Для бяспечнага дзяцінства

- 9:48Адукацыйная прастора

У летні перыяд сярэдняя школа № 39 Гродна застаецца галоўным арганізатарам занятасці, адпачынку і аздараўлення дзяцей самага маладога і буйнога мікрараёна, дзе пражывае каля 27 тысяч чалавек.

Штогод на базе школы арганізоўваюцца аздараўленчыя змены з дзённым знаходжаннем “Вясёлка”. Абавязковым з’яўляецца аздараўленне ў лагеры дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Падчас арганізацыі аздараўлення дзяцей у другую змену ў лагеры быў рэалізаваны праект “Бяспечнае Лукамор’е”. Асновай праекта з’яўляецца імітацыйна-вучэбная гульня. Дзеці пагружаюцца ў гульнявую легенду пра тое, што яны жыхары казачнага Лукамор’я, дзе павінны прайсці шэраг выпрабаванняў, каб дрэва ведаў цудоўнай краіны — дуб — да канца змены лагера заставалася зялёным. Удзельнікі атрымліваюць па 2 зялёныя лісцікі за выкананне ўсіх патрабаванняў і перамогу, 1 лісцік — калі заданне не выканана на неабходным узроўні. Заробленыя лісцікі выхаванцы кожны дзень пасля выніковай лінейкі прылепліваюць на каркас сімвалічнага ствала дрэва.

У аснову дзейнасці аздараўленчага лагера было пакладзена развіццё пачуццяў, мыслення і волі дзіцяці. Штодзённая занятасць была напоўнена наступнымі відамі дзейнасці: разумовай (праблемныя майстэрні), практычнай (экалагічная работа, спорт, турызм, творчыя майстэрні), адпачынкавай (гульні, захапленні, падарожжы). У атрадах былі створаны куткi навукі па напрамках: экалагічны, краязнаўчы, геаграфічны, астранамічны.

Штодня выхавальнікі і выхаванцы на інфармацыйных хвілінках расказвалі аб правілах бяспечных паводзін, аб гістарычных месцах нашага горада, гісторыі ўзнікнення назвы пэўных вуліц. У гульнявым пакоі створаны вучэбна-даследчы цэнтр, гульнявы цэнтр, цэнтры канструявання і творчасці, цэнтр чамучак, дзе праводзіліся мікрадаследаванні. Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту праводзілася дэманстрацыя займальных доследаў.

Эла БЯРНЕЙ,
Наталля ШОКА,
настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы № 39 Гродна.