Педагог мастацтва – які ён? Чаму сярод яго асноўных якасцей функцыянальная дасведчанасць, адказнасць, арганізаванасць, мабільнасць, канкурэнтаздольнасць, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» даведалася ў дэкана факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Святланы Кабачэўскай.
На пачатку мая краіну абляцела прыемная навіна: сёлета лепшым навуковым супрацоўнікам СНД стала кандыдат педагагічных навук дацэнт С.М.Кабачэўская. Яе артыкул “Працоўныя функцыі і дзеянні сучаснага педагога мастацтва: патрабаванні і адказнасць” быў апублікаваны ў І Міжнародным кніжным выданні краін СНД “Лепшы навуковы супрацоўнік — 2023”. Гэтае выданне — унікальны праект, накіраваны на папулярызацыю навукі і асобасных поспехаў вучоных і педагогаў усёй СНД і Еўропы.
— Святлана Міхайлаўна, паводле вашага артыкула, якія ж патрабаванні да сучаснага педагога мастацтва?
— Патрабаванні заключаны ў самім словазлучэнні, бо сучасны — гэта значыць з высокім узроўнем глабальных кампетэнцый, кагнітыўнай мабільнасці і функцыянальнай дасведчанасці ў цэлым, высокамаральны, канкурэнтны і экалагічна адказны чалавек. Да таго ж сацыяльна адаптаваны ў тым ліку ў міжкультурнай прасторы.
Педагог — чалавек з высокім узроўнем эмацыянальнага інтэлекту, які ўмее рэалізаваць у працэсе навучання міждысцыплінарныя сувязі, валодае арганізацыйна-кіраўніцкімі здольнасцямі, дае магчымасць кожнаму навучэнцу паўнавартасна і актыўна развіваць, рэалізоўваць свой творчы і асобасны патэнцыял.
Увогуле, у мяне асаблівае стаўленне да педагагічнай прафесіі. На працягу ўсяго жыцця мне сустракаюцца цудоўныя настаўнікі, і сама я ўжо больш за 35 гадоў у гэтай прафесіі. Прыйшла ва ўніверсітэт са школы, адпрацаваўшы некалькі гадоў настаўніцай пачатковых класаў і музыкі.
Калі думаю пра педагагічную прафесію, то ўспамінаецца ўрывак з кнігі “Над пропастью во ржи” Джэрома Сэлінджэра: “Я себе представил, как маленькие ребятишки играют вечером в огромном поле, во ржи. Тысячи малышей, и кругом — ни души, ни одного взрослого, кроме меня. А я стою на самом краю скалы, над пропастью, понимаешь? И мое дело — ловить ребятишек, чтобы они не сорвались в пропасть. Понимаешь, они играют и не видят, куда бегут, а тут я подбегаю и ловлю их, чтобы они не сорвались. Вот и вся моя работа. Стеречь ребят над пропастью во ржи. Знаю, это глупости, но это единственное, чего мне хочется по-настоящему”.
Я лічу, што педагог — гэта анёл-ахоўнік, які суправаджае дзіця, накіроўвае яго, падтрымлівае і стварае ўсе ўмовы для фарміравання падрастаючага пакалення.
У сваю чаргу педагог мастацтва — прафесіянал з высокім узроўнем культурнай адукаванасці, які фарміруе сучаснага маладога чалавека сродкамі музычнага і выяўленчага мастацтва. Ён — крыніца ведаў аб культуры, гісторыі, рэаліях і традыцыях, а таксама аб дасягненнях нацыянальных культур у сферы музыкі і мастацтва.
Адпаведна педагогу мастацтва неабходна ўмець прымяняць сучасныя псіхолага-педагагічныя тэхналогіі, заснаваныя на веданні законаў развіцця асобы і паводзін у рэальным і віртуальным асяроддзі, арганізоўваць эмацыянальна-творчае асяроддзе ўсіх катэгорый навучэнцаў, уключаючы адораных у той ці іншай галіне і замежных студэнтаў. А яшчэ такі педагог павінен валодаць тэхнічна дакладным і выразным выкананнем інструментальных, вакальных, вакальна-харавых твораў розных жанраў, жывапісных, графічных і аб’ёмна-пластычных выяў аб’ектаў рэчаіснасці і інш.
Хочацца адзначыць, што фарміраванню культурнай адукаванасці будучага педагога ў БДПУ ўдзяляецца асаблівая ўвага, прычым на ўсіх факультэтах незалежна ад спецыялізацыі. Гэтаму спрыяе наш унікальны праект — “Праз мастацтва да культуры будучыні педагога”, які накіраваны на духоўна-маральнае развіццё настаўніка-пачаткоўца, фарміраванне патрыятычных пачуццяў і, вядома ж, на іх асобасны і прафесійны рост. Нашы студэнты наведваюць музеі і тэатры, сустракаюцца з дзеячамі культуры і мастацтва, удзельнічаюць у экскурсійных паездках па гістарычных і памятных мясцінах. Сярод партнёраў БДПУ — Вялікі тэатр Беларусі, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Тэатр-студыя кінаакцёра, Тэатр юнага гледача, Нацыянальны мастацкі музей, Музей гісторыі горада Мінска і г.д.
— А за што адказны такі педагог?
