Беларускія школьнікі вярнуліся з Міжнароднай алімпіяды навуковых праектаў навучэнцаў па праблемах навакольнага асяроддзя GENIUS International High School Project Olympiad on Environmental Issues, якая праводзілася ў Асуіга (штат Нью-Ёрк, ЗША). Нягледзячы на тое, што Беларусь у гэтым конкурсе дэбютавала, на яе рахунку — “серабро” і “бронза”.
Гэтая алімпіяда — адзін з самых вялікіх міжнародных конкурсаў навуковых праектаў навучэнцаў. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 73 краіны, было прадстаўлена больш за 500 праектаў. Усе яны прысвечаны пошуку новых шляхоў вырашэння розных экалагічных праблем.
Ульяна Быкава, навучэнка 11 класа гімназіі № 29 Мінска, прадставіла на алімпіядзе праект “Ацэнка актыўнасці другасных метабалітаў міцэліем базідыяльных лекавых грыбоў Laetiporus sulphureus і Trametes versicolor, атрыманых метадам глыбіннага культывавання” і заваявала сярэбраны медаль. Уладзіслаў Андрайчук, навучэнец 9 класа гімназіі Лунінца (Брэсцкая вобласць), прадставіў Рэспубліку Беларусь на алімпіядзе з праектам “Аэрафільная водарасць Trentepohlia umbrina Kϋtz як новы перспектыўны аб’ект біятэхналогіі” і заваяваў бронзавы медаль. Ульяна і Уладзіслаў займаюцца ў навуковым аб’яднанні навучэнцаў “Батаніка” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пад кіраўніцтвам Алесі Аляксандраўны Шавялёвай, педагога дадатковай адукацыі.
“Гэта быў першы наш уд зел у гэтай алімпіядзе, і для мяне было непрыемнай нечаканасцю, што сапернікам нашых дзяцей было ў асноўным па 17—19 гадоў. Прычым над большасцю праектаў працавалі аўтарскія калектывы па 2—3 чалавекі. Мае ж выхаванцы аказаліся самымі юнымі (Уладзіславу — 14, Ульяне — 15 гадоў), працавалі над праектамі яны ў адзіночку і ў адзіночку трымалі іх абарону перад пяццю членамі журы. Мы, педагогі, маглі назіраць абарону толькі каля манітораў, — дзеліцца Алеся Аляксандраўна. — Калі аналізаваць алімпіядныя праекты ў цэлым, то ў асноўным яны закранаюць самыя высоказатратныя сферы. Асабліва шмат было прадстаўлена праектаў па малекулярнай біялогіі. Так, яны цэняцца, але ў выкарыстанні вельмі дарагія. Напрыклад, для выдзялення ДНК (што рабілася ў многіх праектах) неабходны рэактывы коштам у некалькі тысяч долараў. Віталіся і адпаведна высока ацэньваліся праекты па біяфізіцы”.
Праекты ж выхаванцаў Алесі Аляксандраўны не вымагаюць укладання значных сродкаў. Наадварот, іх мэта — з меншымі выдаткамі атрымаць больш карысці. Так, Уладзіслаў перапраграмаваў водарасць Trentepohlia umbrina Kϋtz. За кошт высокай канцэнтрацыі астаксанціну (караціноід, самы магутны антыаксідант) яна чырвонага колеру. У прыродзе гэтая водарасць аэрафільная, жыве без глебы, на кары дрэў. Хлопец жа прапапанаваў вырошчваць яе як новы біятэхналагічны аб’ект і, каб вырошчваць было зручней, перамясціў расліну ў водныя ўмовы. А каб маса водарасці хутчэй нарошчвалася і караціноідаў выпрацоўвалася яшчэ больш, Уладзіслаў распрацаваў асаблівыя стрэсары.
Ульяна прапанавала вырошчваць лекавыя грыбы на адходах харчовай вытворчасці — малочнай сыроватцы, піўной драбіне, бульбяных і капусных рэштках. Гэтыя грыбы ўтрымліваюць шмат біялагічна актыўных рэчываў, таму могуць прымяняцца для харчовых дабавак у рацыён чалавека. Не менш каштоўная, як высветліла даследчыца, і культуральная вадкасць, якая заставалася пасля вырошчвання грыбоў. Яе шматлікія даследаванні даказалі, што гэтую вадкасць можна з поспехам прымяняць як стымулятар росту для раслін.
Святлана НІКІФАРАВА.