Даступныя, сістэмныя, прыгожыя, сучасныя

- 10:47Адукацыйная прастора

Адным са складнікаў эфектыўнага вучэбнага працэсу з’яўляюцца вучэбныя праграмы і падручнікі, у якасці якіх зацікаўлены педагогі, вучні і бацькі. Тэндэнцыі апошняга часу сведчаць, што новая вучэбная літаратура па форме і змесце ўсё больш адпавядае запытам цяперашніх школьнікаў і настаўнікаў. Нашы падручнікі становяцца больш мабільнымі. Падводзячы вынікі мінулага года, можна гаварыць пра прагрэс у гэтай галіне. І мае сённяшнія суразмоўнікі згодны з такім меркаваннем.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна ЗЕЛЯНКО:

— У 2017 годзе ў Нацыянальным інстытуце адукацыі былі дапрацаваны і скарэкціраваны вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах. У складзе рабочых груп па карэкціроўцы зместу навучання працавала больш за 200 спецыялістаў. Для кожнай адукацыйнай галіны ў якасці навуковых кансультантаў былі вызначаны аўтарытэтныя для навуковай і педагагічнай грамадскасці вучоныя, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, метадысты, настаўнікі.

Карэкціроўка і дапрацоўка вучэбных праграм ажыццяўлялася на аснове кампетэнтнаснага падыходу, які прадугледжвае перш за ўсё практыка-арыентаваны характар навучання. Былі ўдакладнены патрабаванні да вынікаў навучання; змест адукацыі прыведзены ў адпаведнасць з узроставымі магчымасцямі вучняў і аб’ёмам вучэбнага часу, адведзенага на вывучэнне пэўных тэм.

Канкрэтызацыя зместу адукацыі прадугледжвае ўключэнне ў падручнікі строга рэгламентаванага вучэбнага матэрыялу; пазбаўленне вучэбнага матэрыялу ад залішняга тэарэтызавання і тэрміналогіі; перавод на ўзровень азнаямлення асобных тэм, якія не маюць відавочнай практычнай накіраванасці; рэалізацыю міжпрадметных сувязей (узгадненне зместу адукацыі па розных вучэбных прадметах).

Намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-метадычнай рабоце кандыдат педагагічных навук Валянціна Васільеўна ГІНЧУК:

— Да 2017/2018 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі выдадзены 41 новы вучэбны дапаможнік. Большасць з іх — дапаможнікі для 3 і 7 класаў. Сярод навінак — новыя буквары для 1 класа, вучэбныя дапаможнікі для 5 класа, напрыклад, па матэматыцы, працоўным навучанні.

Пры стварэнні новых вучэбных дапаможнікаў найперш звяртаецца ўвага на даступнасць выкладання вучэбнага матэрыялу, яго практыкаарыентаванасць, наяўнасць розных форм прадастаўлення вучэбнай інфармацыі, выкарыстанне спасылак на іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу па прадмеце, напрыклад, на электронныя адукацыйныя рэсурсы, размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. Пры рабоце над новымі вучэбнымі дапаможнікамі мы пашыраем спосабы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Напрыклад, у вучэбным дапаможніку па геаграфіі для 7 класа з дапамогай электронных прылад можна прасачыць рух літасферных пліт, рух паветраных мас пры фарміраванні цыклону, дрэйф кантынентаў.

На Нацыянальным адукацыйным партале размешчаны электронныя версіі ўсіх школьных падручнікаў. Яны дапоўнены гіперспасылкамі на электронныя адукацыйныя рэсурсы. З’явіўся новы электронны дадатак да падручніка па інфарматыцы для 7 класа.

Стварэнне новых вучэбных дапаможнікаў, як і ў мінулым годзе, ажыццяўляецца на конкурснай аснове. На гэты момант падведзены вынікі конкурсу на стварэнне 86 вучэбных дапаможнікаў. Сярод аўтараў-пераможцаў кожны пяты — настаўнік-практык. Пераможцамі конкурсу сталі 34 новыя аўтарскія калектывы, 28 дзеючых аўтарскіх калектываў, 24 змешаныя, у якіх аўтары дзеючых вучэбных дапаможнікаў аб’ядналіся з новымі (настаўнікамі-практыкамі або метадыстамі).

У 2018 годзе плануецца выдаць 45 новых вучэбных дапаможнікаў. У першую чаргу гэта будуць вучэбныя дапаможнікі для 4 і 8 класаў. А ў найбліжэйшы час будзе аб’яўлены конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 10 і 11 класаў.

