Дэбаты павысяць празрыстасць выбараў

- 10:52Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэтэндэнты на пасаду генеральнага сакратара ААН упершыню ў яе гісторыі правялі тэледэбаты.

У дыскусіі, якую можна было ўбачыць у эфіры канала Al Jazeera, удзельнічалі дзесяць кандыдатаў. У іх ліку — прадстаўнікі Аргенціны, Коста-Рыкі, Малдовы, Партугаліі, Сербіі, Славеніі, Харватыі, Чарнагорыі. Сярод удзельнікаў былі таксама генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава і адміністратар Праграмы развіцця ААН Хелен Кларк.

Больш за дзве гадзіны ўдзельнікі тэледэбатаў выкладалі прыярытэты сваёй дзейнасці на пасадзе генеральнага сакратара ў выпадку выбрання, дзяліліся меркаваннямі наконт пераўтварэння ААН, каменціравалі важныя пытанні сусветнага парадку дня.

Тэледэбаты прызначаны павысіць празрыстаць выбараў новага генеральнага сакратара ААН. Як паведамлялася, Беларусь у сваю чаргу ўнесла канкрэтныя прапановы для забеспячэння адкрытасці і эфектыўнасці падрыхтоўчага працэсу да падбору і назначэння дзявятага па ліку кіраўніка арганізацыі.