Дыялог магчымы і неабходны абодвум бакам

- 9:56Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дакладчыкам па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Андрэа Рыгоні заявіў аб неабходнасці прадаўжэння дыялогу краіны з еўраструктурамі.

“Мы па ўсіх пытаннях, якія ў вас выклікаюць хваляванне і ў нас, у Беларусі, вядзём дыялог. На сённяшні дзень мы не сядзім кожны за сваёй агароджай, а размаўляем. Гэта ўжо вялікая справа. У дыялогу, я думаю, нараджаецца ісціна. З цягам часу гэтая ісціна будзе і ў нашых адносінах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Вельмі важна, што вы разумееце, у якой сітуацыі знаходзіцца Беларусь сёння і наколькі складана часам нават на прынцыпах развітой дэмакратыі Еўрапейскага саюза ў Беларусі дзейнічаць. Усё гэта не так проста”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Еўропа ва ўмовах сваёй цяперашняй палітычнай сістэмы жыве ўжо некалькі стагоддзяў. “А мы яшчэ вельмі маладыя, каб працаваць на вашым узроўні. Трэба разумець, што ў кожнай дзяржавы ёсць свая спецыфіка, таму ўсялякія пытанні палітыкі, дыпламатыі, дэмакратыі трэба ўсё ж такі праламляць праз тую спецыфіку, у якой знаходзіцца тая ці іншая дзяржава, у тым ліку наша”, — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Андрэа Рыгоні за канструктыўную пазіцыю адносна Беларусі і яго імкненне ўнесці пазітыў у развіццё ўзаемадзеяння Беларусі з еўрапейскімі структурамі. “Такіх палітыкаў сёння мала. Кожны мае нейкія мэты. Вы маеце высакародную мэту. Вы садзейнічаеце збліжэнню пазіцый нават самых антаганістычных сіл, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нягледзячы на рознагалоссі па пэўных палітычных пытаннях, якія існуюць паміж намі і Еўрасаюзам, усё ж такі вы стараліся надаць нашым адносінам пазітыўную дынаміку. За гэта я вам удзячны”.

“Я хачу вам асабіста падзякаваць за магчымасць гэтай сустрэчы, таму што яна паказвае не толькі тое, што вы адкрыты да дыялогу, але і вельмі цёплае і пазітыўнае стаўленне Беларусі да працэсу развіцця адносін з Саветам Еўропы і Еўропай у цэлым”, — сказаў, у сваю чаргу, дакладчык па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні.

Ён расказаў, што цяпер рыхтуе даклад аб сітуацыі ў Беларусі і хоча зразумець краіну знутры, каб дакумент атрымаўся сумленным і справядлівым.

“Вы ведаеце, што такое Савет Еўропы. Гэта вялікая платформа ў Страсбургу, дзе абмяркоўваюць усё, што адбываецца на еўрапейскім кантыненце. Савет Еўропы ахоплівае прастору ад Уладзівастока да Рэйк’явіка, і вельмі цяжка часам унікнуць у сітуацыю кожнай краіны паасобку”, — заўважыў палітык.

“Вядома, кожная дзяржава розная і вызначаецца сваімі культурнымі асаблівасцямі і традыцыямі, але яна робіць свой уклад у агульнаеўрапейскую спадчыну. Мы ўсе розныя, але ў чымсьці роўныя. Унутры Савета Еўропы, унутры ПАСЕ заўсёды ёсць дыялог, раўнапраўная магчымасць абмену думкамі. Мы ўсе ў некага вучымся, і нехта вучыцца ў нас”, — дадаў Андрэа Рыгоні.

Праект даклада “Аб сітуацыі ў Беларусі”, які ўключае новую рэзалюцыю ПАСЕ, дыпламат мае намер прадставіць на пасяджэнні Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі ў красавіку 2017 года для далейшага зацвярджэння дакумента асамблеяй у час сваёй чэрвеньскай сесіі.