Адзін з аўтараў новага вучэбнага дапаможніка па фізіцы для 7 класа, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукацыі НІА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ларыса Арцёмаўна ІСАЧАНКАВА:

— Наш новы вучэбны дапаможнік мае аблегчаны інтэгральны пераплёт, новы фармат, утрымлівае шмат ілюстрацый. Але самае галоўнае — у новым вучэбным дапаможніку тэкст параграфа і заданні даюцца на адным развароце. Увесь неабходны матэрыял у вучня перад вачыма. Такі падыход забяспечвае цэласнае ўспрыняцце дзецьмі вучэбнай інфармацыі.

Перш чым прыступіць да распрацоўкі такога вучэбнага дапаможніка, я вывучыла вопыт замежных калег і перагартала безліч замежных падручнікаў па фізіцы. У выніку мы з настаўнікам-практыкам Юрыем Ляшчынскім зрабілі сучасны падручнік, у якім прыкладна 60% аб’ёму складае вучэбная інфармацыя, 40% — ілюстрацыі. Уся дадатковая інфармацыя выдзелена колерам.

Мы перапрацавалі ўсю практычную частку вучэбнага матэрыялу, зрабілі яе сучаснай, напоўнілі нацыянальным зместам. У задачах энергію выпрацоўваюць ветракі, па чыгунцы курсіруюць “Штадлеры”, у кар’ерах працуюць сучасныя “БелАЗы”. У вучэбным дапаможніку ёсць спасылкі на электронныя адукацыйныя рэсурсы, інтэрактыўныя мадэлі, размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале. Напрыклад, выкарыстоўваючы адну з такіх мадэлей, вучню прапаноўваецца разлічыць сярэднюю скорасць руху божай кароўкі. Дзецям падабаюцца такія задачы.

У гэтым годзе мы працуем над вучэбным дапаможнікам па фізіцы для 8 класа. Ён будзе такі ж сучасны і, спадзяёмся, цікавы для вучняў.

Настаўніца матэматыкі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча суаўтар вучэбнага дапаможніка па алгебры для 7 класа Ірына Глебаўна АРЭФ’ЕВА:

— Я даўно супрацоўнічаю з дацэнтам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі БДПУ імя Максіма Танка Вольгай Мікалаеўнай Пірутка. У нас атрымалася добрая творчая прафесійная каманда. Мы працуем разам, пры гэтым я больш увагі ўдзяляю практычнай частцы дапаможніка, а Вольга Мікалаеўна — тэарэтычнай. Насамрэч мяжу праводзіць нельга, бо мы пастаянна абменьваемся сваімі меркаваннямі.

Пры распрацоўцы вучэбнага дапаможніка па алгебры для 7 класа мы арыентаваліся на тое лепшае, што было зроблена да нас. Гаворка ідзе пра моцную сістэму задач на адпрацоўку навыкаў, ключавую ролю тэкставых задач пры навучанні матэматыцы. У нашым вучэбным дапаможніку з’явіліся заданні “Практычная матэматыка” (прымяненне матэматыкі ў жыцці), якія даюцца пасля кожнай главы. Акрамя таго, у кожным раздзеле з’явіўся падраздзел “Выніковая самаацэнка” (з пытаннямі па тэорыі, тэставымі заданнямі), які дае магчымасць упэўніцца ў засваенні вучэбнага матэрыялу і патрэніравацца перад кантрольнай работай.

Увесь вучэбны матэрыял імкнуліся будаваць па прынцыпе “ад простага да складанага” і тлумачальны тэкст зрабілі максімальна зразумелым, навучальным. Дарэчы, у тэкст абавязкова ўключаюцца ўзоры рашэння тыповых заданняў канкрэтнай тэмы. Яны выдзелены колерам. Каб забяспечыць запыты здольных вучняў, даюцца заданні з зорачкай. Яшчэ мы вылучылі заданні для дамашняй работы. А ў кожным параграфе ёсць заданне на паўтарэнне раней вывучанага матэрыялу.

