Дэкапітатар, або Медыяімправізацыя па фізіцы

- 11:38Портфолио

PR-акцыя — гэта акцыя, якая праводзіцца для стварэння станоўчага іміджу і прыцягнення ўвагі. Як паказвае практыка, многія навучэнцы лічаць фізіку складаным і незразумелым прадметам. Для таго каб павысіць пазнавальную цікавасць школьнікаў да яго, была выбрана менавіта такая форма правядзення мерапрыемства. PR-акцыя мае высокі медыяпатэнцыял. Данясенне інфармацыі і работа з ёй, уплыў на пэўныя пласты грамадства, а таксама лабіраванне некаторых сваіх інтарэсаў якраз і складаюць аснову дзейнасці PR. PR-інфармацыя можа распаўсюджвацца рознымі спосабамі. У навучэнцаў з’яўляецца магчымасць папрацаваць з рознымі відамі медыя (рэкламай, сацыяльнымі сеткамі, газетай, ньюс-рэлізам, медыяпланам і інш.), прымяніць на практыцы веды пра структуру і спецыфіку работы кожнага асобнага віду.

Навучэнцам прапануецца некалькі тыпаў заданняў, якія ацэньваюцца рознай колькасцю балаў. Кожны тып задання можна выканаць толькі адзін раз. PR-акцыя доўжыцца некалькі дзён. Да канца акцыі навучэнцы павінны набраць пэўную (жаданую) колькасць балаў і абмяняць іх на адзнаку.

Мерапрыемства праводзіцца з мэтай папулярызацыі прадмета “Фізіка”.

Медыякампетэнцыі:

– ведаюць, як аб’ядноўваць інфармацыю з розных крыніц належным чынам, каб прадставіць іх аўдыторыі;

– разумеюць прычыны абмежавання выкарыстання ІКТ у рашэнні пэўных задач;

– умеюць усвядомлена ствараць медыйны вобраз у залежнасці ад кантэксту;

– умеюць выкарыстоўваць патэн­цыял сацыяльных сетак у сваіх мэтах;

– здольны кіраваць ІТ-інфраструктурай, маюць адпаведныя тэхнічныя навыкі, якія дазваляюць выбіраць для канкрэтных задач канкрэтныя інструменты і тэхналогіі;

– здольны ствараць інфармацыйныя і рэкламныя тэксты;

– разбіраюцца ў асаблівасцях медыя­жанраў;

– здольны стварыць комплекс рознага медыякантэнту на зададзеную тэму;

– могуць апісаць і пракаменціраваць навакольнае асяроддзе і працэсы, якія ў ім адбываюцца.

Удзельнікі: навучэнцы 9—11 класаў. Настаўнік збірае вучняў і аб’яўляе пра пачатак PR-акцыі. Знаёміць з правіламі і заданнямі.

Прыклады заданняў

  1. Гульня ў імітацыю (<=4 балы).

Стварыць у адной з сацсетак старонку вучонага-фізіка, запоўніць яе. Ацэньваецца, наколькі поўна і правільна запоўнена асноўная інфармацыя (аватарка, дата нараджэння, родны горад, месца вучобы/работы, сямейнае становішча і г.д.), захапленні і інтарэсы (запоўніць аўдыязапісы (таго часу), падпісацца на адпаведныя паблікі, стварыць фотаальбом з важнымі падзеямі яго жыцця), на сцяне павінна быць не менш за 5 пастоў з навінамі таго часу.

  1. Інтэрв’ю з вампірам (<= 4 балы).

Крок 1. Уявіце сябе ў ролі журналіста, які павінен узяць інтэрв’ю ў вядомага фізіка. Складзіце 7—9 пытанняў пра яго дзейнасць.

Крок 2. (Інфармуем яго пра гэта толькі пасля выканання кроку 1.) Цяпер уявіце сябе ў ролі гэтага вучонага і адкажыце на свае пытанні, зыхозячы з біяграфіі і любой іншай даступнай і дакладнай інфар­мацыі пра яго.

