Пытанні, звязаныя з выбарчай сістэмай Беларусі, падчас адкрытых дэбатаў “Выбірай.by!” 7 жніўня ў Мінску абмеркавалі больш як дзвесце лідараў БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны.
Традыцыйна маладзёжныя дэбаты складаліся з трох частак: праектная прэзентацыя, абмен пытаннямі і меркаваннямі, віктарына. У якасці экспертаў выступілі старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, ФПБ, Камуністычнай партыі Беларусі.
— Мне здаецца, што ў гэтай выбарчай кампаніі моладзь удзельнічае актыўней. Яна часцей заяўляе аб сабе, прэзентуе крэатыўныя праекты, — адзначыла Лідзія Ярмошына. — І праект “Выбірай.by!”, і ў тым ліку сённяшнія дэбаты — гэта культурныя мерапрыемствы агітацыйнага характару, якія павінны арганізоўвацца для моладзі. Цалкам магчыма, што яны выхаваюць адказных выбаршчыкаў. Таму я ацаніла б ролю моладзі ў выбарах як усё больш узрастаючую.
У сваю чаргу першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў адзначыў, што праз дэбаты маладыя людзі абмяркоўваюць розныя тэмы.
— Сёння мы абмяркоўваем выбарчую кампанію, выбарчае права. У Год моладзі важна рабіць правільны выбар. Мы дыскутуем, спрачаемся, размаўляем, даказваем, але самае важнае, што мы аб’ядноўваемся і ідзём наперад разам, — лічыць лідар маладзёжнай арганізацыі. — Выбары прэзідэнта — значная палітычная падзея, а для моладзі гэта таксама магчымасць праявіць і зарэкамендаваць сябе. Гэта магчымасць сустрэч, у тым ліку праз пікеты, збор подпісаў, вывучэнне праблем, з якімі сутыкаюцца людзі. Сёння моладзь вучыцца праз выбарчыя тэхналогіі, і такія ўрокі паслужаць добрым стымулам для далейшага развіцця — у палітычным жыцці, у грамадскай дзейнасці.
Удзел у маладзёжным праекце БРСМ “Адкрытыя дэбаты” Выбірай.by!” прыняў і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі.
— Увагі заслугоўвае вопыт грамадскіх арганізацый, у прыватнасці вопыт удзелу ў выбарчай кампаніі, які напрацоўваецца самай масавай маладзёжнай арганізацыяй. Дзякуючы ўдзелу ў палітычных, грамадскіх працэсах, моладзі прадастаўляецца магчымасць для рэалізацыі сваіх грамадзянскіх правоў і наогул самарэалізацыі. Пры гэтым сёння ў свеце ёсць тэндэнцыя даволі пасіўнага стаўлення моладзі да такіх грамадска значных працэсаў. Але ў Беларусі арганізацыя работы з моладдзю праз грамадскія фарміраванні адыгрывае важнае значэнне, — падкрэсліў Ігар Бузоўскі. — На сённяшнім форуме маладыя людзі не проста выступілі ў якасці слухачоў, а занялі актыўную пазіцыю. Яны выказалі сваё меркаванне аб магчымасці ўдасканалення працэсу выбараў, аб неабходнасці прыцягваць моладзь у электаральную кампанію. Таксама ішла размова аб тым, як стымуляваць удзел і моладзі, і ўсёй грамадскасці ў выбарчай кампаніі. Гаварылася аб сацыяльнай і грамадзянскай адказнасці, што сёння актуальна для маладой дзяржавы, якая развіваецца. Мы пераканаліся ў ходзе гэтага мерапрыемства, што формы выбраны цікавыя, маю пазіцыю, упэўнены, падзеляць усе ўдзельнікі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія там знаходзіліся. Гэтыя формы даюць магчымасць зацікавіць моладзь, падштурхнуць яе да актыўнага ўдзелу ў выбарчым працэсе.
Старт маладзёжнаму праекту “Адкрытыя дэбаты “Выбірай.by!” быў дадзены 1 ліпеня бягучага года. Новы праект з’яўляецца працягам адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня”. За гэты час адкрытыя дэбаты прайшлі паэтапна: спачатку ў арганізацыях і прадпрыемствах, установах адукацыі, грамадскіх аб’яднаннях, воінскіх часцях і інш., затым у раёнах, гарадах і абласных цэнтрах. Наступным этапам пасля правядзення дэбатаў у сталіцы стане іх правядзенне на ўзроўні рэспублікі. Пераможцы кожнага этапу становяцца ўдзельнікамі дэбатаў наступнага ўзроўню, тым самым матывуецца здаровае саперніцтва. Асноўная тэматыка дыскусійных пытанняў на адкрытых дэбатах заключаецца ў самой назве праекта — “Выбірай.by!”. Выбар моладзі — гэта стабільнасць і росквіт Беларусі, асабісты ўдзел кожнага ў развіцці рэспублікі, жаданне і ўменне працаваць на карысць грамадства, захаванне традыцый і прымнажэнне культурнай спадчыны.
Марына ДЗМІТРЫЕВА.
Фота БелТА.