Для будучага Беларусі

- 10:27Актуально, Апошнія запісы

Падчас навагодніх і калядных свят цудаў, падарункаў і здзяйснення самых запаветных жаданняў чакае кожны з нас, але ў першую чаргу — дзеці. Таму невыпадкова на мяжы адыходзячага і новага года ў Беларусі традыцыйна праводзіцца рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У рамках акцыі сёлета міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў наведаў спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат № 13 Мінска для дзяцей з парушэннямі слыху.

Асноўныя мэты работы спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска, адлік гісторыі якой пачаўся ў 1963 годзе, — павышэнне ўзроўню адукацыі вучняў, мэтавая прафарыентацыя і сацыялізацыя выпускнікоў з улікам іх індывідуальных асаблівасцей. Сёння ў школе-інтэрнаце вучыцца 119 хлопчыкаў і дзяўчынак з парушэннямі слыху і недаразвіццём маўлення. Усе яны маюць інваліднасць.
Нават невялікай экскурсіі дастаткова, каб зразумець: для навучання і развіцця дзяцей тут створаны ўсе ўмовы. Школа-інтэрнат мае сучасныя вучэбныя кабінеты, кабінеты дыягностыкі, слыхавой работы, сацыяльна-бытавой арыенціроўкі, жэставай мовы, сацыялізацыі, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы, кабінеты для заняткаў па развіцці вуснага маўлення і слыхавога ўспрымання, пакой дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый. Ёсць спартыўная зала, зала рытмікі і танцаў, актавая зала, медыцынскі блок.— Асаблівасць нашых дзяцей у тым, што яны ўспрымаюць інфармацыю слыха-зрокава і зрокава, адпаведна, падчас навучання актыўна выкарыстоўваюцца наглядныя матэрыялы і відэатэхніка, — зазначае дырэктар школы-інтэрната Галіна Паўлаўна Гурбо. — Пры гэтым мы актыўна развіваем тры кірункі: эксперыментальную работу, часовую працоўную занятасць і спорт. З 2006 года ўстанова з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі. У прыватнасці, да 2011 года ў нас праводзілася апрабацыя матэрыялаў па навучанні жэставай мове і беларускай мове. А цяпер ідзе работа над апрабацыяй матэрыялаў па навучанні англійскай мове вучняў з парушэннямі слыху і цяжкімі парушэннямі маўлення.
Не меншая ўвага ўдзяляецца часовай працоўнай занятасці. Прадукцыя, якая вырабляецца вучнямі, традыцыйна прадстаўлена на выставах самага рознага ўзроўню, і варта заўважыць: адначасова з развіццём дробнай маторыкі і творчых здольнасцей у рамках праграмы часовай занятасці школьнікі фактычна пачынаюць самастойную працоўную дзейнасць. А гэта значыць, яны набываюць не толькі першы вопыт, але і стаж, што дазваляе ім у будучыні разлічваць на павелічэнне пенсіі. Нарэшце, асобная гаворка пра заняткі спортам, у прыватнасці, лёгкай атлетыкай, плаваннем, грэка-рымскай барацьбой. Сёння ў школе-інтэрнаце вучацца два майстры спорту і адзін кандыдат у майстры спорту, вучні рэгулярна выступаюць на чэмпіянатах свету і Еўропы. А ў 2013 годзе на ХХІІ летніх Дэфлімпійскіх гульнях у балгарскай Сафіі зборная каманда Беларусі, у склад якой уваходзілі адразу 14 навучэнцаў і выпускнікоў установы, заняла ганаровае чацвёртае месца.
— Работа спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 13 Мінска з’яўляецца прыкладам для пераймання, а наведванне гэтай установы дазваляе яшчэ раз пераканацца: Беларусь з’яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, і ў нас робіцца многае для таго, каб дзеці годна жылі, развіваліся, станавіліся добрымі спецыялістамі і, галоўнае, каб у іх было моцнае здароўе, добры настрой і аптымізм, — падкрэсліў міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — У школе-інтэрнаце выкарыстоўваюцца ўнікальныя тэхналогіі і абсталяванне, якія дапамагаюць дзецям, што маюць праблемы са слыхам, праявіць сябе ў творчасці і спорце, адаптавацца да жыцця, стаць паўнавартаснымі членамі грамадства. Прычым штодзённая карпатлівая праца настаўнікаў, медыкаў, псіхолагаў дае вынік: шмат выпускнікоў школы-інтэрната паступае ў Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя М.Э.Баўмана, іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі, каледжы, ліцэі.
Навагодніх і калядных свят без прыемных сюрпрызаў не бывае. Так было і на гэты раз. Вучні школы-інтэрната, Дзед Мароз і Снягурка падарылі гасцям захапляльнае і пазнавальнае падарожжа па краінах Еўропы, Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Беларусі. У сваю чаргу падарунак ад міністэрства — развіццёвыя гульні для школьнікаў — аказаўся не толькі цікавым, але і карысным.
— Падарункі і віншаванні — гэта заўсёды прыемна, аднак галоўнае для дзяцей — увага, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. — Ужо шмат гадоў у святочныя калядныя і навагоднія дні ў Беларусі праходзіць рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, удзел у якой прымаюць прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў, бізнесу, простыя грамадзяне краіны, што з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем духоўнасці беларускага народа. Такія акцыі заўсёды сведчаць пра тое, што ёсць шмат людзей, якім неабыякава будучыня нашай краіны і нашых дзяцей.

Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.