На базе Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка адбылося пасяджэнне секцыі “Сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай адукацыі: вопыт, праблемы, перспектывы”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 80 прадстаўнікоў сістэмы адукацыі.
“Сярод ключавых прыярытэтаў развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі — захаванне яе даступнасці, удасканаленне якасці, забеспячэнне здароўезберагальнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, — адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Альбіна Давідовіч. У краіне 424,1 тысячы дзяцей дашкольнага ўзросту, якія наведваюць 3799 устаноў дашкольнай адукацыі. Ахоп дзяцей ад года да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 85,3 працэнта. Усе дзеці 5—6 гадоў ахоплены падрыхтоўкай да школы. За 5 гадоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі створана 40 481 месца для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Павелічэнне попыту на паслугі для дзяцей ранняга ўзросту ва ўмовах павелічэння сем’яў з адным з бацькоў і павелічэннем занятасці жанчын у розных галінах эканомікі прадугледжвае арганізацыю розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі. Функцыянуюць 5035 груп кароткачасовага знаходжання (ад 2 да 7 гадзін) для 41,2 тысячы дзяцей. Адкрываюцца гульнявыя і сезонныя пляцоўкі, вячэрнія і адаптацыйныя групы, групы выхаднога дня, мацярынскія школы. Ажыццяўляецца індывідуалізацыя і дыферэнцыяцыя адукацыйных паслуг для дзяцей дашкольнага ўзросту праз стварэнне груп па інтарэсах (эстэтычнага, спартыўнага, экалагічнага кірункаў, па навучанні замежнай мове і г.д.).
Праектам новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўстаноўлена магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове. Вызначана права заснавальніка ўстанаўліваць іншую напаўняльнасць груп пры наяўнасці аб’ектыўных абставін, выкананні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у частцы ўмоў размяшчэння і рэжыму адукацыйнага працэсу, у тым ліку норм плошчы на аднаго выхаванца. Аптымізуецца колькасць відаў устаноў дашкольнай адукацыі з шасці да трох (дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад, дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці). Замацавана магчымасць арганізацыі ва ўстановах дашкольнай адукацыі гурткоў і іншых форм работы для развіцця здольнасцей дзяцей у рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Прадугледжана фінансаванне часткі расходаў устаноў дашкольнай адукацыі прыватнай формы ўласнасці за кошт бюджэтных сродкаў.
“Важны кірунак — павышэнне якасці адукацыйнага працэсу, развіццё індывідуальна арыентаванага навучання, — адзначыла загадчыца ДЦРД № 8 Магілёва, старшыня Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі Алена Крукоўская. — Нашы выхаванцы сумесна з педагогамі і бацькамі ўдзельнічаюць у праектнай дзейнасці: праводзяць простыя эксперыменты і доследы. Мы фарміруем у дзяцей асновы лагічнага мыслення, развіваем уменні працаваць з інфармацыяй, аналізаваць і структураваць яе, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы, навучаем элементам праграмавання. Ва ўстанове створана і дынамічна развіваецца інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе. У мэтах рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннага прафесійнага развіцця выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі” (2020—2023) створана новая сучасная форма арганізацыі метадычнай і інфармацыйнай работы — медыяцэнтр”.
Намеснік начальніка НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС Алена Дзмітрук акцэнтавала ўвагу прысутных на пытаннях стварэння здароўезберагальнага адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння. На секцыі быў прадстаўлены вопыт работы ясляў-сада № 128 Мінска па стварэнні бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў. Як расказала намеснік загадчыка ўстановы Рыта Руцкая, выхаванцы сада прымалі ўдзел у адкрыцці адукацыйнага цэнтра бяспекі жыццядзейнасці МНС, прадстаўлялі гульнявы і дыдактычны матэрыялы, дэманстравалі свае навыкі і веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці. Работа калектыву адзначана гран-пры гарадскога фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ў 2017, 2018, 2020 гадах і 1-м месцам сёлета. Установе прысуджаны грант Мінгарвыканкама за інавацыйны адукацыйны праект “Стварэнне рэсурснага цэнтра “Планета бяспекі дзіцяці”.
Удзельнікі секцыі пазнаёміліся з вынікамі рэалізацыі навуковых і гуманітарных праектаў у сферы дашкольнай адукацыі па аказанні ранняй дапамогі дзецям групы рызыкі, якія прадставіла загадчыца навукова-даследчага сектара БДПУ імя МаксімаТанка Алена Смолер. У рамках выканання Плана супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) БДПУ рэалізуе праект замежнай бязвыплатнай дапамогі “Удасканаленне аказання ранняй комплекснай дапамогі ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Мэта праекта — стварэнне новых якасных магчымасцей для рэалізацыі індывідуальных патрэб дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Так, на базе ўстаноў, якія ўдзельнічаюць у праекце, з’явіліся гульнятэкі — дадатковая развіццёвая і адукацыйная прастора, у якой з дапамогай гульняў і цацак ствараецца спецыяльнае развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, што спрыяе рэалізацыі дзіцем яго здольнасцей і магчымасцей, аказанню ранняй дапамогі дзецям з фактарамі рызыкі ў развіцці, сацыяльнай і адукацыйнай інтэграцыі.
Дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Вольга Анцыпіровіч прэзентавала асноўныя кірункі работы Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі, створанага па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пры падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. Тут прадстаўлены сучасныя сродкі навучання для логіка-матэматычнага, сенсорнага, пазнавальнага, маўленчага і творчага развіцця дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту. Падабрана гульнявое абсталяванне для рэалізацыі сучасных методык дашкольнай адукацыі: матэрыялы STEAM, LEGO-робаты, інтэрактыўныя сродкі навучання, мультыстудыя. На базе цэнтра праводзяцца мерапрыемствы па падрыхтоўцы выхавальнікаў, павышэнні іх кваліфікацыі, рабоце з бацькамі, навуковыя і навукова-практычныя семінары і канферэнцыі.
Начальнік аддзела метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі НІА Хрысціна Гракава пазнаёміла ўдзельнікаў секцыі з навінкамі навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі. Пералiк вучэбных выданняў, афіцыйна зацверджаных або дапушчаных у якасці адпаведнага віду вучэбнага выдання Міністэрствам адукацыі, рэкамендаваных арганізацыямі, што ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі, штогод абнаўляецца і размяшчаецца на нацыянальным адукацыйным партале adu.by на старонцы “Дашкольная адукацыя”, а таксама на анлайн-рэсурсе “Учебники.by” ў закладцы “Каталог. Дашкольная адукацыя”.
Надзея ЦЕРАХАВА.