— Педагог мастацтва нясе адказнасць за выніковасць і адэкватнасць прымянення сучасных педагагічных тэхналогій у рэальным і віртуальным асяроддзі, тэхнічна дакладную і выразную дэманстрацыю твораў класічных, народных і сучасных жанраў, а таксама жывапісных і графічных выяў, дэкаратыўна-прыкладных работ і мастацкай апрацоўкі матэрыялаў.
Да таго ж ён абавязаны выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і абгрунтоўваць іх прымяненне, садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай ідэнтычнасці, талерантнасці і інтэрнацыяналізму ў зменлівым полікультурным і полімастацкім асяроддзі сродкамі музычнага і выяўленчага мастацтва.
А яшчэ педагог мастацтва нясе адказнасць за своечасовае прымяненне норм нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства ў галіне інтэлектуальнай уласнасці. Якаснае праходжанне адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, пошук найноўшых дасягненняў музычнага і выяўленчага мастацтва таксама ўваходзяць у яго зону адказнасці.
Педагог мастацтва — гэта прафесіянал з высокім узроўнем культурнай адукаванасці, які фарміруе сучаснага маладога чалавека сродкамі музычнага і выяўленчага мастацтва
Тут успамінаюцца радкі Ф.І.Цютчава: “Нам не дано предугадать, как слово наше отзовется”. Дык вось педагог, у нашым выпадку мастацтва, адказны за тое, як яго слова адгукнецца ў душы дзіцяці і ці будзе экалагічным паглыбленне навучэнцаў у свет музычнай і выяўленчай культуры пад уздзеяннем інтэграцыі розных відаў мастацтваў.
— Ці даўно вы займаецеся пытаннямі функцыянальнай дасведчанасці? Які вопыт абагульнілі ў сваім артыкуле?
— Так, я даўно захоплена гэтай праблемай, бо, каб быць гатовым фарміраваць функцыянальную дасведчанасць у вучняў, педагог у першую чаргу сам павінен валодаць ёй на самым высокім узроўні. Для мяне гэтая праблема цікавая і як для кіраўніка, дэкана факультэта эстэтычнай адукацыі, і як для выкладчыка, які выходзіць да студэнтаў — будучых педагогаў мастацтва. Гэты працэс займальны і адказны адначасова.
Свой артыкул я напісала ў рамках рэалізацыі галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Функцыянальная дасведчанасць” на 2021—2025 гады пад кіраўніцтвам дактароў педагагічных навук і прафесараў А.І.Жука і Г.В.Торхавай, а таксама выканання задання па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння падрыхтоўкі педагогаў гуманітарнай адукацыі для фарміравання ў навучэнцаў функцыянальнай дасведчанасці.
Дарэчы, кожны раз удзельнічаючы ў канферэнцыях у Казахстане, Расіі і іншых краінах, пераконваюся, што гэтая праблема актуальная для ўсёй педагагічнай грамадскасці.
— Што для вас ганаровае званне “Лепшы навуковы супрацоўнік СНД”?
— Для мяне поспех — гэта сам працэс. Я з заміраннем сэрца думаю аб тым, што, дзякуючы маёй рабоце і артыкулу, у навуковай грамадскасці СНД будуць гаварыць пра нашу краіну і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Між іншым навуковая грамадскасць СНД не першы раз вылучае прадстаўнікоў БДПУ. Так, у 2021 годзе дацэнт кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій факультэта кіравання і прафесійнага развіцця педагогаў ІПКіП Алена Шылава і кандыдат мастацтвазнаўства дактарант кафедры педагогікі Лідзія Шкор былі ўзнагароджаны нагрудным медалём “Лепшы педагог — 2021” СНД за ўклад у развіццё навукі і адукацыі і дыпломам III ступені за ўдзел у конкурсе “I Міжнароднае кніжнае выданне”, “Лепшыя ў адукацыі — 2021” сярод навукова-адукацыйных устаноў СНД.
У 2022 годзе студэнтка факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Аліса Булдакова і магістрант факультэта Настасся Есауленка сталі лепшымі студэнтамі СНД, атрымалі дыпломы І ступені і нагрудныя медалі. Таксама летась аспірант кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў гістарычнага факультэта Антон Доўнар стаў лаўрэатам І ступені ў І Міжнародным кніжным выданні “100 новых асоб” сярод краін СНД (г.Астана, Казахстан).
— Святлана Міхайлаўна, вы чалавек, які ніколі не стаіць на адным месцы, а таму не магу не спытаць: над чым яшчэ працуеце?
— Над сабой у першую чаргу. Мне хочацца асабістым прыкладам паказваць сваім дзецям, студэнтам і калегам, за якіх я таксама нясу адказнасць, што нельга спыняцца на дасягнутым. Я імкнуся быць сучасным педагогам мастацтва ў свеце лічбавых тэхналогій, увесь час пашыраць веды і творчыя магчымасці не толькі свае, але і сваіх навучэнцаў, калег. Да таго ж я працую над тым, каб адпавядаць патрабаванням цяперашняга часу, валодаць высокім узроўнем універсальных кампетэнцый, функцыянальнай дасведчанасці, а яшчэ быць канкурэнтным і экалагічна адказным, маральным чалавекам. Ні на хвіліну не спыняючыся!
— Новых поспехаў і новых перамог!
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота прэс-службы БДПУ