Дасягненне амбіцыйных мэт устойлівага развіцця магчыма толькі пры інтэграцыі і разумнай каардынацыі намаганняў

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Шчоткіна ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку прыняла ўдзел у агульнай дыскусіі міністэрскага сегмента палітычнага форуму высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці. Аб гэтым паведамілі ў МЗС Беларусі.

Марыяна Шчоткіна азнаёміла ўдзельнікаў форуму з захадамі, зробленымі краінай для ажыццяўлення новага парадку дня ў галіне развіцця. У прыватнасці, яна адзначыла заснаванне Прэзідэнтам Беларусі пасады нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР, а таксама стварэнне нацыянальнага савета па ўстойлівым развіцці на ўзроўні кіраўніцтва профільных органаў дзяржаўнага кіравання і рэгіёнаў краіны.

Прадстаўнік Беларусі падкрэсліла намер краіны задзейнічаць у ажыццяўленні Мэт устойлівага развіцця механізм парламенцкіх слуханняў і нацыянальных кансультацый з удзелам шырокага кола партнёраў, уключаючы грамадзянскую супольнасць. “Беларусь прадставіла свае падыходы да выканання МУР у нацыянальным дакладзе на гэтым форуме і зацікаўлена ва ўкараненні лепшага вопыту іншых краін і рэгіёнаў у рамках выканання Парадку- 2030. Не апошнюю ролю ў дасягненні МУР адыгрывае міжнародная дапамога. ААН можа і прызначана служыць для зацікаўленых краін цэнтрам каардынацыі такой дапамогі. Дасягненне амбіцыйных мэт магчыма толькі пры інтэграцыі і разумнай каардынацыі намаганняў”, — заявіла яна.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў форуму да праблем краін з сярэднім узроўнем даходу, без вырашэння якіх немагчыма дасягнуць Мэт устойлівага развіцця. “Як краіна з сярэднім узроўнем даходу Беларусь выступае за больш скаардынаваную падтрымку намаганняў у галіне развіцця гэтай катэгорыі краін, — сказала Марыяна Шчоткіна. — Прапануем прыняць асобны план дзеянняў ААН па рабоце з краінамі з сярэднім даходам па прыкладзе аналагічных планаў для іншых катэгорый дзяржаў, якія сталі на шлях развіцця, а таксама распрацаваць крытэрыі, якія выходзяць за рамкі толькі даходу на душу насельніцтва”.

Была адзначана таксама важнасць рэгіянальных структур як сувязнога звяна ў дзейнасці на глабальным і нацыянальным узроўнях, а таксама было прапанавана выкарыстаць пляцоўку Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН для абмеркавання шляхоў узаемадзеяння інтэграцыйных аб’яднанняў рэгіёна. “Неабходна пазбегнуць непатрэбнага і небяспечнага проціборства інтэграцыйных мадэлей, дабіцца іх сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва інтэграцыйных аб’яднанняў на прасторы еўразійскага кантынента мае выключна важнае значэнне для глабальнай палітычнай стабільнасці і росквіту”, — падкрэсліла нацыянальны каардынатар.

У межах форуму адбылася сустрэча намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) Марыяны Шчоткінай з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед.

Марыяна Шчоткіна расказала аб прынятых у краіне мерах па наладжванні паслядоўнай работы ў галіне ўстойлівага развіцця. Яна праінфармавала першага намесніка Генеральнага сакратара ААН аб супрацоўніцтве Беларусі з краінавай камандай ААН і выказала ўпэўненасць, што гэтае ўзаемадзеянне будзе і ў далейшым плённа развівацца і стане важкім фактарам падтрымкі Беларусі з боку ААН на шляху дасягнення МУР. “Прадстаўнік ААН, у сваю чаргу, высока ацаніла дзейнасць Беларусі па дасягненні МУР і запэўніла, што ААН мае намер актыўна падтрымліваць гэты працэс”, — адзначылі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Марыяна Шчоткіна і Аміна Махамед абмеркавалі таксама пытанне аб пераўтварэннях сістэмы развіцця ААН. Нацыянальны каардынатар прадставіла пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні, у прыватнасці адзначыла неабходнасць празрыстага падыходу да працэсу з улікам нацыянальных інтарэсаў і прыярытэтаў дзяржаў — атрымальнікаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.