Дзе было магчыма, выкарыстоўвалі алгарытмы. Дапаможнік атрымаўся збалансаваным. Я цяпер працую ў 7 класе, і мне здаецца, што ў нас з Вольгай Мікалаеўнай атрымаўся добры падручнік. Найперш таму, што ён зручны для дзяцей. Прынамсі мне і маім вучням з ім працаваць падабаецца. Тут жа хачу адзначыць, што ў дапаўненне да падручнініка выдадзены дапаможнікі для настаўнікаў: самастойныя і кантрольныя работы, матэрыялы для факультатыўнай работы з заданнямі павышанага ўзроўню, якія выйшлі пад назвай “Школа юнага матэматыка”. Ёсць у нашага комплексу электронная падтрымка: тэсты, трэнажоры, гістарычная інфармацыя размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Яны выгадна дапаўняюць наш вучэбны дапаможнік.

У планах — падрыхтоўка кнігі для настаўніка. У найбліжэйшай перспектыве будзем працаваць над вучэбнымі дапаможнікамі для 8 і 9 класаў, якія канцэптуальна і стылістычна будуць сугучны дапаможніку для 7 класа.

Настаўніца інфарматыкі Ліцэя Белдзяржуніверсітэта адзін з аўтараў падручніка па інфарматыцы для 7 класа Анжаліка Іванаўна ЛАПО:

— Першым прынцыповым адрозненнем нашага вучэбнага дапаможніка ад папярэднікаў з’яўляецца тое, што ў ім кожная старонка падзелена на 2 часткі. На адной з іх, белай, размешчаны тэарэтычны матэрыял (асноўныя звесткі з навукі, якія адпавядаюць вучэбнай праграме), а другая — каляровая, блакітная або зялёная. На блакітнай частцы старонкі размешчаны прыклады, якія ілюструюць тэарэтычны матэрыял, а на зялёнай — усё самае цікавае: гістарычныя звесткі пра людзей, якія ўнеслі свой уклад у развіццё інфарматыкі, цікавыя факты, якія так ці інакш звязаны з прадметам. Такая інфармацыя ў вучэбным дапаможніку размешчана для агульнага развіцця вучняў і павышэння іх матывацыі да вывучэння прадмета.

Акрамя папяровай версіі дапаможніка, ёсць яшчэ і электронная, у якой вытрымана тая ж структура з адпаведнымі колерамі. Інфарматыка — прадмет дынамічны ў сваім развіцці. Калі нешта зменіцца, то старую карцінку ў электронным падручніку можна памяняць на новую (проста зрабіць скрыншот).

У вучэбным дапаможніку дастаткова падрабязна разбіраецца практычны матэрыял. Калі, напрыклад, вывучаецца праграмаванне, даюцца праграмкі, калі гэта вектарны рэдактар — загатоўкі карцінак, дзе ён паказваецца. Уся гэтая інфармацыя ёсць на Нацыянальным адукацыйным партале. Каб яе атрымаць, дастаткова зарэгістравацца, а потым спампаваць неабходныя карцінкі. Калі, напрыклад, вучань на ўроку нешта не зразумеў, то дома, спампаваўшы неабходную карцінку і звярнуўшыся да падручніка, выканае тое, што разглядаецца ў прыкладзе па пунктах.

У электронным варыянце вучэбнага дапаможніка для праверкі ведаў вучням прапаноўваюцца тэставыя заданні з выбарам адказу.

Нядаўна мы атрымалі падзяку за добры падручнік з цікавымі прыкладамі і структураваным матэрыялам. Хаця, канечне, праграмаванне — рэч складаная. У новым вучэбным дапаможніку мы пастараліся аблегчыць праграмаванне вялікай колькасцю прыкладаў. Задачы фармулююцца наступным чынам: не напішы праграму, а вазьмі прыклад, памяняй каманду і паглядзі, што будзе; што трэба зрабіць у гэтым прыкладзе, каб замест такога выніку атрымаць іншы; унясі невялікія змены. Навучыць праграмаваць за гадзіну ў тыдзень немагчыма. А вось навучыць чытаць праграму — магчыма, таму мы ў сваім дапаможніку робім акцэнт на фарміраванні менавіта такога ўмення.

У 2018 годзе выйдуць вучэбныя дапаможнікі па інфарматыцы для 6 і 8 класаў. Вучэбны дапаможнік па інфарматыцы для 6 класа ўжо ў выдавецтве “Народная асвета” рыхтуецца да друку. Літаральна днямі мы закончылі працу над вучэбным дапаможнікам для 8 класа. Канцэптуальна і па форме падачы вучэбнага матэрыялу яны будуць падобныя на дапаможнік для 7 класа. Наш аўтарскі калектыў мабільны, у яго ўваходзяць навукоўцы, выкладчыкі вышэйшай школы, настаўнікі-практыкі, метадысты. Працуем зладжана і творча.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.