Дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці яшчэ аднаго пункта пропуску гуманітарных грузаў

- 12:19Інфармацыйная гадзіна

Украінскі бок гатовы адкрыць пункт пропуску на лініі сутыкнення ў Луганскай вобласці для грамадзянскага транспарту і гуманітарных грузаў, паведаміў спецыяльны прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік.

“Дасягнута дамоўленасць адкрыць гэты пункт 12 лютага. Думаю, што гэта вельмі важны крок наперад. Калі мы яшчэ пачыналі тут перагаворы, у Луганскай вобласці не было ні аднаго пункта пропуску на лініі сутыкнення. Цяпер у нас будзе другі”, — сказаў Марцін Сайдзік. Ён растлумачыў, што размова аб гэтым ішла 27 студзеня на пасяджэнні рабочай групы па гуманітарных пытаннях, а дамоўленасць аб даце дасягнута ўжо на ўзроўні кантактнай групы.
Пры гэтым пакуль няма прагрэсу ў перагаворах па праблеме палонных. “У той жа час станоўчым момантам з’яўляецца паспяховае правядзенне ў Луганску семінара Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа па іншым важным гуманітарным пытанні — па прапаўшых без вестак. Такія семінары праводзіліся ў Данецку, Днепрапятроўску і Кіеве”, — адзначыў спецпрадстаўнік АБСЕ.
Марцін Сайдзік дадаў, што ўдзельнікі рабочай групы па пытаннях бяспекі абмяняліся інфармацыяй па размініраванні на ўзгодненых раней участках. “Удзелена асаблівая ўвага пытанням бяспекі асоб, якія садзейнічаюць размініраванню, асабліва на ўчастках уздоўж лініі сутыкнення”, — сказаў ён. У сувязі з гэтым абмяркоўвалася выпрацоўка сумесных мер гарантавання бяспекі работ па размініраванні і па недапушчэнні парушэнняў рэжыму спынення агню ў цэлым.