прадукцыйнасць сельскагаспадарчай вытворчасці.
“Усё гэта можна развіваць на ўласных інавацыйных прадпрыемствах, — адзначыў Аляксандр Генадзьевіч. — У 2014 годзе з удзелам вучоных былі ўведзены ў эксплуатацыю 15 такіх прадпрыемстваў, у тым ліку на базе БНТУ, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і іншых навуковых і адукацыйных устаноў”.
Старшыня ДКНТ таксама пацвердзіў думку, што ў навуку ідуць не за грашыма, але зарабляць у навуцы можна. Адзін толькі прыклад: у 2014 годзе ў Беларусі было заключана ліцэнзійных дагавораў і дагавораў на ўступку правоў на 4,5 млрд рублёў. І значны працэнт гэтай сумы складае аўтарскае ўзнагароджанне навукоўцам.
Аб дасягненнях Нацыянальнай акадэміі навук, дзе сканцэнтравана 40% айчыннай навукі, паведаміў старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў. У прыватнасці, ён паведаміў, што з бюджэту фінансуецца толькі 25% навуковых даследаванняў, астатнія грошы акадэмія зарабляе сама.
Уладзімір Рыгоравіч расказаў, што ў мінулым годзе ў Акадэміі навук было адкрыта каля 10 унікальных вытворчасцей: гэта і цэнтр “Клетачныя тэхналогіі” для лячэння людзей са складанымі захворваннямі, і вытворчасць замарожаных бактэрыяльных заквасак для мяса-малочнай прамысловасці, што дазволіць замяніць імпартную сыравіну айчыннай, і інш. У будучым годзе плануецца адкрыць яшчэ каля 10 такіх вытворчасцей.
У канцы мінулага года ў Нацыянальнай акадэміі навук вызначылі топ-10 вынікаў беларускіх вучоных у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Зараз фарміруецца топ-100 інавацыйных распрацовак для прамысловасці. Акадэмія навук мае намер яшчэ больш актывізаваць прасоўванне навуковых вынікаў у Беларусі і свеце.

Галіна СІДАРОВІЧ.