Дэвіз «Мы разам — поспех» яшчэ ніколі не падводзіў дырэктара Гарбавіцкай сярэдняй школы Аксану Раманаву

- 13:00Персона

“Поспех — гэта калі на цябе і твой калектыў працуе аўтарытэт, — лічыць дырэктар Гарбавіцкай сярэдняй школы Чавускага раёна Аксана Раманава. — Але для гэтага ўсім трэба працаваць зладжана, на вынік”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чуць кожнага

— Са словам “поспех” побач я паставіла б слова “мы”. Дарэчы, групу нашага калектыву ў са­цыяльных сетках так і назвала “Мы разам — поспех”, гэта мой дэвіз, — гаво­рыць Аксана Ана­тольеўна. — Чалавек можа па­даць ідэю, але ўвасобіць яе аднаму складана. Нават калі настаўнік выступае як прадметнік, ён працуе альбо ў дуэ­це з вучнем, альбо ў трыа, калі падключаюцца і яго баць­кі. У любой грамадскай дзейнасці, пры падрыхтоўцы праекта абавязкова прысутнічае “мы”. І толькі пра асобную творчую работу можна ска­заць, што ад ідэі да рэалізацыі ўсё зрабіў адзін чалавек.  

На пасадзе дырэктара я толькі 2 гады. Нас няшмат — 26 педагогаў і 113 вучняў. З’яднаць калектыў і павесці за сабой няпроста, бо ва ўсіх нас розныя меркаванні аб адным і тым жа. Да таго ж трэба наладзіць узаемадзеянне з бацькамі дзяцей, стварыць тандэм сям’і і школы. Як гэта зрабіць?

Кіраўніку неабходна чуць кожнага, унікаць ва ўсё, што адбываецца ва ўстанове, пачынаючы ад арганізацыі харчавання і заканчваючы адукацыйным працэсам. І не сядзець у кабінеце, а размаўляць з людзьмі. Вядома ж, такія якасці, як дабрыня і чалавечнасць, павінны быць на першым месцы. Тады і вынікі будуць.

І яны ўжо ёсць: Гарбавіцкая сярэдняя школа атрымала дыплом І ступені Магілёўскага аблвыканкама як пераможца спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў 2022 годзе сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах і пасёлках гарадскога тыпу.

Па слядах мамы

На працягу 12 гадоў Аксана Анатольеўна выкладае ў школе працоўнае навучанне, да гэтага працавала педагогам-арганізатарам. Усе навыкі абслуговай працы асвойвала самастойна. Тым не менш яе вучні штогод становяцца пераможцамі алімпіяды па працоўным навучанні на ўзроўні вобласці, тры дзяўчынкі атрымалі абсалютныя 1-я месцы на рэспубліцы. Гэта Дзіяна Усцінава, Лізавета Сушчынская і дачка маёй суразмоўніцы Алена Раманава, якая чатыры гады запар з 8 па 11 клас заваёўвала дып­ломы на Рэспублiканскай алімпіяде па працоўным навучанні.

Алена Раманава пайшла па слядах мамы. З 2021 года працуе ў Гарбавіцкай сярэдняй школе настаўніцай працоўнага навучання і выяўленчага мастацтва. Адначасова вучыцца на тэхнолага-біялагічным факультэце па спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя І.П.Шамякіна, куды паступіла без уступных экзаменаў як пераможца рэспубліканскай алімпіяды.

— Ва ўніверсітэце вучуся па індывідуальным плане, паколькі маю добрыя адзнакі. Але пэўную колькасць заняткаў я павінна наведаць абавязкова, — расказвае Алена. — Сумяшчаць вучобу і работу ў школе вельмі падабаецца. Тэорыя, якую асвойваю ва ўніверсітэце, становіцца больш зразумелай менавіта дзякуючы практычнаму вопыту, які атрымліваю са сваімі вучнямі. І на экзаменах гэта дапамагае мне адказваць на складаныя пытанні па методыцы выкладання. Да таго ж прыемна, калі выкладчыкі ўніверсітэта ставяцца да мяне як да калегі. 

У Алены ўжо ёсць свае пераможцы алімпіяд па працоўным навучанні. Гэта Паліна Дзюко, вучаніца 8 класа, якая заняла прызавыя месцы ў другім і трэцім этапах рэспубліканскай алімпіяды. У гэтым годзе Паліна стала лаўрэатам І ступені Міжнароднай алімпіяды па дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Сузор’е юных майстроў”. Летась лаўрэатам І ступені названай алімпіяды была навучэнка 6 класа Злата Нові­кава.

— Падыход “роўны вучыць роўнага” дае свой плён, — адзначае Алена. — Дасведчаны педагог звычайна патрабуе ад дзіцяці адразу многага, а навучанне ў равесніка больш камфортнае ў псіхалагічным плане, пры гэтым не менш эфектыўнае. Галоўнае, каб у вучня было жаданне атры­маць вынік, дасягнуць пастаўленых мэт і задач. Самая вялікая колькасць дзяўчынак, якія падчас урока знаходзяцца ў кабінеце працоўнага навучання, — 7—8. Кожнай я магу ўдзя­ліць дастаткова ўвагі. У гэтым перавага сельскай школы. А для мяне як пачынаючага спецыяліста гэта яшчэ і магчымасць набыць каштоўны вопыт, праявіць сябе.

Нягледзячы на свой юны ўзрост, Алена Раманава ў 2019 го­дзе атрымала званне “Чалавек года” Чавускага раёна. Адзначана падзячным лістом аргкамітэта міжнароднай алімпіяды па дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Сузор’е юных майстроў” за педагагічнае майстэрства і дастойны ўклад у справу эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення. За якасную работу з высокаматываванымі навучэнцамі ўзнагаро­джана спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама. Педагог атрымала дыплом ІІ ступені ў абласной выставе-кірмашы творчых дасягненняў у адукацыйнай галіне “Беларускія традыцыі і сучаснасць”, дыплом ІІ і ІІІ ступеней у міжнародным конкурсе па дызайне “Навагодні эксклюзіў”, дыплом І ступені ў прафсаюзным конкурсе “Вытокі”.

Летась Алена Андрэеўна была камандзірам студэнцкага экалагічнага атрада “Новае пакаленне”. І атрад, і яго камандзір сталі лепшымі ў вобласці, адзначаны падзячным лістом на рэспубліканскім узроўні. Экалагічны атрад функцыянаваў у школе і быў прымацаваны да ЖКГ, старшакласнікі займаліся добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый у Гарбавічах і вёсцы Прыазёрнай. 

Пачуццё прыгожага

Аксана Анатольеўна Раманава аказвае дачцэ метадычную і творчую дапамогу, асабліва пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і конкурсаў. Часам уся сям’я Раманавых абмяркоўвае ідэі вырабаў для конкурсаў. Далучаецца да працэсу і галоўны ў сям’і чалавек — муж і тата Андрэй, асабліва калі трэба нешта змайстраваць з дрэва. Сярод работ, якія вучні Гарбавіцкай сярэдняй школы з поспехам прадстаўлялі на міжнароднай алімпіядзе “Сузор’е юных майстроў”, ключніца “Зайкавы дом”, спадніца ў нацыянальным стылі з ручной вышыўкай, карусель народных сімвалаў (сімвал маці, ураджаю, сонца, дзіцяці, кахання, багацця, зямлі).

— Пачуццё прыгожага і прага творчасці не пакідаюць мяне і сёння, калі з’яўляюся кіраўніком школы, — прызнаецца Аксана Анатольеўна. — Стараюся знаходзіць час для хобі — гэта расшыўка пацеркамі брошак з фетру, скуры. Толькі сплю, бывае, па тры-чатыры гадзіны ў суткі. Але, калі работа завершана, адчуваю прыліў сіл і натхненне на ўвесь наступны дзень. А затым зноў нараджаюцца ідэі будучых вырабаў. 

Раней мы з дачкой спрабавалі сябе ў шыцці лялек і адзення, малявалі карціны, у тым ліку ў тэхніцы бацік, стваралі дэкарацыі. Сёння Алена больш захапляецца вырабам дызайнерскіх свечак. Дома ў нас сапраўдны музей творчасці. Ствараем святочныя ўпрыгажэнні для школы, дэкаратыўныя кампазіцыі і фотазоны для раённых мерапрыемстваў.

У першы год майго дырэктарства мы з калегамі пачалі рамонт у школе, арганізоўваем для сябе сучасную прастору, дзе будзе лёгка дыхаць, працаваць і вучыцца. 

Жанчына года

У 2018 годзе Аксана Раманава была ўнесена ў жаночую энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь”. Двойчы была ўзнагаро­джана дыпломам “Жанчына года” ў намінацыях “Актыўная грамадзянская пазіцыя” на ўзроўні рэспублікі і “Матчына слава” ў вобласці.

— Высокія ўзнагароды для мяне — гэта доказ таго, што проста так у жыцці нічога не даецца. Любы значны вынік патрабуе каласальных намаганняў, карпатлівай працы, — гаворыць педагог. — Гэта тычыцца розных сфер жыцця — і сямейнага, і грамадскага. Актыўная грамадзянская пазіцыя падразумявае праяўленне патрыятычных пачуццяў. Для мяне гэта ўнутранае адчуванне, жаданне зрабіць нешта доб­рае для сваёй малой радзімы, для людзей, побач з якімі жыву. Можна пачаць з добраўпарадкавання дворыка, дзе знаходзіцца твой дом, паса­дзіць дрэва або выкі­нуць смецце, каб было чыста і прыгожа. Прывучаем да гэтага і дзяцей.

Аксана Анатольеўна лічыць, што выхоўваць моладзь трэба на прыкладзе жыцця іх продкаў. Для гэтага ў школе створаны шыкоўны музей, дзе прадстаўлены этнаграфічны раздзел, прысвечаны побыту беларускага сялянства XІX—XX стагоддзяў. Там ёсць прылады працы, сталярныя інструменты, бандарныя і ганчарныя вырабы мясцовых майстроў, тканыя вырабы, ткацкі станок, калаўрот, верацяно, трапала і інш. У раздзеле “Гісторыя вёскі Гарбавічы” — звесткі пра жыццё вёскі XX стагоддзя ў дакументах, фотаздымках і ўспамінах жыхароў розных пакаленняў. Ёсць інфармацыя аб прадпрыемствах, якія раней існавалі ў вёсцы: маслазаво­дзе, хлебапякарні, ільнозаводзе. У раздзеле “Гісторыя школы” сабраны матэрыял пра ўвесь перыяд існавання школы (з 1897 года да нашых дзён), пра выпускнікоў і настаўнікаў-ветэранаў. “Вялікая Айчынная вайна” — самы вялікі раздзел музея, дзе прадстаўлены багаты матэрыял аб баявых дзеяннях 61-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерал-маёра Ф.А.Бакуніна на тэрыторыі раёна ў 1941 го­дзе. У музеі захоўваюцца трылогія Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя” з яго дароўным надпісам, звесткі аб партызанскім руху і вайсковых злучэннях, якія вызвалялі раён.

— Што тычыцца маёй сям’і, выхавання дзяцей, — працягвае Аксана Анатольеўна, — то пра дасягненні дачкі вы ўжо ведаеце. Раскажу пра сына Дзмітрыя: ён майстар спорту па кікбоксінгу, майстар спорту па вайсковым рукапашным баі, заваяваў пояс чэмпіёна па змешаных адзінаборс­твах, чэмпіён сусветнай лігі змешаных адзінаборстваў АСА 128. Дзіма ўжо стварыў сваю сям’ю, жыве ў Віцебску, у мяне ёсць унучка.

У адным з пакояў нашага дома ёсць так званая зала славы, дзе на сцяне размешчаны ўсе ўзнагароды сына, дачкі і таты, які мае знак выдатніка МНС за выратаванне чалавека, медаль ІІІ ступені “За бездакорную службу”. Колькі б ні прайшло часу, упэўнена, што гэтая сцяна ў бацькоўскім доме застанецца некранутай. Мы з мужам з гордасцю, а часам з гумарам гаворым пра тое, што наш з ім дуэт спрацаваў у дзецях.

У нашай сям’і ёсць традыцыя самыя адказныя рашэнні пры­маць на сямейным савеце, выслухоўваць кожнага. Дэвіз “Мы разам — поспех” яшчэ ніколі не падводзіў нашу сям’ю.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва суразмоўніцы