Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы кадэтаў, сувораўцаў і навучэнцаў спецыялізаваных ліцэяў. Аб гэтым інфармуе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Праграма прызначана для дзевяцікласнікаў і разлічана на 34 гадзіны. Яе мэта – стварэнне ўмоў для ваенна-прафесійнага самавызначэння навучэнцаў, фарміравання ў іх гатоўнасці да службы ва Узброеных Сілах нашай краіны і ў дзяржаўных органах сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Курс уключае страявую, агнявую, тактычную падрыхтоўку, засваенне агульных паняццяў ваеннай тапаграфіі, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, ваенна-медыцынскую падрыхтоўку.
Педагагічны работнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне тэм у межах агульнай колькасці, устаноўленай на засваенне зместу прадмета ў адпаведным класе. Таксама ёсць магчымасць змяніць паслядоўнасць праходжання раздзелаў і тэм пры ўмове захавання цэласнасці сістэмы падрыхтоўкі вучняў, не парушаючы пры гэтым логікі вывучэння курса ў цэлым.
На занятках рэкамендуецца прымяняць разнастайныя формы і метады работы, якія выклікаюць у моладзі цікавасць да матэрыялу курса, прывіваюць любоў да ваеннай справы, забяспечваюць свядомае, трывалае засваенне праграмы, спрыяючы выпрацоўцы навыкаў самастойнай работы і ўменню прымяняць на практыцы атрыманыя веды.
У выніку дзевяцікласнікі будуць ведаць асноўныя падзеі ваеннай гісторыі Айчыны; подзвігі суайчыннікаў, якія праявілі мужнасць і гераізм пры абароне Радзімы; гісторыю стварэння беларускай арміі; прызначэнне, склад і структуру Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь; асноўныя віды ўзбраення і баявой тэхнікі; правілы воінскай ветлівасці і інш. Яны навучацца карыстацца компасам, складаць схему маршруту руху па азімуце, чытаць тапаграфічныя карту і знакі, арыентавацца на мясцовасці без карт.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА