«Дасягненні маіх вучняў у ЦТ – паказчык эфектыўнасці іх прымянення»: у чым карысць інтэрактыўных ЭАР

- 10:38Образование, Портфолио, Приложение

Паспяховы педагог, мнагадзетная мама і гаспадыня аграсядзібы — усё гэта пра Вольгу Іванаўну Бабаед, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Слабадской сярэдняй школы імя М.М.Пшонкі Лепельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Турыстаў, якія прыяз­джаюць на Лепельшчыну адпачыць у аграсядзібе “Лазня ў Бабая” каля прыгожага возера Поўсвіжскае, Вольга Іванаўна і яе муж радуюць сваёй гасціннасцю, смачнай ежай і, зразумела, лёгкай парай у лазні. Вышэйшая адукацыя эканаміста, якую дадаткова атрымала мая суразмоўніца, надае ёй большай упэўненасці ў вядзенні сямейнага бізнесу.    

Калегі ж больш ведаюць Вольгу Бабаед як выдатнага педагога, які ўмела сумяшчае ў сваёй рабоце добрыя традыцыі школы, класічнага ўрока з новымі павевамі, сучаснымі тэхналогіямі. Падчас педсаветаў і школьных метадычных аб’яднанняў, майстар-класаў, якія Вольга Іванаўна право­дзіць на семінарах, на курсах для слухачоў Віцебскага АІРА, яна расказвае калегам пра дыстанцыйнае навучанне, павышэнне медыяпісьменнасці вучняў і інфармацыйна-камунікатыўнай кампетэнтнасці настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Дзеліцца вопытам візуалізацыі вучэбнага матэрыялу, выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў пры выкладанні свайго прадмета. Вольга Іванаўна пры дапамозе інтэр­актыўных электронных адукацыйных рэсурсаў, якія падтрымліва­юць беларускі інтэрфейс, распрацоўвае ўласны медыякантэнт, стварыла брашуру-інструкцыю па прымяненні сэр­вісу Online Test Pad.

Прымусіць дзяцей любіць беларускую мову немагчыма, мовай можна толькі зацікавіць, — адзначае настаўніца. — Для гэтага я выкарыстоўваю на сваіх уроках займальны матэрыял, падаю яго нестандартна, прыводжу цiкавыя факты. Асабліва мне дапамагаюць інтэрактыўныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Лічу, што дасягненні маіх вучняў у ЦТ з’яўляюцца паказчыкам эфектыўнасці іх прымянення. Так, у 2020 го­дзе сярэдні бал па маім прадмеце ў выпускнікоў, якія яго здавалі, склаў 80,57 (2-е месца ў раёне). Адна з вучаніц атрымала на ЦТ 99 балаў. І гэта пры тым, што навучанне ў той час вялося на дыстанцыйнай аснове. Прымяненне анлайн-платформы Neatboard.me ў 2019 годзе дапамагло мне паспяхова падрыхтаваць вучаніцу 10 класа Насцю Піскунову да Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры — дыплом І ступені трэцяга (абласнога) этапу.

Вучні Вольгі Іванаўны праяўляюць шчырую зацікаўленасць у вывучэнні беларускай мовы, выбіраюць менавіта гэты прадмет у старшых класах у якасці профільнага і для здачы ЦЭ. З задавальненнем наведваюць факультатыўныя і музейныя заняткі ў школе, працуюць над міні-даследаваннямі, выступаюць з дакладамі і праектамі на школьнай канферэнцыі “Крок у навуку”, штогод перамагаюць на 2 і 3 этапе Рэспуб­ліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Вольга Бабаед падрабаязна расказала пра сэрвісы і інструменты, якія дапамагаюць ёй працаваць эфектыўна. У першую чаргу гэта learningapps.org, які з’яўляецца бясплатным сэрвісам Web 2.0. З яго дапамогай педагог распрацавала серыю практыкаванняў па беларускай мове і літаратуры для вучняў 5—11 класаў. Так, гульня “Класіфікацыя” дапамагае выпраца­ваць арфаграфічную пільнасць: дзецям прапануецца падзя­ліць словы на дзве катэгорыі ў адпаведнасці з умовамі задання (напрыклад, выбар літары е або я, размеркаванне слоў па часцінах мовы і г.д.). Гульня “Знайдзі пару” патрабуе знайсці адпаведнік па зададзенай умове. Напрыклад, размерка­ваць гукі па глухасці/звонкасці (5 клас) або знайсці назвы прадметам і рэчам беларускай хаткі. Практыкаванне “Табліца адпаведнікаў” педагог дапоўніла эмо­дзі — мовай ідэаграм і смайлікаў, якая выкарыстоўваецца ў электронных паведамленнях і на вэб-старонках. Гульня “Хто хоча стаць мільянерам?” распрацавана па тыпе тэлевізійнага праекта: адказ­ваючы на пытанні ад простага да складанага ўзроўню, вучань можа атрымаць найвышэйшую адзнаку. Так фарміруецца не толькі цікавасць да прадмета, але і здоль­насць да самаацэнкі. Ёсць практыкаванні з уводам тэксту, запаўненнем пропускаў, віктарыны з выбарам адказу і іншыя.

На ўроках літаратуры бывае складана данесці сэнс метафар, эпітэтаў, параўнанняў і іншых вобразных сродкаў, — гаворыць Вольга Іванаўна. — У такім выпадку можна прымя­ніць малюнкі, якія перадаюць асноўны змест (або на якіх паказаны вобразы з верша). Размясціўшы іх на інтэрактыўнай дошцы ў адвольным парадку, можна даць заданне вучням: размяс­ціць у пэўным парадку і пада­браць цытаты з верша. Вывучаючы біяграфію пісьменнікаў, можна прымяніць прыём візуалізацыі — замацаваць фота на стужцы часу ў адпаведнасці з асноўнымі этапамі біяграфіі, што таксама зацікавіць вучняў.

 

 

Яшчэ адзін бясплатны інструмент, які прымяняе Вольга Іванаўна, — анлайн-платформа Neatboard.me для стварэння тэматычных старонак, на якіх можна збі­раць тэксты, прэзентацыі, малюнкі, відэа, дадаваць мультымедыйныя інтэрактыўныя практыкаванні, схемы і табліцы, тэсты і іншае. Рэсурс можна выкарыстоўваць не толькі дыстанцыйна, але і на ўроках у класе. З дапамогай гэтага інструмента педагог распрацавала серыю ўрокаў па беларускай мове па тэме “Арфаграфія”.

Адукацыйныя матэрыялы, якія раблю на анлайн-платформе Neatboard.me, дапаўняюць, а не капіруюць змест падручніка, — адзначае Вольга Іванаўна. — З розных крыніц я збіраю і кампаную тэарэтычную частку, якая паглыбіць веды вучняў па тэме. У распрацаваныя трэніровачныя тэставыя заданні па тэме ўключаю заданні са зборнікаў ЦТ па беларускай мове розных гадоў, што дазваляе старшакласнікам падрыхтавацца да ЦЭ. Падчас выканання трэніровачнага тэста вучань бачыць свае памылкі і адразу можа звярнуцца да тэарэтычнага блока, прачытаць патрэбны матэрыял, а можа анлайн па электроннай пошце звярнуцца з пытаннем да настаўніка і ліквідаваць недахопы ў ведах. Усе адукацыйныя матэрыялы можна спампаваць у фармаце дакумента Word або табліцы і раздрука­ваць.

Online Test Pad (onlinetestpad.com) — яшчэ адна бясплатная лічбавая адкрытая адукацыйная платформа, якую педагог прымяняе для стварэння ўнікальных анлайн-тэстаў (адкрытага, закрытага тыпаў, увод тэксту, адказ у вольнай форме, устанаўленне адпаведнікаў, запаўненне пропускаў і інш.) і як канструктар заданняў (тэстаў, крыжаванак, апытанняў, а таксама дыялогаў, комп­лексных заданняў, урокаў). Электронныя тэсты дазваляюць хутка апрацаваць атрыманыя адказы і выставіць адзнакі, вызначыць тэмы, у якіх ёсць недахопы ў ведах. Рэсурс асабліва карысны для пад­рыхтоўкі старшакласнікаў да цэнтралізаванага тэсці­равання (экзамену).

Графічныя анлайн-рэдактары дапамагаюць Вользе Бабаед ства­раць анімацыі і калажы. Так, у графічным анлайн-рэдактары Canva можна рэдагаваць выявы, ствараць вокладкі, відэа і прэзентацыі. Сэрвіс дазваляе зра­біць дызайн даступным нават для тых, хто не ўмее маляваць. На аснове гатовых шаблонаў ствараюцца вучэбныя лісты, прэзентацыі да ўрока, тэсты, дыяграмы, навуковыя дакументы, карткі для запамінання, ментальныя карты, інтэрактыўныя відэа і падручнікі, партфоліа, плакаты, фотакалажы і інш.

Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы мной у ходзе дыстанцыйнага майстар-класа ў рамках анлайн-семінара, які арганізаваў Віцебскі абласны ІРА, з дапамогай сэрвісу Сanva быў распрацаваны плакат, — расказала настаўніца. — А групай вучняў пад маім кіраўніцтвам створаны буклет па экспазіцыі школьнага музея “Беларуская хатка”, які атрымаў дыплом І ступені ўпраўлення адукацыі Віцебскай вобласці і ІІ ступені Міністэрства адукацыі за перамогу ў конкурсе этнаграфічных музеяў.

Вялікімі магчымасцямі ў стварэнні інтэрактыўных адукацыйных прадуктаў валодае платформа genial.ly. Яе асноўнай перавагай з’яўляецца гейміфікацыя (падача матэрыялу ў гульнявой форме). Платформа дазваляе ствараць інтэрактыўныя плакаты, віктарыны, квізы, настольныя гульні, квесты (патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя).

Што такое інтэрактыўны плакат? Спосаб візуалізацыі інфармацыі на аснове аднаго малюнка, да якога ў выглядзе пазнак (“гарачых кнопак”) прымацоўваюцца спасылкі на вэб-рэсурсы, інтэрнэт-дакументы, мультымедыйныя аб’екты: відэа, аўдыё, прэзентацыі, слайд-шоу, гульні, апытанні і г.д., — гаворыць Вольга Іванаўна. — Напрыклад, інтэрактыўны плакат “Падарожжа за смугу стагоддзяў” дапамагае мне як на ўроках па вывучэнні вуснай народнай творчасці ў 5—7 класах, так і на выхаваўчых краязнаўчых занятках, а таксама вучням у працэсе самаадукацыі. Яго можна выкарыстоўваць з усім класам на мультыбордзе і з кожным вучнем асобна (работа за персанальным камп’ютарам ці планшэтам).

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара