Група беларускіх школьнікаў па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Расіі ў дні навагодніх канікул наведала Маскву. У яе склад увайшлі 44 вучні 4—8-х класаў Пярэжырскай сярэдняй школы, а таксама дзеці са шматдзетных сем’яў Мінска, паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.
Трохдзённая паездка пачалася з наведвання пасольства і цёплай сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Расіі Ігарам Петрышэнкам. Для дзяцей былі арганізаваны экскурсіі па гістарычным будынку дыпмісіі і Дзелавым і культурным комплексе.
Праграмай было прадугледжана таксама наведванне навагодняй ёлкі ў храме Хрыста Збавіцеля, прагулкі па Краснай плошчы, парку “Сакольнікі”.
Мерапрыемства праведзена ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” з удзелам Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў пры фінансавай падтрымцы выхадца з Беларусі кіраўніка групы расійскіх кампаній “СанСіці” Мікалая Уласюка.
Пярэжырская сярэдняя школа з’яўляецца падшэфнай арганізацыяй Міністэрства замежных спраў Беларусі, з якой рэалізоўваюцца сумесныя праекты, накіраваныя на захаванне памяці аб дыпламатах — ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, аб іх укладзе ў станаўленне дыпламатычнай службы, а таксама ролі беларускага знешнепалітычнага ведамства ў абароне і пашырэнні нацыянальных інтарэсаў краіны за мяжой. У 2000 годзе Пярэжырскай сярэдняй школе прысвоена імя былога міністра замежных спраў БССР Анатоля Гурыновіча. У 2016 годзе адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця школьнага музея імя А.Е.Гурыновіча, экспазіцыя якога прысвечана гісторыі школы, раёна і беларускай дыпламатыі. Асобны стэнд прысвечаны знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі.