Даць большую свабоду наймальнікам для стымулявання і заахвочвання работнікаў

У Беларусі ўдасканаляць падыходы да аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў па выніках рабочай сустрэчы кіраўніцтва ФПБ і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якая прайшла ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра ў Мінску.

Запланаваныя змяненні ў сістэме аплаты працы бюджэтнікаў шырока абмяркоўваюцца. Федэрацыя прафсаюзаў неаднойчы ўзнімала перад сацыяльнымі партнёрамі пытанне аб неабходнасці павышэння зарплат у гэтай сферы. “Апошнім часам прыняты шэраг рашэнняў, якія далі магчымасць зняць найбольш вострыя пытанні. Яшчэ ў канцы мінулага года мы гаварылі аб тым, што некаторыя катэгорыі работнікаў сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя, культуры не атрымлівалі нават мінімальнай заработнай платы. Дзякуючы прынятай пастанове Савета Міністраў, гэтая праблема была вырашана. Тым не менш мы лічым, што неабходна працягваць работу па ўдасканаленні сістэмы аплаты працы ў цэлым”, — сказаў старшыня ФПБ Міхаіл Орда. Пазіцыя нацыянальнага прафцэнтра ў гэтым пытанні сугучна з меркаваннем Мінпрацы і сацабароны.

“Сёння парадак разліку заработнай платы ў бюджэтных арганізацыях даволі складаны і ў шэрагу выпадкаў не дае магчымасці аб’ектыўна ўлічваць уклад канкрэтнага работніка ў агульныя вынікі. Таму мы пачалі ўжо распрацоўку новых, больш прагрэсіўных падыходаў, увядзенне якіх дасць магчымасць максімальна аптымізаваць і спрасціць разлікі, а таксама дасць большую свабоду наймальнікам для стымулявання і заахвочвання работнікаў”, — адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Прапанаваныя падыходы да аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый плануецца абмеркаваць за круглым сталом у лютым. Міністр працы і сацыяльнай абароны запрасіла да іх разгляду прафсаюзы і ўсе зацікаўленыя ведамствы.

Сацыяльныя партнёры асаблівую ўвагу таксама ўдзялілі далейшай сумеснай рабоце па карэкціроўцы Працоўнага кодэкса. Прафсаюзы ўнеслі больш за 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў кодэкса. Па многіх пазіцыях прапановы ФПБ падтрыманы Мінпрацы і былі ўлічаны ў адпаведным законапраекце. Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што работа ў гэтым напрамку прадоўжыцца, прапановы па ўдасканаленні гэтага дакумента будуць дэталёва прааналізаваны ўсімі зацікаўленымі бакамі.

Узнімаліся і пытанні занятасці насельніцтва. Паводле слоў Ірыны Касцевіч, сёння актыўна ідуць працэсы рэструктурызацыі і мадэрнізацыі вялікіх прадпрыемстваў. У гэтых умовах важна ўвасобіць у жыццё прынятыя рашэнні па развіцці дзелавой ініцыятывы і тым самым забяспечыць плаўны пераход працоўных рэсурсаў у малы і сярэдні бізнес.

У Федэрацыі прафсаюзаў упэўнены, што гэтыя працэсы павінны праходзіць з улікам інтарэсаў людзей. Размова ідзе аб апераджальным навучанні ў адпаведнасці з патрабаваннем рынку працы, сацыяльнай падтрымцы і персанальным працаўладкаванні кожнага вызваленага работніка. Гэтыя падыходы адлюстраваны ў Метадычных рэкамендацыях па правядзенні сацыяльна адказнай рэструктурызацыі прадпрыемстваў і, на думку прафсаюзаў, павінны стаць абавязковымі для кожнай арганізацыі, у якой плануецца мадэрнізацыя.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *