Датэрміновае галасаванне

- 10:29Актуально, Апошнія запісы

Учора міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка прыняў удзел у датэрміновым галасаванні на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На выбарчы ўчастак кіраўнік ведамства прыехаў разам з сям’ёй.

Сістэма адукацыі традыцыйна прымае самы актыўны ўдзел у выбарах. І гэта невыпадкова. Па словах Ігара Васіль­евіча, школа заўсёды была сацыякультурным цэнтрам любога мікрараёна, пасёлка, аграгарадка, раённага цэнтра. Размяшчэнне выбарчых участкаў на базе ўстаноў адукацыі стварае грамадзянам зручныя ўмовы для волевыяўлення. Настаўнікі ўваходзяць у склад выбарчых камісій, якія фарміруюцца зыходзячы з прапаноў, што паступаюць ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Як адзначыў міністр адукацыі, настаўніцтва не знаходзіцца ў баку ад тых грамадска­палітычных падзей, якія адбываюцца ў краіне. Настаўнікі — актыўныя грамадзяне, якія таксама ўдзельнічаюць у працэсе выхавання будучых грамадзян.

Па словах Ігара Васільевіча, вызначыцца з выбарам, праграмай кандыдатаў было нескладана. Вядзецца актыўная агітацыя, інфармацыя аператыўна даносіцца да насельніцтва праз СМІ. “Для мяне як міністра адукацыі вельмі важна, якім будзе парламент, паколькі ў нас на выхадзе новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі і адпаведна з новым складам парламента давядзецца вельмі актыўна працаваць, каб яго разгледзець і пры­няць. Гэта, сапраўды, вельмі сур’ёзная работа”, — падзяліўся Ігар Васільевіч, адзначыўшы, што годны кандыдат павінен валодаць адпаведным узроўнем ведаў, дасяг­нуць пэўных вынікаў і ў прафесіі, і ў жыцці, быць кампетэнтным у пытаннях жыццядзейнасці як Мінска, так і ў цэлым дзяржавы.

Нагадаем, сёння завяршаецца датэрміновае галасаванне, якое прахо­дзіць з 12 па 16 лістапада. Права прыняць у ім удзел маюць выбаршчыкі, якія заўтра, 17 лістапада, у асноўны дзень галасавання, не змогуць знаходзіцца па месцы жыхарства.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.