Крок 3. Напісаць матэрыял (12—15 сказаў) пра дзейнасць гэтага вучонага ў школьную газету, зыходзячы з адказаў кроку 2.

  1. Картачны домік (<= 3 балы).

Стварыць рэкламу да якой-небудзь фізічнай з’явы ці вынаходкі (постар або відэаролік).

Ацэньваецца наяўнасць слогана, эфектыўнасць выкарыстання сімвалаў і візуальных знакаў, арыентацыя на пэўную аўдыторыю, апісанне пераваг тавару з навуковага пункту гледжання, гукавое суправаджэнне для відэароліка.

  1. Дзень, калі Зямля спынілася, або Назад у будучыню (<= 3 балы).

Напісаць, асноўваючыся на фізічных законах і працэсах, ньюс-рэліз на тэму “Што, калі…”.

Варыянты тэм: “…знікне сіла трэння”, “…маса Зямлі стане ў два разы меншай”, “…знікне азонавы слой”, “…адлегласць ад Зямлі да Сонца стане ў 2 разы большай”, “…на Зямлі скончацца запасы металічных руд”.

  1. Паляўнічыя за розумам (2 балы)

Даць адказ на загадку.

Прыклады:

  1. Гэтая карціна выканана ў незвычайнай тэхніцы з дапамогай абпалу і была створана за некалькі тыдняў да смерці аўтара. Аўтар-мастак таксама стварыў 6 твораў для опернага тэатра горада, пабрацімам якога з’яўляецца горад— рэкардсмен па колькасці алімпійскіх чэмпіёнаў на душу насельніцтва.
  2. Гэтае сапраўды грандыёзнае свята штогод праходіць у самым паўночным горадзе краіны, якая з’яўляецца радзімай аўтара ўнікальнай паэтычнай страфы, што называецца “стандартны габі”. Назавіце гэтае свята.
  3. Назавіце імя чалавека, які ў год правядзення ХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў адрадзіў спосаб, які выкарыстоўвала апошняя царыца эліністычнага Егіпта з македонскай дынастыі Пталемеяў (Лагідаў) для ўкарочвання сваіх валасоў.
  4. Назавіце савецкі фільм, зняты па аповесці Г.Мірашнічэнкі, у год унікальнай астранамічнай з’явы. Сутнасць гэтай з’явы ў тым, што людзі маглі лятаць.
  5. Хобіт, ці Туды і назад (1 бал).

Даць адказ, пра які фізічны закон ці паняцце ідзе гаворка. Даём падказку, што пры фармуляванні пытання выкарыстоўвалі перакладчык.

(Мы пераклалі паняцці з беларускай на турэцкую, потым — на бенгальскую, потым — на фінскую і вярнуліся да перакладу на беларускую мову.)

Прыклады:

  1. Два аб’екты прамога адноснага здабытку маюць масу і адносны квадрат, адпраўляючы мяч на адлегласць, якая з’яўляецца другой.
  2. Балансіроўка адмоўна зараджаных часціц. Гэта базавая адзінка і лічыцца ў першую чаргу.
  3. Прымяненне адноснай сілы да пругкіх скажэнняў, цела.
  4. Калі практыкаванне ўплывае на тое, ці замяняе цела сілу або цела знаходзіцца ў стане, адпачывае ці рухаецца належным чынам.
  5. У іх ёсць іншыя часткі, якія паглынаюць цела, каб захаваць сваю маё­масць.

У канцы PR-акцыі настаўнік зноў збірае вучняў. Навучэнцы прэзен­туюць свае работы, галасуюць за самае цікавае/складанае/папулярнае заданне, падводзяць вынікі і выбіраюць наступны прадмет, які, на іх думку, мае патрэбу ў PR-кампаніі.

Сяргей ФАДЗІН,
настаўнік фізікі сярэдняй школы № 26 Гродна.